Час, калі здзяйсняюцца мары

- 9:30Навіны рэгіёнаў

З падарункамі прыехаў на навагодняе свята ў Панямуньскі дзіцячы дом у Гродне старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.

Дзеці, а ў Панямуньскім дзіцячым доме сёння выхоўваюцца 47 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, гасцей чакалі. Выхаванцы паказалі сапраўдны спектакль па матывах казкі “Снежная каралева”. Усе радаваліся з’яўленню Дзеда Мароза і Снягуркі, дружна прасілі ёлку: “Загарыся!” І, вядома, якое ж свята без падарункаў! Былі яны і салодкія для кожнага дзіцяці, і серты­фікат на набыццё камп’ютара, валейбольныя мячы, абанементы на наведванне басейна для ўсяго дзіцячага дома.

— Праводзячы акцыю “Нашы дзеці”, мы стараемся падарыць дзецям часцінку навагодняга чараўніцтва, — адзначыў Уладзімір Каранік. — Дзяржава штодня клапоціцца пра дзяцей, асабліва гэта тычыцца тых, хто трапіў у складанае становішча: дзяцей-сірот і тых, што засталіся без апекі бацькоў. За ўсімі дамамі-інтэрнатамі Гродзенскай вобласці замацаваны дзяржаўныя арганізацыі, якія аказваюць ім дапамогу. Мы разумеем, што не заменім дзецям бацькоў, але можам аблегчыць ім жыццё, унесці ў яго больш радасці. Асабліва гэта трэба маленькім выхаванцам дзіцячых устаноў у навагоднія святы.

Як расказала дырэктар Панямуньскага дзіцячага дома Нэлі Стралкоўская, шэфы ўстановы не толькі напярэдадні свят успамінаюць пра сваіх падапечных. На працягу ўсяго года значную дапамогу дзіцячаму дому аказваюць такія прадпрыемствы, як Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман”, “Гроднааблгаз”, “Гроднарайаграсэрвіс” і “Гроднааўтадар”.

— Штогод мы з радасцю сустракаем Новы год, кожнае дзіця напярэдадні свята хавае ў душы патаемныя мары. Мы спа­дзяёмся, што ўсе яны збудуцца, — дадала Нэлі Стралкоўская. — Дзеці адчуваюць увагу, клопат з боку дарослых. А для дзіцячага дома падарункі, атрыманыя дзякуючы акцыі “Нашы дзеці”, — вялікая дапамога.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Арцёма ТУРЛАЯ.