Сцяг лепшага атрада міжнароднай студэнцкай будоўлі “Кузбас-300” прывезлі ў Беларусь “Дойліды” з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Прадстаўнікі ПДУ на працягу многіх гадоў задаюць тон айчыннаму студатрадаўскаму руху. Сапраўды “зорных” атрадаў ва ўніверсітэце нямала: варта толькі назваць знакамітыя “Дзвіну”, “Эўрыку”, “Рытм”, “Юнацтва” і Эйфарыю”, якія зрабілі б гонар любой установе адукацыі. Аднак нават на фоне гэтага слаўнага працоўнага сузор’я асабліва ярка вылучаецца атрад “Дойліды” імя лідара камсамольскага руху і першабудаўніка горада Наваполацка Пятра Блахіна, заснаваны ў 1976 годзе. Характэрна, што менавіта адсюль у свой час выйшлі камадзіры штабоў усебеларускіх маладзёжных будоўляў Сяргей Скур’ят, Валянцін Яцкоўскі і Уладзіслаў Шынкевіч. Дасягненняў у “Дойлідаў” багата. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пагартаць падзейную хроніку жыцця студэнцкіх атрадаў рэспублікі. Нездарма дружнай і перспектыўнай камандзе даверылі права прадстаўляць Беларусь на міжнароднай студэнцкай будоўлі “Кузбас-300”. З расійскага горада Кемерава “Дойліды” вярнуліся пераможцамі, а іх цяперашні кіраўнік Уладзіслаў Конахаў прызнаны лепшым камандзірам будоўлі.
Маштабны маладзёжны працоўны праект, прысвечаны 300-годдзю Кузбаса, аб’яднаў 18 будатрадаў з Расіі, Беларусі і Казахстана. Юнакі і дзяўчаты працавалі ў Кемераўскай вобласці на ўзвядзенні буйных спартыўных і культурных аб’ектаў.
— “Кузбас-300” — наш першы міжнародны працоўны вопыт, — расказвае Уладзіслаў Конахаў. — Атрымалася сімвалічна, што мы адправіліся ў Кемерава якраз 27 чэрвеня, у Дзень моладзі. Адлегласць немалая — больш чым 4 тысячы кіраметраў ад роднага ўніверсітэта. Першыя часы цяжкавата давалася акліматызацыя, бо клімат там даволі спецыфічны: спёка рэзка змянялася холадам і наадварот; потым крыху прывыклі і стала прасцей. Умовы пражывання былі цалкам здавальняючыя: нас засялілі ў інтэрнат з усімі выгодамі, у пакоях пражывалі па 2—3 чалавекі. Харчаванне — стандартнае трохразовае, нам спадабалася. Непасрэдна мы будавалі адукацыйны комплекс культурнага кластара — гэта будзе своеасаблівая навучальная ўстанова для адораных дзяцей, дзе ёсць агульнаадукацыйная школа, школы музыкі і харэаграфіі. Тыя, хто ўпершыню прыехаў у атрад, пераважна працавалі падсобнымі рабочымі, якія замацоўваліся за пэўнай брыгадай, у большай ступені яны дапамагалі будаўнікам. Асноўным фронтам у нас былі ўкладка тратуарнай пліткі, маналітныя і аддзелачныя работы, тынкоўка, шпаклёўка.
Па словах камандзіра атрада, працоўная змена “Дойлідаў” стартавала з брыфінгу, дзе кіраўнік абазначаў канкрэтныя заданні, па якіх яны ў канцы дня трымалі справаздачу. Калі ўзнікалі пытанні ці нешта не атрымлівалася, на дапамогу прыходзілі вопытныя будаўнікі: паказвалі і тлумачылі, як выконваць той ці іншы від работ. Звычайны працоўны дзень быў стандартны васьмігадзінны, пачынаўся ён у 8 гадзін раніцы. У выпадку неабходнасці будатрадаўцы маглі застацца на аб’екце і пазней за 5 гадзін вечара. Як вядома, хто добра працуе, той добра адпачывае: пасля работы моладзь чакалі розныя цікавыя мерапрыемствы. Па традыцыі, дружна праходзілі штотыднёвыя лінейкі і спеўкі усіх атрадаў — удзельнікаў міжнароднай будоўлі. Іншымі словамі, сумаваць не было калі.
