“Чаму нельга і што будзе, калі не слухацца?”

- 11:47Дашкольная адукацыя

Усё паспрабаваць, усё пабачыць, да ўсяго дакрануцца… Прагай як мага хутчэй пазнаёміцца з навакольным светам гараць цікаўныя вочы дзяцей. Але гэтае знаёмства, на жаль, не заўсёды бяспечнае. Дзеці дашкольнага ўзросту часта трапляюць у сітуацыі, якія пагражаюць іх здароўю і жыццю. Педагогі ясляў-сада № 87 Магілёва ўпэўніліся, што найбольш эфектыўнымі метадамі для развіцця ўяўлення дзяцей пра небяспечныя паводзіны, пра небяспеку наогул з’яўляюцца эксперыментальная дзейнасць, аналіз канкрэтных сітуацый, гульнявое мадэляванне (трэнінгі).

Натуральная дзіцячая цікаўнасць, імкненне быць самастойным, адсутнасць жыццёвага вопыту і асцярожнасці, недагляд бацькоў — і малыш у адным кроку ад трагедыі. Дарослыя не могуць змясціць дзіця ў капсулу, ізаляваць ад навакольнага асяроддзя. Кожны дзень яно непазбежна рызыкуе. Дарога, электрычныя прылады, агонь, жывёлы і расліны, ды і звычайныя побытавыя рэчы могуць стаць небяспечнымі, таму дзяцей варта вучыць бачыць рызыку, пазбягаць яе і ратавацца пры небяспечных сітуацыях.

Актыўным і цікаўным дашкольнікам не трэба гаварыць “нельга”, заклікаць механічна завучваць забароны і правілы. Яны павінны зразумець, чаму нельга і што будзе, калі не слухацца. Можна прапанаваць ім вельмі простыя эксперыменты і даследаванні. Напрыклад, расказаць пра арганізм чалавека і наглядна прадэманстраваць, да чаго прыводзяць няўважлівыя паводзіны. У прыватнасці, узяць гліняныя палачкі, злучыць іх з дапамогай пластыліну і загарнуць у сурвэтку. Яны будуць імітаваць руку чалавека. Выхаванцам прапаноўваецца скінуць мадэль з вышыні, моцна стукнуць, прыціснуць дзвярыма. Дзеці самастойна зробяць вывад, што пры пэўных умовах косці чалавека лёгка ламаюцца. Выхавальнік можа стукнуць аб арэлі ці прыступкі лесвіцы звычайны гарбуз. Дзеці ўбачаць, што ў ім з’явілася расколіна, і зробяць выснову, што падаць небяспечна, трэба асцярожна хадзіць па лесвіцы і гуляць на дзіцячай пляцоўцы.

Добры эфект дае эксперыментаванне пры вывучэнні дарожнай бяспекі. Дайце дзіцяці спачатку паглядзець праз мокрае і запацелае шкло, а потым — праз чыстае. Стане зразумела, што вадзіцель не заўсёды можа бачыць перад сабой дарогу. Эксперымент з нечаканым выкідваннем надзіманага мяча перад дзецьмі, што ідуць, дапаможа зразумець, што машына не зможа спыніцца імгненна, калі нечакана выскачыць перад ёй на дарогу.

Вельмі ўражваюць дзяцей эксперыменты, паказаныя ў вучэбных стужках канала “Дыскаверы” (асабліва пра наступствы аварый для пасажыраў, якія не зафіксаваны рэменем бяспекі).

Цікавы і дзейсны метад канкрэтных сітуацый. Ён дазваляе не толькі пазнаёміць выхаванцаў з патэнцыяльнай небяспекай і рызыкай, але і прывучае аналізаваць прычыны здарэнняў, прагназаваць развіццё падзей. Раім пачынаць з аналізу завершаных сітуацый (фрагмент кінастужкі, сюжэт з інтэрнэту). Калі назапашаны добры багаж уяўленняў пра небяспеку і правілы бяспечных паводзін, можна прапанаваць візуальна статычныя сітуацыі (фота), каб паразважаць аб магчымых варыянтах развіцця падзей.

