Цягнік #Беларусь Моладзь Адзінства рушыць па краіне

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

Унікальны праект “Рэспубліканскі маладзёжны цягнік #БеларусьМоладзьАдзінства” стартаваў у маладзёжнай сталіцы Беларусі 2021 года — Гродне.

Праект рэалізаваны Міністэрствам адукацыі сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», рэспубліканскім саюзам грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый” і дзяржаўным аб’яднаннем “Беларуская чыгунка”.

Каля ста юнакоў і дзяўчат на працягу 8 дзён праедуць на цягніку каля дзвюх тысяч кіламетраў па тэрыторыі Беларусі. Стартаваўшы ў Гродне, цягнік накіраваўся ў Полацк, затым будуць прыпынкі з цікавай праграмай у Віцебску, Горках, Петрыкаве, Брэсце, Мар’інай Горцы і нарэшце фініш — у Мінску. На працягу ўсяго маршруту моладзь прыме ўдзел у грамадска значных па­дзеях і мерапрыемствах.

Удзельнікамі праекта стала моладзь ва ўзросце ад 18 да 31 года з усіх рэгіёнаў краіны. Сярод іх студэнты, працуючая моладзь з гарадоў і сельскай мясцовасці, маладыя выкладчыкі, дэпутаты, валанцёры, прадстаўнікі папулярных у маладзёжным асяроддзі спартыўных аб’яднанняў, блогеры і работнікі IT-сферы, маладзёжныя пасл­ы МУР. Гэта не толькі жыхары нашай краіны, але і прадстаўнікі Новасібірскай вобласці Расіі, Рэспублікі Азербайджан, Рэспублікі Таджыкістан, у сувязі з чым праекту прысвоены статус міжнароднага.

У адрозненне ад мінулагодняга, калі маладзёжны цягнік упершыню адправіўся па Беларусі, сёлета яго ў­дзельнікі затрымаліся ў Гродне на два дні. У першы з іх яны мелі магчымасць пазнаёміцца паміж сабой, прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні і адпачыць у маладзёжным цэнтры.

А раніца 15 ліпеня пачалася з добрай справы. У Гродзенскім заа­лагічным парку каманда кожнай вобласці пасадзіла тую, заклаўшы такім чынам сімвалічную алею. Цікавай была і экскурсія па заапарку.

Са сцягам у руках

Знакавай і хвалюючай для моладзі стала цырымонія ўскладання кветак да помніка савецкім воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай прыняў удзел у мера­прыемстве і перадаў 12-метровы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь удзельнікам рэспубліканскага маладзёжнага цягніка #БеларусьМоладзьАдзінства. Яны правязуц­ь Дзяржаўны сцяг па ўсіх рэгіёнах і разгорнуць яго ў значных месцах нашай дзяржавы, а ў канцы маршруту — на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Мінску. Затым сцяг будзе перададзены ў музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі.

— Вельмі сімвалічна, што ў Год народнага адзінства цягнік адпраўляецца па Беларусі пад лозунгам #БеларусьМоладзьАдзінства, стартуе ў маладзёжнай сталіцы і яго склад сфарміраваны з самых дастойных маладых лю­дзей з усіх рэгіёнаў краіны, а ў гэтым го­дзе праект стаў інтэрнацыянальным, — адзначыў Аляксандр Кадлубай, звяртаючыся да моладзі. — Упэўнены, што дні, праведзеныя на праекце, створаць аснову а­дзінства, заснаванага на прынцыпах дружбы, узаемадапамогі і ўзаемаразумення. Вам выпала ўнікальная магчымасць пабываць у знакавых месцах Беларусі, сустрэцца з прадстаўнікамі ўлады. Хацеў бы параіць вам не саромецца ўступаць у дыялогі і абмяркоўваць пытанні развіцця маладзёжнай палітыкі. За вамі будучыня. Адзінства — гэта непарушная сіла, сіла духу беларускага народа, якую немагчыма зламаць. І вы, наша моладзь, упэўнена трымаеце ў руках сімвал адзінства беларускага народа — наш Дзяржаўны сцяг.

Намеснік міністра адукацыі расказаў гісторыю стварэння праекта. У 2019 годзе кіраўнікі Беларусі і Расіі адобрылі ідэю мола­дзі дзвюх краін пусціць маладзёжны цягнік ад Брэста да Уладзівастока. Цягнік павінен быў спыняцца ў беларускіх гарадах і па ўсёй Расіі. Але пандэмія ўнесла свае карэктывы. Тады ў Беларусі было прапанавана адправіць свой мала­дзёжны цягнік, і першы стартаваў у мінулым годзе на “Славянскім базары” ў Віцебску. Ініцыятарамі прадаўжэння добрай справы сталі ўдзельнікі мінулагодняга праекта, якія сёння з’яўляюцца актывам беларускай моладзі. Такімі праектамі фарміруе­цца касцяк моладзі ў розных рэгіёнах краіны.

— Неабходна, каб моладзь выказвала сваю пазіцыю ў розных праектах, у тым ліку нефармальных, якія яна сама і пра­паноўвае. Праект “Рэспубліканскі мала­дзёжны цягнік #Беларусь МоладзьАдзінства”, які Міністэрства адукацыі рэалізуе сумесна з маладзёжнымі арганізацыямі, цікавы ўсім. Такое супрацоўніцтва дазваляе нам, прадстаўнікам улады, чуць моладзь, разумець, што ёй па­трэбна, і наладжваць дыялог. Упэўнены, гэты праект мае будучыню, — адзначыў намеснік міністра адукацыі.

