Быць наперадзе

- 16:40Нам пішуць

9 хлапчукоў і дзяўчынак з Паляцкішскай сярэдняй школы далі ўрачыстае абяцанне і ўступілі ў Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю. “Любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным і справядлівым” — горда гучала з іх вуснаў. На працягу навучальнага года вучні знаёміліся са старонкамі гісторыі піянерскай арганізацыі, Статутам БРПА, законамі піянераў Беларусі. Вывучалі подзвігі піянераў — юных герояў вайны, прачыталі кнігу Аркадзя Гайдара “Цімур і яго каманда” і пазналі, хто такія цімураўцы. І ўжо сёння імкнуцца ва ўсіх справах быць першымі: у вучобе, працы, добрых справах.

На свяце прысутнічалі госці: начальнік пагранічнага паста “Драбішуны” старшы лейтэнант А.Д.Гарошка і капітан А.М.Долбік. Ва ўрачыстай абстаноўцы госці завязалі вучням гальштукі.

Са словам да ўсіх навучэнцаў Паляцкішскай школы звярнуўся Арсеній Міхайлавіч Долбік. Ён павіншаваў іх са святам, з Днём Перамогі. Пажадаў мірнага неба над галавой, нагадаў пра піянераў-герояў, якія змагаліся ў гады вайны, папрасіў школьнікаў быць уважлівымі да чужых людзей, таму што за кіламетр праходзіць дзяржаўная мяжа Рэспублікі Беларусь, запрасіў юнакоў у клуб “Юны пагранічнік”.

З віншаваннямі выступіла дырэктар школы В.І.Кіроль. Завяршылася свята ўскладаннем кветак на брацкую магілу.

Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.