Чаго баіцца агонь?

- 16:17Нам пішуць

На працягу навучальнага года калектыў педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 186 Мінска працаваў над праектам па прафілактыцы і папярэджанні няшчасных выпадкаў пры пажарах у быце “Супраць вогненнай бяды. Спосабы абароны ад пажару”.

Анкетаванне навучэнцаў і бацькоў паказала, што не ўсе валодаюць навыкамі правільных дзеянняў у выпадку пажару, школьнікі не маюць дакладнага ўяўлення аб паражаючых фактарах пажару, у іх адсутнічае ахоўная псіхалагічная рэакцыя на небяспечную сітуацыю. У калектыве быў распрацаваны план дзеянняў.

Падчас правядзення класных гадзін і гадзін інфармавання з навучэнцамі праводзіліся гутаркі, хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі і абмяркоўвалі казкі, вершы, прымаўкі, прыказкі на пажарную тэматыку. Арына Гатоўчыц, навучэнка 4 “Б” класа раздавала школьнікам брашуры “Пажарная бяспека дома”, а ў класах дзеці абнаўлялі інфармацыйна-пазнавальныя куткі. Агітбрыгада 3 “Б” класа выступала ў школе, растлумачваючы правілы бяспечных паводзін, хлопчыкі і дзяўчынкі вучылі аднагодкаў папярэджваць і рашуча дзейнічаць у розных экстрэмальных сітуацыях.

Для малодшых школьнікаў Настасся Макарэвіч, навучэнка 3 “Б” класа, дэманстравала досведы з агнём, запальвала свечкі і падносіла да кнота палоску паперы, вату, тканіну, драўніну. Дзеці назіралі, як хутка загараюцца гэтыя рэчывы, а, між тым, прадметы з гэтых матэрыялаў напаўняюць наш дом, і ў выпадку пажару могуць уяўляць небяспеку.

А чаго “баіцца” агонь? У наступным досведзе Насця шчыльна закрывала падпаленую свечку шкляной колбай, паказвала, што без паветра агонь існаваць не можа. Гэтак жа падпаленую свечку залівала вадой, і засыпала пяском, паказваючы, ад чаго агонь хутка патухае. Так навучэнцы асвойвалі асноўныя правілы пажарнай бяспекі і вучыліся правільна выкарыстоўваць сродкі тушэння пажару.

Творчая група навучэнцаў школы наведвала заняткі “Канікулы без дыму і агню!”, “Бяспека ў кожны дом” на тэрыторыі падраздзялення Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, дзе школьнікі на практыцы навучыліся ліквідаваць ачагі ўзгарання, правільнавыкарыстоўваць першасныя сродкі пажаратушэння і аказваць першую медыцынскую дапамогу пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. У цэнтры аператыўнага кіравання навучэнцы пазнаёміліся са спецтэхнікай і абсталяваннем МНС, паглядзелі на элементы баявой работы ратавальнікаў і сумесна з імі распрацавалі рэкамендацыі па бяспечных паводзінах падчас пажару “Правілы па ратаванні”, прынялі ўдзел у конкурсе дзіцячых малюнкаў і вырабаў.

Прагледзеўшы і абмеркаваўшы відэафільмы на пажарную тэматыку, дзеці зразумелі галоўнае правіла: калі ў першыя хвіліны не спраўляешся з ўзагараннем, то няма часу на роздум! Варта тэрмінова пакінуць памяшканне, зачыніць дзверы і патэлефанаваць па нумары 101.

На сумеснай фінальнай акцыі даследчага праекта “Супраць вогненнай бяды” для навучэнцаў пачатковай школы быў паказаны спектакль “Пажар у лясной хатцы”, а ў спартыўна-гульнявой праграме прадэманстраваны дзеянні ў час пажару. Уся школа прымала ўдзел у акцыі, накіраванай на фарміраванне культуры бяспекі.

Вынікам работы стала старонка на сайце школы “Агонь — сябар, агонь — вораг”, на якой змяшчаецца матэрыял аб рабоце за год, рэкамендацыі, правілы пажарнай бяспекі ў быце. Быў падрыхтаваны зборнік вершаў, прыказак і прымавак пра пажар і агонь. На базе школы арганізаваны сустрэчы з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі па прафілактыцы пажараў.

Наталля ДЗЯНЮШКІНА,
Галіна ГЕРАСІМОВІЧ,
настаўніцы сярэдняй школы № 186 Мінска.