Час выбіраць прафесію

- 14:40Нам пішуць

Прыярытэтным кірункам выхаваўчай работы ў старшых класах Барунскага ВПК “яслі-сад-сярэдняя школа” з’яўляецца дапамога ў прафесійным самавызначэнні будучых выпускнікоў школы.

З магчымымі прафесіямі найлепш знаёміцца праз асабісты досвед. Дзеля гэтага для вучняў былі арганізаваны экскурсіі, якія могуць ім дапамагчы абраць далейшую сферу дзейнасці.

І першым пунктам у гэтым навучальным годзе стаў для старшакласнікаў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж, дзе для нашай групы правялі змястоўную экскурсію. Навучэнцы даведаліся пра спецыяльнасці, умовы паступлення ў каледж пасля заканчэння базавай і сярэдняй школы. Вучні наведалі музей, створаны ў каледжы, дзе пазнаёміліся са слаўнымі старонкамі багатай гісторыі гэтай навучальнай установы. Прыемна было ўбачыць знаёмыя твары на дошцы гонарукаледжа, таму што многія навучэнцы прыйшлі з Барунскага ВПК.

Нашы навучэнцы даведаліся, што пасля паспяховага заканчэння ўстановы існуе магчымасць працягваць адукацыю ў Гродзенскім аграрным універсітэце, куды выпускнікоў Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа прымаюць адразу на 3-ці курс.

Нашым другім прыпынкам падчас знаёмства з магчымымі прафесіямі стаў ашмянскі завод “Белкава”. Хочацца адзначыць, што дырэктар прадпрыемства Аляксандр Пятровіч Сушчэўскі з вялікай ахвотай і задавальненнем згадзіўся прыняць групу. Вельмі хочацца, каб такіх кіраўнікоў, якія з разуменнем падыходзяць да пытанняў выхавання моладзі, было як мага больш.

На прадпрыемстве нам расказалі пра мінулае, цяперашні стан завода і падзяліся планамі на будучае. У цэху працуетолькі 14 чалавек, але яны з вялікай адказнасцю і павагайставяцца да сваёй працы. У цяперашні час завод вырабляе не толькі слынны кававы напітак, але і аказвае паслугі па фасоўцы прыпраў. У час экскурсіі навучэнцы наведалі вытворчы цэх, а таксама паспрабавалі прадукцыю і атрымалі падарункі.

Спадзяюся, што вывучэнне разнастайных прафесій на гэтым не спыніцца, наступным прыпынкам у нашым пазнавальным падарожжы будзе Смаргонскі трактарны завод.

Алена БРАЖЫЦКАЯ,
настаўнік нямецкай мовы Барунскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.