Чатыры “бронзы” ў скарбонцы юных біёлагаў

- 10:36Якасць адукацыі

З 15 па 22 ліпеня ў Тэгеране (Іран) праходзіла 29-я Міжнародная біялагічная алімпіяда (International Biology Olympiad — IBO), у якой прыняў удзел 261 навучэнец з 68 краін. Спаборніцтвы былі арганізаваны Міністэрствам адукацыі Ірана ў партнёрстве з універсітэтамі Тарбіата Мадарэса і Тэгерана. У гэтым годзе, як і ў мінулым, усе ўдзельнікі беларускай каманды вярнуліся на радзіму з узнагародамі: бронзавыя медалі атрымалі навучэнцы Ліцэя БДУ Дар’я Пісецкая і Ксенія Пацэева, выпускнікі сталічнай гімназіі № 37 і сярэдняй школы № 13 Гродна Яна Барысовіч і Максім Касцоў.

Кіраўнікамі каманды былі старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат біялагічных навук, настаўнік Ліцэя БДУ Васіль Сяргеевіч Панкратаў і дацэнт кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі біялагічнага факультэта БДУ кандыдат біялагічных навук Аксана Львоўна Несцерава.

Міжнародная біялагічная алімпіяда праводзіцца штогод — пачынаючы з 1990 года. Ад краіны ў склад зборнай каманды ўваходзяць чатыры школьнікі — пераможцы нацыянальнай прадметнай алімпіяды. Залатымі медалямі, як правіла, узнагароджваюцца 10% удзельнікаў нацыянальнай алімпіяды, якія паказваюць лепшыя вынікі, 20% атрымліваюць сярэбраныя, 30% — бронзавыя медалі.

“Тэарэтычны тур Міжнароднай біялагічнай алімпіяды сёлета складаўся з дзвюх частак, кожная з якіх уключала 50 пытанняў з розных раздзелаў навукі: “Малекулярная біялогія”, “Клетачная біялогія”, “Біяхімія”, “Генетыка”, “Анатомія і фізіялогія жывёл”, “Анатомія і фізіялогія раслін”, “Экалогія”, “Эталогія”, “Эвалюцыя”, “Біясістэматыка” і інш., — адзначыў кіраўнік каманды Васіль Сяргеевіч Панкратаў. — На выкананне заданняў кожнай часткі адводзілася тры гадзіны. Большасць пытанняў змяшчала 4 сцвярджэнні, кожнае з якіх магло быць правільным або не. Калі вучань адказваў правільна на 3 з іх, то атрымліваў палову бала, калі на ўсе, то адзін бал, а пры меншай колькасці правільных адказаў — нуль балаў. Як бачым, у гэтым годзе больш строгая сістэма ацэнкі тэарэтычных заданняў у параўнанні з мінулым годам. Сёлета многія алімпіядныя заданні змяшчалі вялікі аб’ём інфармацыі, шмат часу патрабавалася на тое, каб проста прачытаць іх і разабрацца ў змесце. Асобныя заданні грунтаваліся на апошніх навуковых даследаваннях і адкрыццях. Шматлікія пытанні патрабавалі ад школьнікаў узнаўлення фактычных дакладных ведаў. Менш, чым на мінулых спаборніцтвах, было пытанняў на кемлівасць, уменне аналізаваць, засвойваць новую інфармацыю”.

