Чароўнае падарожжа

- 11:11Нам пішуць

Падарожжа ў казку здзейснілі навучэнцы пачатковых класаў Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Яны пабывалі ў маёнтку беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы.

Ужо каля самага ўвахода мы трапілі ў зусім іншы казачны свет. Сустрэлі два рыцара — Дуб-Дубовіч і Вяз-Вязовіч. А па ўсім маёнтку суправаджалі памочнікі Дзеда Мароза — казачныя героі. Яны і паказалі, што маёнтак уключае ў сябе дом Дзеда Мароза з майстэрнямі, домік Снягуркі, музей дзіцячых пісьмаў — “Скарбніца”, дзе захоўваюцца пісьмы, малюнкі і вырабы, якія дасылаюць дзеці з усёй краіны, ветраны млын, у якога мы папрасілі забраць усё дрэннае, чароўны калодзеж, скульптурныя кампазіцыі з дрэва “Беласнежка і сем гномаў”, “Дванаццаць месяцаў”. На чароўным мастку мы загадалі сто жаданняў.

А навагодняя ёлка ў маёнтку беларускага Дзеда Мароза — гэта 40-метровая жывая прыгажуня. Колькі радасці было ў нашых дзяцей, калі, узяўшыся за рукі, яны спявалі і вадзілі вакол яе карагоды. Кожны атрымаў навагодні падарунак ад самога Дзеда Мароза і Снягуркі.

Дзеці былі ў захапленні ад наведвання музея прыроды і вальераў з жывёламі. Сустрэча з сапраўдным царом пушчы — зубром нікога не пакінула абыякавым.

Ларыса ПАЧАБЫТ,
настаўніца пачатковых класаў
Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.