Імя настаўніка матэматыкі Аляхновіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Пятра Антонавіча СТАНКЕВІЧА вядома не толькі ў аграгарадку, бо выпускнікі гэтага педагога жывуць у розных кутках нашай краіны.
Прафесія настаўніка — адна з самых паважаных на сяле, бо менавіта сельскі настаўнік уплывае на развіццё не толькі асобы дзяцей, пачынаючы з ранняга ўзросту, але і ўсіх жыхароў. Сельскія педагогі — людзі вялікага сэрца, велізарнай працавітасці, высокіх маральных якасцей. Яны выкладаюць розныя прадметы, а аб’ядноўвае іх прафесіяналізм, імкненне да творчасці, строгая патрабавальнасць да сябе і жаданне аддаваць сэрца дзецям.
Нарадзіўся Пётр Антонавіч у 1938 годзе ў вёсцы Паморшчына былога Даўбенеўскага сельсавета Валожынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і шостым дзіцем. Бацькі адправілі сына ў 1 клас у 1946 годзе ў Даўбенеўскую школу, тут жа ў 1953 годзе ён скончыў 7 класаў з Пахвальнай граматай. У 1953 годзе пайшоў у Пяршайскую сярэднюю школу. У 8 і 9 класах навучанне было платным. Настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй у той час было вельмі мала, але вучылі яны вельмі добра. Былі дысцыпліна, павага да настаўнікаў, гонар у іх вучыцца. У 1956 годзе Пётр скончыў 10 класаў з сярэбраным медалём. “Мне з дзяцінства хацелася быць настаўнікам. Я дапамагаў сваім аднагодкам у вёсцы выконваць дамашнія заданні, суседзям — пісаць лісты, заявы і іншыя неабходныя дакументы. Я вельмі шмат чытаў, рашаў задачы. Стаў псавацца зрок, і ўжо ў 10 класе была высокая ступень страты зроку, але акуляры я саромеўся насіць”, — падзяліўся ўспамінамі Пётр Антонавіч.
Самым шчаслівым годам для Пятра Антонавіча стаў 1956-ы — год паступлення ў Гродзенскі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт: “Вучыцца было цікава, наведваў гурткі і секцыі. Зусім мала было вольнага часу. Скончыў інстытут паспяхова, мяне нават запрашалі ў аспірантуру”. У 1961 годзе пасля заканчэння інстытута быў прызначаны настаўнікам матэматыкі і завучам па вытворчым навучанні ў Вішнеўскую сярэднюю школу Валожынскага раёна. Праз 2 гады стаў дырэктарам Гарадоцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна. Там ажаніўся з настаўніцай фізікі Рэгінай Рыгораўнай Квяткоўскай. Праз некаторы час пакінуў дырэктарства і разам з жонкай пераехаў у Аляхновічы.
Работа ў Аляхновіцкай сярэдняй школе была вельмі актыўнай і насычанай. Але ў 1973 годзе П.А.Станкевіча выбралі старшынёй Аляхновіцкага сельсавета, а затым прызначылі завучам. “Пабудавалі новую школу. Працаваць было цяжка, але цікава”, — адзначыў настаўнік. У 1986 годзе па ўласным жаданні ён быў пераведзены настаўнікам матэматыкі, які адначасова адказваў за работу вячэрняй школы. І так адпрацаваў Пётр Антонавіч у сваёй школе да 1998 года — да заслужанай пенсіі. Але звольніўся са школы толькі ў 2007-м.
Жонка Пятра Антонавіча, Рэгіна Рыгораўна, пайшла на пенсію своечасова, дома займалася гаспадаркай. Яна шмат зрабіла для выхавання і навучання як сваіх дзяцей, так і вучняў. Унесла значны ўклад у сістэму адукацыі таго часу. Апрабавала на базе Аляхновіцкай сярэдняй школы падручнікі фізікі, а ў той час падручнікі былі адзіныя для ўсяго СССР.
У апошнія 20 гадоў Пётр Антонавіч вёў актыўны царкоўны лад жыцця: было шмат зроблена для ўпарадкавання храма Святога
Іаана Хрысціцеля. Атрымаў царкоўную грамату ад мітрапаліта Філарэта за актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні царквы. Настаўнікам Пётр Антонавіч прапрацаваў 46 гадоў. Меў вялікую колькасць падзяк за выхаванне падрастаючага пакалення, атрымаў граматы за творчую і бескарыслівую працу па фарміраванні грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў ад раённага і абласнога аддзела, грамату Абласнога ўпраўлення адукацыі, але галоўнай падзякай для яго былі любоў і павага вучняў.
Праз яго клапатлівыя рукі прайшло не адно пакаленне дзяцей, тысячы вучняў. “Я ганаруся сваёй прафесіяй і люблю яе за тое, што дзяцінства пражываю шматразова”, — пад такім дэвізам працаваў настаўнік матэматыкі Пётр Антонавіч. Пра тое, што Пётр Антонавіч пакінуў след у лёсах іншых людзей, сведчыць і тое, што яго былыя вучні пішуць яму лісты, тэлефануюць, прыязджаюць у госці, віншуюць на вечары сустрэчы выпускнікоў.
Муж і жонка Станкевічы выхавалі дваіх дзяцей. Сын Андрэй стаў добрым хірургам, і данастыю ўрачоў працягвае яго дачка Наталля, тэрапеўт. А вось педагагічную дынастыю працягнула дачка Ганна. Яна вельмі рана пазнаёмілася са школьным жыццём, з дзяцінства наведвала ўрокі маці і бацькі, ведала ўсіх настаўнікаў у сваёй школе, многіх навучэнцаў. Ёй было ўсё цікава ў школе, яна бачыла, як бацькі захоплены школьным жыццём. Скончыўшы Аляхновіцкую сярэднюю школу, яна паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага.
Пасля заканчэння інстытута Ганну размеркавалі на работу ў Аляхновіцкую сярэднюю школу настаўніцай інфарматыкі і матэматыкі. Неўзабаве яна выйшла замуж за настаўніка нашай школы Юрыя Андрэевіча Капцюга. Іх дзеці, Марыя і Артур, сталі інжынерамі. У Пятра Антонавіча ёсць праўнучка Дашачка, якая сёлета пайшла ў 1 клас. Хто ведае, можа, і яна стане ў будучыні настаўніцай.
Чатыры педагогі, чатыры жыццёвыя дарогі — і амаль 150 гадоў агульнага педагагічнага стажу. Праца і самаахвярнасць гэтых людзей вартыя захаплення і пакланення, а вопыт іх работы паказвае, што і на сяле чалавек можа стаць паспяховым.
Наталля ЗАКАБЛУК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Аляхновіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна.