Чаму ў школе неабходна працоўнае навучанне? Меркаванні настаўнікаў СШ № 19 Баранавіч

- 9:00Главная, Образование

Выхаванцы Міхаіла Домаша і Аляксандра Скрыбука з сярэдняй школы № 19 Баранавіч добра ведаюць, што працаваць рукамі — гэта цікава, модна і перспектыўна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Шлях у педагогіку ў кожнага з настаўнікаў быў свой, але аднолькавы ў адносінах да любімай справы. Так, ураджэнец Ляхавіцкага раёна Міхаіл Домаш са школьных гадоў захапляўся тэхнікай. Ужо старшакласнікам меў уласны матацыкл, які сам неаднаразова разбіраў і збіраў. Да сённяшняга часу ён ­стаіць у гаражы ў працоўным стане.

Атрымаўшы школьны атэстат, дапытлівы юнак паступіў у тагачаснае Баранавіцкае тэхнічнае вучылішча металістаў, пасля заканчэння якога паўтара года такарнічаў на прадпрыемствах Баранавіч. Але на адной спецыяльнасці Міхаіл Домаш вырашыў не спыняцца і адправіўся па веды ў тагачасны Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай, адкуль выйшаў дыпламаваным выкладчыкам-майстрам вытворчага навучання і тэхнічных дысцыплін. Вярнуўшыся ў альма-матар, малады педагог на працягу 10 гадоў рыхтаваў токараў-універсалаў.

— Дзе б я затым ні працаваў, больш за ўсё ў педагагічнай прафесіі падабалася перадаваць свае веды і ўменні іншым, — прызнаецца Міхаіл Іосіфавіч. — Лепшыя выпускнікі вучылішча штогод паступалі ва ўстановы вышэйшай адукацыі тэхнічнага профілю.

Але майстар вытворчага навучання не абмяжоўваўся толькі пад­рыхтоўкай добрых спецыялістаў. Міхаіл Домаш натхнёна займаўся рацыяналізатарскай дзейнасцю, у выніку якой у вучылішчы з’явіўся партатыўны свідравальны станок, вельмі зручны для свідравання мантажных плат і дробных дакладных вырабаў, а таксама свер­дзел-зенкер для атрымання чарнавых і чыставых адтулін з адной устаноўкі інструмента.

Неўзабаве майстравітага педагога запрасілі ў новую школу-ліцэй, дзе ён наступныя 10 гадоў выкладаў працоўнае навучанне і чарчэнне. Сярод выхаванцаў установы адукацыі было шмат высокаматываваных дзяцей, якія заахвочвалі настаўніка да далейшага прафесійнага росту.

— З адоранымі вучнямі працавалася надзвычай цікава, — успамінае Міхаіл Іосіфавіч. — Да таго ж школьна-ліцэйскай майстэрні вельмі пашанцавала: адно з мясцовых прадпрыемстваў падарыла ёй сапраўдны прамысловы станок. Не забываліся падтрымліваць прафарыентацыйныя сувязі і з вучылішчам. Усё гэта давала доб­рыя вынікі ў падрыхтоўцы выпускнікоў.

Дзякуючы выпадковаму знаёмству з вопытным майстрам Георгіем Царом, якому настаўнік дапамог вырабіць спецінструмент для работы, прыйшло сур’ёзнае захап­ленне разьбярствам па дрэве. Новыя ўменні і навыкі педагог ахвотна перадаваў і дзецям. Яго ўласны прыклад натхняў і падштурхоўваў да творчага пошуку. Пад кіраўніц­твам Міхаіла Домаша вучні з цікавасцю тачылі вазы з драўніны і афармлялі іх разьбой, а таксама нарыхтоўвалі сыравіну для будучай работы.

З 2000 года прафесійная дзейнасць настаўніка звязана з сярэдняй школай № 19, дзе ён асноўную ўвагу скіраваў на алімпіядны рух і розныя праекты ў яго рамках. За час работы ў гэтай установе адукацыі Міхаіл Іосіфавіч падрыхтаваў 6 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні і каля 20 — абласнога этапу.