Моладзь: рэаліі сучаснасці

Так гучала тэма адкрытага дыялогу, у якім прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, кіраўнік рэспубліканскага маладзёжнага цягніка #БеларусьМоладзьАдзінства Сяргей Сыранкоў, першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Андрэй Есін, заслужаны майстар спорту СССР, гандбаліст, дырэктар кампаніі “Белабеддынг” Андрэй Барбашынскі, генеральны дырэктар КУП “Гроднааблкінавідэапракат” Юрый Аляксей.

Адказваючы на першае пытанне моладзі наконт вектара развіцця адукацыі ў краіне, Аляксандр Кадлубай адзначыў, што сістэма адукацыі ў Беларусі класічная, але яна не стаіць на месцы, ідзе пастаянны працэс трансфармацыі, мяняюцца падыходы, аднак аснова застаецца непарушнай.

— Ацэнку сістэме адукацыі неабходна даваць, зыходзячы з таго, наколькі эканоміка, атрымліваючы кадры з сістэмы вышэйшай адукацыі, насычаецца імі і задавальняе патрэбы вытворчасці і сацыяльнай сферы. Сістэма адукацыі на сённяшні дзень развіваецца ў правільным кірунку, нейкіх узрушэнняў, імгненных рашэнняў не павінна быць. Што тычыцца сферы вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то за нашымі спецыялістамі ідзе “паляванне” ў суседніх краінах. Сёння назіраецца культ вышэйшай адукацыі. І важна, атрымаўшы дыплом, разумець яго каштоўнасць, патрэбнасць ведаў для эканомікі краіны.

Дзяўчыну з Асіповіч цікавілі асаблівасці работы БРСМ Гро­дзеншчыны. Андрэй Есін адказаў, што адметная рыса мала­дзёжнай арганізацыі — якасная каманда. Існуе шмат праектаў, у якія моладзь уключаецца пачынаючы са школы. Актыўнасць праяўляе студэнцтва, менш — працоўная моладазь. І тут важна заставацца лідарам, звяртацца са сваімі ідэямі, тады кожны малады чалавек будзе заўважаны і з боку арганізацыі, у якой працуе, і з боку ўлады. Да слова, Гродзеншчына ганарыцца сваімі студэнцкімі атрадамі. У гэтым годзе заключаны дагаворы на работу 6 тысяч байцоў такіх атрадаў, 2 тысячы з іх ужо адпрацавалі.

Ігар Булаўка дадаў, што з боку дзяржаўных органаў улады ўдзяляецца ўвага кожнаму напрамку работы з моладдзю: школьнай — у рамках адукацыйнага працэсу, студэнцкай — праз студатрады, грамадскую дзейнасць, працуючай — дапамагаючы замацавацца маладым спецыялістам на першым працоўным месцы і атрымаць сацыяльныя прэферэнцыі. Наладжаны даверны дыялог з моладдзю. Толькі за апошнія паўгода ў Гродзенскай вобласці было арганізавана больш за 100 дыялогавых пляцовак, прысвечаных маладзёжнай тэматыцы. Зыходзячы з прапаноў, меркаванняў маладых людзей органы ўлады фарміруюць пэўныя напрамкі дзейнасці. Яркі прыклад рэалізаванай ідэі, якая была прапанавана на дыялогавай пляцоўцы, — стварэнне фонду грама­дзянскіх маладзёжных ініцыятыў.

Свае прапановы выказалі і ўдзельнікі адкрытага дыялогу. Так, старыя і пустуючыя дамы ў сельскай мясцовасці моладзь прапанавала аддаваць пад рэалізацыю іх стартапаў, развіцця рамесніцтва. Падкрэсліўшы значнасць праекта “Кветкі Вялікай Перамогі”, было прапанавана зрабіць яго міжнародным або саюзным. Падчас дыялогу высветліліся і іншыя пытанні, якія хвалююць моладзь, і яны былі пачуты.

Удзельнікі праекта таксама наведалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, пазнаёміліся з работай студэнцкага медыяцэнтра і зазірнулі ў музей гісторыі развіцця ГрДУ. Для іх была арганізавана экскурсія па Гродне. А вечарам да цягніка яны накіраваліся на электра­самакатах з замацаванай на іх дзяржаўнай сімволікай.

Цягнік толькі рушыў па гарадах Беларусі, а юнакоў і дзяўчат ужо перапаўняюць эмоцыі ад убачанага, ад зносін, кожны хоча падзяліцца сваімі ідэямі.

— Мэтай рэалізацыі праекта было прадаставіць самай актыўнай, ініцыятыўнай моладзі магчымасць пазнаёміцца паміж сабой, абмяняцца вопытам, наведаць прыгожыя гарады Беларусі і паказаць, што мы адзіныя, патрыёты сваёй краіны, і за намі будучыня, — падкрэсліла другі сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Наталля Станюкевіч. — Праграма ў Гродне складзена цікавая і змястоўная. Упэўнена, што ў маладых людзей застануцца толькі прыемныя ўражанні і яны захочуць вярнуцца ў наш горад.

Галоўны спецыяліст упраўлення па справах мола­дзі Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Сяргей Шмарлоўскі таксама падкрэсліў, што мэта праекта — прадэманст­раваць, што наша моладзь адзіная не на словах, а на справе. Напера­дзе хлопцаў і дзяўчат чакае яшчэ шмат цікавых сустрэч у гарадах Беларусі.

Завяршыцца праект 22 ліпеня ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, дзе будзе разгорнуты правезены па рэгіёнах краіны Дзяржаўны сцяг.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.