Падчас практычнага тура працавалі чатыры кабінеты: “Біяхімія і малекулярная біялогія”, “Сістэматыка, анатомія і фізіялогія раслін”, “Сістэматыка, анатомія і фізіялогія жывёл”, “Эвалюцыя, экалогія, эталогія” . Падчас практычнага тура навучэнцы праводзілі свае маленькія навуковыя даследаванні. Так, яны ачысцілі пэўны бялок і вывучылі яго ўласцівасці, у прыватнасці здольнасць звязвацца з ДНК. Акрамя таго, удзельнікі шматбакова даследавалі сямейства гваздзіковых, адзначыўшы іх фізіялагічныя ўласцівасці, месцы, дзе яны растуць, а таксама асаблівасці раслін, звязаныя з гэтым, іх сістэматыку. Пры дапамозе вызначальнікаў і прэпаратаў, якія разглядалі пад мікраскопам, алімпіяднікі вывучалі сямейства кляшчоў. Маладыя людзі разразалі п’яўку і даследавалі яе ўнутраную структуру. Увага школьнікаў была скіравана і на некаторыя фізіялагічныя працэсы, што адбываюцца ў арганізме чалавека пры фізічнай нагрузцы (параўноўваліся кардыяграмы на розных этапах нагрузкі, вывучаліся змены ў біялагічных вадкасцях чалавека). Падчас практыкуму навучэнцы займаліся камп’ютарным мадэляваннем, даследавалі ўплыў разнастайных фактараў (сіла адбору, частата мутацый, колькасць пакаленняў і інш.) на раўнаважную гетэрагеннасць папуляцыі. На работу ў кожным кабінеце адводзілася паўтары гадзіны.

Традыцыйна лепшымі на алімпіядзе сталі прадстаўнікі Кітая і Тайваня (у іх па 4 залатыя медалі). Высокія вынікі (па 3 “золаты”) прадэманстравалі школьнікі з Сінгапура, Вялікабрытаніі, В’етнама, Расіі. Першае месца сёлета заваявала старшакласніца з В’етнама. Беларусы таксама выступілі годна: сярод бронзавых медалістаў занялі 1-е, 2-е, 11-е, 21-е месца.

Інтэнсіўныя інтэлектуальныя нагрузкі школьнікаў перамяжоўваліся з адпачынкам і экскурсіямі па Тэгеране: удзельнікі алімпіяды пабывалі ў былой рэзідэнцыі шаха — палаца-паркавым комплексе, дзе зараз знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта, наведалі гістарычны і мастацкі музеі, а таксама своеасаблівую культурную адметнасць — мясцовы кірмаш.

Наступная Міжнародная біялагічная алімпіяда пройдзе ў Сегедзе (Венгрыя).

* * *

“Біялогія тлумачыць чалавеку, як жыве гэты свет. Кожнае пытанне, якое мы задаём аб навакольным асяроддзі, так ці інакш звязана з біялогіяй, — гаворыць выпускніца Ліцэя БДУ Ксенія Пацэева. — Захапленне прадметам прыйшло да мяне дзякуючы ўплыву таленавітых равеснікаў і педагогаў, якія былі побач са мной. У гімназіі № 32 Мінска, дзе я раней вучылася, біялогію выкладала Інеса Аляксееўна Кніга. Яна і прапанавала мне паўдзельнічаць у алімпіядах. Першы сур’ёзны поспех прыйшоў у 7 класе на гарадской алімпіядзе па біялогіі. Так у мяне з’явілася матывацыя займацца прадметам далей. У 9 класе я заваявала дыплом на рэспубліканскай алімпіядзе, што дазволіла паступіць у Ліцэй БДУ без экзаменаў. Працягнуць удзел у алімпіядным руху ў ліцэі мяне заахвоціў кіраўнік нашай міжнароднай каманды Васіль Сяргеевіч Панкратаў. У 10—11 класах паспяховымі былі выступленні на ліцэйскіх алімпіядах і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Заўсёды ва ўсім мяне падтрымлівала сям’я. Бацькі прадастаўлялі пэўную свабоду выбару, а да маіх удач і няўдач ставіліся па-філасофску. З дзяцінства я зразумела, што многае ў жыцці залежыць толькі ад самога чалавека, што ён адказвае за свой выбар і павінен разлічваць на ўласныя сілы”.

Ксенія Пацэева ўжо стала студэнткай лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Медыцына вабіць дзяўчыну магчымасцю кожны дзень рабіць штосьці сапраўды патрэбнае для людзей, дапамагаць ім.

Надзея ЦЕРАХАВА.