— На жаль, колькасць вучняў, якія захапляюцца прадметам, няўхільна зніжаецца, што звязана найперш з татальнай камп’ютарызацыяй, — заўважае педагог. — Тым не менш цікаўныя і здольныя дзеці па-ранейшаму ёсць. Галоўнае — своечасова выявіць іх, наладзіць эфектыўную і сістэмную работу з імі.

Да патэнцыяльных алімпіяднікаў Міхаіл Домаш прыглядаецца ўжо з 5 класа. Уважліва назірае за тым, як вучні выконваюць чарцяжы, карыстаюцца вымяральнымі і рабочымі інструментамі, а затым актыўна прыцягвае дзяцей да пазакласнай дзейнасці і наладжвае кантакт з бацькамі, што таксама вельмі важна. У рознаўзроставай групе, якая складаецца з 15 школьнікаў, старэйшыя вучаць малодшых.

Пабудаваць сістэмную работу з імі дапамагае абласны рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы алімпіяднікаў па працоўным навучанні, створаны на базе школы. Існуючая матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе паспяхова займацца са здольнымі дзецьмі.

Дзеля агульных інтарэсаў кіраўнік цэнтра Міхаіл Домаш цесна ўзаемадзейнічае з калегамі, з якімі абменьваецца назапашаным вопытам і ажыццёўленымі праектамі. Сярод іх — Андрэй Тарэлкін з сярэдняй школы № 16 Пінска і Сяргей Карпец з сярэдняй школы № 2 Лунінца. Але калі таго ж Андрэя Тарэлкіна цікавяць найперш праекты, звязаныя з гісторыка-­патрыятычнай тэматыкай, то Міхаіл Домаш аддае перавагу канструяванню стылізаванай ваеннай тэхнікі (самалётаў, верталётаў, артылерыйскіх прылад) з драўніны для адточвання пэўных навыкаў.

— На якаснае і паўнацэннае засваенне праграмнага матэрыя­лу, эфектыўную прафарыентацыю школьнікаў негатыўна ўплывае зніжэнне колькасці вучэбных га­дзін па прадмеце ў 8—9 класах, — засмучаецца настаўнік. — Прывіць практычныя навыкі за адну гадзіну ў тыдзень даволі праб­лематычна, з-за чаго працоўнае навучанне фактычна ператвараецца ў тэарэтычны прадмет. Не лепшым чынам уплывае на пад­рыхтоўку дзяцей і позняе вывучэнне чарчэння, якое з 10 класа варта перанесці ў 9-ы. Выклікае апраўданыя нараканні і невысокая якасць новага тэхналагічнага абсталявання замежнай вытворчасці. Акрамя таго, вучэбныя праграмы інжынерных класаў, якія актыўна ствараюцца ва ўстановах адукацыі краіны, у тым ліку ў нашай школе, не ўлічваюць пад­рыхтоўку будучых спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі. Так, для прамысловых прадпрыемстваў найбольш актуальныя інжынеры ў сферы машынабудавання, чым інжынеры-эколагі ці інжынеры-інфарматыкі.

Тым не менш на перспектывы свайго прадмета Міхаіл Домаш глядзіць з аптымізмам, бо лі­чыць, што кожны віток развіцця эканомікі актывізуе і пашырае працоўнае навучанне ў школе.

— Трэба працаваць творча з улікам запытаў часу, — лічыць педагог з 44-гадовым стажам. — Наш прадмет будзе запатрабаваны грамадствам і знойдзе дастойнае месца ў школьным раскладзе тады, калі нарэшце зразумеюць, што працоўнае навучанне — гэта не толькі прафарыентацыя дзяцей на рабочыя спецыяльнасці і першапачатковая пад­рыхтоўка рабочай сілы для вытворчасці, а найперш развіццё ў школь­нікаў творчых адносін да любой работы і разумнай ініцыятывы, базавы падмурак у пад­рыхтоўцы будучых інжынераў, тэхнолагаў і механікаў для рэальнага сектара эканомікі.