— Канкурэнцыя гэтым разам склалася вельмі сур’ёзная па ўсіх напрамках, — працягвае мой суразмоўца. — Перамога далася няпроста. Спаборніцтва ішло як паміж атрадамі, так і ў асабістым заліку. Праграма мерапрыемстваў была добра збалансавана. Арганізатары прапанавалі нам паўдзельнічаць у конкурсе візітовак-прэзентацый і вялікім творчым фестывалі, інтэлектуальных гульнях і забаўляльных квестах, кубку КВЗ, конкурсе карцін па ахове працы і тэхніцы бяспекі, фотаконкурсе на тэму “Дружба народаў”. У Беларусі наш атрад, удзельнічаючы ў конкурсе відэаролікаў, некалькі гадоў запар займаў прызавыя месцы. Традыцыю ўдалося падтрымаць: наш карокаметражны фільм “Час першых” заняў першае месца. Зразумела, мы мелі некаторыя дамашнія загатоўкі, напрыклад, у плане харэаграфіі, аднак па вялікім рахунку даводзілася імправізаваць, ствараць нешта новае на месцы, таму што мы не былі знаёмыя з рэгламентам загадзя. Няпроста было прабіцца ў лідары ў камандных спартыўных спаборніцтвах па футболе, валейболе, стрытболе, кіберспорце, асабістых першынствах па армрэстлінгу, стральбе з лука, арыентаванні, настольным тэнісе.
Сярод сапернікаў Уладзіслаў Конахаў асобна вылучае “Планету” з Алтайскага краю. На яго думку, гэта былі самыя лепшыя сябры і галоўныя сапернікі. Абодва атрады моцна пасябравалі, у іх з’явіліся цікавыя агульныя задумы як на зіму, так і на наступнае лета. Калі “Дойліды” ад’язджалі ў Беларусь, практычна 95 працэнтаў іх аб’екта былі гатовыя.
— Несумненна, навыкі і знаёмствы, набытыя тут, спатрэбяцца нам і па-за будоўляй, — адзначае Уладзіслаў. — У будаўніцтва адукацыйнага кластара ўкладзены велізарныя рэсурсы і праца. Прыемна, што тут ёсць і важкая частка нашай працы. Канечне, хацелася б убачыць, як гэта будзе дзейнічаць. Мы па магчымасці наведваем нашы папярэднія аб’екты. Зразумела, на БелАЭС з вуліцы не зайсці, але здалёк можна палюбавацца. А яшчэ на адным аб’екце ў Астраўцы, у маладзёжным цэнтры, нядаўна пабылі нашы “старыя” — тыя, хто сёлета не змог паехаць у атрад, бо ўжо скончыў універсітэт. Кажуць: “Усё прыгожа, крута функцыянуе, усім падабаецца. Мы падтрымліваем сувязь са многімі нашымі экс-байцамі, камандзірамі і камісарамі. Сярод нашых галоўных і любімых традыцый — атрадныя песні. У напісанні новых, цяперашняга сезону, найбольшы ўклад унеслі Валянцін Яцкоўскі і наш майстар Уладзіслаў Дзярыба.
Для майго суразмоўцы гэта была трэцяя цаліна. Усе тры свае працоўныя семестры ён правёў у складзе “Дойлідаў”, прычым штогод — у новым статусе: баец у 2019-м, камісар у 2020-м, камандзір у 2021-м. Дэвіз лепшага камандзіра “Кузбаса-300” па жыцці лаканічны і красамоўны: “Працуем далей!”
— На першым курсе мяне моцна зачапіла, калі ўбачыў хлопцаў у байцоўках, — расказвае Уладзіслаў. — Стала цікава, што гэта ўвогуле і пра што. У нашым універсітэце многа студэнцкіх атрадаў, нават будаўнічага профілю, але толькі адзін з іх прыцягнуў маю ўвагу. У “Дойлідах” было шмат хлопцаў з нашага факультэта, знайшліся агульныя знаёмыя — іх водзывы таксама адыгралі значную ролю ў маім выбары. Сустрэўся з камандзірам Уладзіславам Шынкевічам, ён пасля гутаркі запрасіў мяне ў атрад. Я пагадзіўся і ніколі аб гэтым не пашкадаваў. Тым студэнтам, хто пакуль сумняваецца, пайсці ў будатрад ці не, скажу адно: не паспрабаваўшы, не спазнаеш. Калі ў мяне была б магчымасць перадаць кароценькае пасланне самому сабе тады, калі я збіраўся ісці ў будатрад, то сказаў бы: “Ты яшчэ не здагадваешся, як будзе крута”. Кожны сезон — заўсёды штосьці нязведанае. Ты едзеш на цаліну, нават павярхоўна яшчэ не ўяўляючы, што там цябе чакае. А ў канцы сезона разумееш, колькі прайшоў, перажыў, убачыў, колькі новых знаёмых завёў. Гэта ўнікальны, вельмі каштоўны вопыт.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена