Чайныя вячоркі для мамы

- 15:43Нам пішуць

Да Дня маці навучэнцы Мальскага дзіцячага сада — пачатковай школы рыхтаваліся адказна. Кожны чакаў сваю маці ў госці ва ўтульна аформлены класны пакой. Дзеці сустрэлі матуль і бабуль з кветкамі і запрасілі на пазнавальную праграму “Чайныя вячоркі”.

Звесткі пра сакрэты цудадзейнага напою, аб ідэальнай гарбаце, легенды не толькі развівалі пазнавальную цікавасць, але і фарміравалі ўяўленні вучняў аб здаровым ладзе жыцця, культуры харчавання. Традыцыі чаяпіцця ў розных краінах, вынаходніцтва самавара, самая вялікая і самая маленькая “чайная машына” здзівілі і захапілі пачаткоўцаў, далучылі да даследчай дзейнасці. Развіццю творчых здольнасцей малодшых школьнікаў спрыялі “чайныя” прыпеўкі, інсцэніроўка п’есы “Першае чаяванне на Русі”. А пра традыцыйнае чаяпіцце беларускага народа прысутным расказала адна з бабуль. Вучні з цікавасцю слухалі аповед пра даўнія вячоркі з яе дзяцінства.

Далучэнне бацькоў да інтарэсаў дзяцей праявілася таксама ў сумеснай сцэнцы “Баба Яга і Іван Царэвіч”. Атмасфера цесных зносін і ўзаемаразумення падтрымлівалася гульнямі і конкурсамі пра карысць гарбаты пасля лазні, пра яе выдатныя касметычныя якасці. Пазнавальная праграма ва ўтульным, маляўніча аформленым класе скончылася чаяпіццем каля рарытэтнага самавара і верай у тое, што праведзены разам час дазволіў павысіць аўтарытэт бацькоў у вачах дзяцей, адчуць бацькоўскую значнасць у школе.

Падчас Тыдня маці нашы школьнікі рыхтавалі паштоўкі і самаробныя падарункі, правялі фотавыставу “Я і мая мама”, адбылася літаратурная гасцёўня “Матуліна сэрца” і класныя гадзіны “Самы галоўны чалавек у маім жыцці”, у дзіцячым садзе — ранішнікі “Мілая мамачка мая”.

Святлана ВАРАНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Мальскага дзіцячага сада — пачатковай школы Астравецкага раёна.