За шматгадовую педагагічную дзейнасць Міхаіл Домаш атрымаў шмат розных узнагарод. Сярод іх — граматы галіновага міністэрства, падзяка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, стыпендыя спецыяльнага прэзідэнцкага фонду… Але больш за ўсё настаўнік ганарыцца таленавітымі вучнямі, якіх скіроўвае да таго, што яны павінны сваёй стваральнай працай рабіць заўтра лепшым, чым учора і сёння.

Калі гаварыць пра Аляксандра Скрыбука, то яго, як і калегу, з дзяцінства прыцягвала тэхніка. У школьныя гады ён нават марыў паступіць у адно з расійскіх ваенна-авіяцыйных вучылішчаў, каб стаць тэхнікам па абслугоўванні самалётаў, але па аб’ектыўных прычынах рэаліза­ваць гэтую мару не ўдалося. У выніку юнак пайшоў па слядах баць­кі — настаўніка працоўнага навучання. У Мазырскім педагагічным інстытуце імя Н.К.Крупскай Аляксандр Феліксавіч атрымаў дыплом выкладчыка агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі.

Пра змену жыццёвай дарогі настаўнік зусім не шкадуе і лічыць яе цалкам заканамернай. З 7 класа ён разам з сябрамі прападаў пасля ўрокаў да позняга вечара ў школьнай майстэрні, дзе з радасцю працаваў з металам і драўнінай, каб затым, як аказалася, перадаваць сваё захап­ленне іншым.

Педагагічны шлях Аляксандр Скрыбук пачынаў у тагачаснай Ястрамбельскай шко­ле-ін­тэрнаце для дзяцей-сірот Баранавіцкага раёна. Асаблівых цяжкасцей у прафесійным станаўленні ён не адчуваў. У той час ва ўстанове, добра аснашчанай неабходным тэхнічным абсталяваннем, было шмат захопленых дзяцей. Аляксандр Феліксавіч вельмі ўдзячны тагачаснаму дырэктару школы-інтэрната Аляксандру Жуку, які падтрымліваў ва ўсіх пачынан­нях і дзякуючы якому ўдалося аргані­заваць выдатныя майстэрні.

Адпрацаваўшы ва ўстанове 15 цудоўных гадоў, настаўнік амаль адначасова з Міхаілам Домашам перайшоў у сярэднюю школу № 19 Баранавіч, дзе з цягам часу стварыў з калегам дружны прафесійны тандэм.

— Больш за ўсё ў рабоце падабаецца бачыць яе вынікі, а без настойлівай і карпатлівай працы іх не дасягнуць, — гаворыць Аляксандр Феліксавіч, які актыўна прыцягвае здольных вучняў да заняткаў у аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага мадэлявання і канструя­вання.

У алімпіяднай дзейнасці педагогу таксама ёсць чым і кім ганарыцца, як і яго калегу. У гэтым плане Міхаіл Домаш і Аляксандр Скрыбук з’яўляюцца своеасаблівымі канкурэнтамі, бо працуюць, як кажуць, на адным полі. Але да падобнай канкурэнцыі абодва настаўнікі ставяцца з усмешкай — агульную справу як-ніяк робяць. І за свой прадмет перажываюць аднолькава.

Акрамя слушных заўваг калегі, Аляксандру Феліксавічу хацелася б скіраваць увагу і на пэўныя пралікі ў арганізацыі алімпіяды па працоўным навучанні, якія тычацца часавых крытэрыяў заданняў і адсутнасці зваротнай сувязі з іх распрацоўшчыкамі. На думку педагога, без апошняга цяжка палепшыць якасць алімпіяднага руху ў далейшым.

У сярэдняй школе № 19 Баранавіч вельмі ганарацца сваімі настаўнікамі працоўнага навучання, якія з’яўляюцца прыкладам адданай любові да прафесіі не толькі для дзяцей, але і для калег з іншых рэгіёнаў Брэстчыны, дзе іх таксама добра і даўно ведаюць.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Барыса НАВАГРАНА