Час ад часу мы разглядаем і рэальныя сітуацыі на дарогах. Падчас экскурсіі да пешаходнага пераходу дзеці бачаць сапраўдныя парушэнні, як вадзіцелі і пешаходы не звяртаюць увагі на святлафор і г.д. Сітуацыі, якія выхаванцы ўбачылі, яны пасля прайграюць. Калі гэтыя сітуацыі былі дакладна прааналізаваны з педагогамі, у дзяцей замацуюцца атрыманыя ўяўленні.

Вельмі важная частка работы — фарміраванне сталых звычак самазахавання ў небяспечных сітуацыях. Падчас трэнінгаў у малышоў ёсць магчымасць змадэляваць адэкватныя варыянты паводзін у надзвычайнай сітуацыі, замацаваць іх паслядоўнасць, зразумець сваю здольнасць выратавацца. Найбольш простыя трэнінгі — гэта выклік экстранных службаў па тэлефонах бяспекі, рух па лесвіцы, па лёдзе, ратаванне з задымленага памяшкання. Вопыт паказаў, што найбольш складанымі для дзяцей з’яўляюцца трэнінгі па зносінах з незнаёмымі людзьмі. Менавіта гэтыя гульні патрабавалі шматлікіх паўтарэнняў. Не такім лёгкім было і засваенне алгарытму правільнага пераходу вуліцы: дзеянні-правакацыі з боку педагога лёгка адцягваюць увагу дзяцей, а іх трэба навучыць пераключацца толькі на дарогу, калі яны на пешаходным пераходзе.

Зразумела, што сістэма работы па фарміраваннi ў дзяцей асноў бяспекі жыццядзейнасці не абмяжоўваецца вышэйназванымі метадамі і формамі. Педагогі шырока выкарыстоўваюць дыдактычныя і творчыя гульні, мастацкае слова. Фізкультурна-аздараўленчая работа спрыяе развіццю ў дзяцей хуткасці рэакцыі, каардынацыі рухаў і рухальных навыкаў. Дзіцячы сад падтрымлівае цесную сувязь з супрацоўнікамі ДАІ і МНС, вялікую цікавасць у малышоў выклікаюць заняткі з сапраўднымі ратавальнікамі. Выхаванцы нават змаглі апрануцца ў спецыяльную вопратку ратавальнікаў. Наша ўстанова стала дыпламантам гарадскога конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”, пераможцай конкурсу МНС і абласнога ўпраўлення адукацыі “Ратавальнікі вачыма дзяцей”.

Не застаюцца ўбаку і бацькі выхаванцаў. Добрыя вынікі дала работа бацькоўскага клуба “Востраў бяспекі”. Таты і мамы прымаюць удзел у адкрытых занятках і трэнінгах, замацоўваюць правілы бяспекі дома. Адзначым, што матэрыялы, прапанаваныя бацькам, былі ў значнай ступені адаптаваны: замест тэарэтычных звестак, якія бываюць насычаны спецыяльнай тэрміналогіяй, выкарыстоўваюцца практычныя парады, выкладзеныя зразумела і проста.

Ведаць пра небяспеку — прагназаваць небяспеку — па магчымасці ўхіліцца ад небяспекі — пры неабходнасці дзейнічаць: ратаваць ці ратавацца. Так можна сфармуляваць асноўныя аспекты работы педагогаў ясляў-сада № 87 Магілёва па навучанні дзяцей бяспечным паводзінам і самазахаванні. Выкарыстанне актыўных метадаў навучання дазваляе выхаванцам хутка і добра засвоіць неабходныя ўяўленні пра небяспеку. Не трэба шкадаваць часу і сіл на тое, каб навучыць малых берагчы сябе, бо вынік гэтых намаганняў — жыццё і здароўе нашых дзяцей.

Алена ЗУБКОВА,
выхавальнік ясляў-сада № 87 Магілёва.