У Азербайджане здабылі двухмільярдную тону нафты. Урачыстая цырымонія з гэтай нагоды адбылася ў Цэнтры Гейдара Аліева ў Баку, паведамляе Trend.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у час выступлення на цырымоніі нагадаў, што ўпершыню ў свеце нафта была здабыта прамысловым спосабам у 1846 годзе менавіта ў Азербайджане.
“У цяперашні час у Баку будуюцца самыя сучасныя буравыя ўстаноўкі, платформы. Усе будаўнічыя работы для “Шахдэніз-2” выкананы ў Азербайджане. Да гэтых работ былі прыцягнуты тысячы, а можа, дзясяткі тысяч грамадзян Азербайджана. Найбуйнейшы ў свеце Сангачальскі нафтагазавы тэрмінал таксама з’яўляецца нашым вялікім набыткам. Для вядзення нафтавых аперацый на нашым суднабудаўнічым заводзе вырабляюцца судны ўсіх тыпаў. Адно з іх — мы назвалі гэтае гіганцкае судна “Ханкендзі” — нядаўна было спушчана на ваду”, — сказаў Прэзідэнт Азербайджана.
“Нам удалося ператварыць чорнае золата ў чалавечы капітал. Мы вельмі рацыянальна выкарысталі нашы нафтавыя даходы, і сёння гэта асабліва адзначаецца ў свеце”, — сказаў Ільхам Аліеў.
Ён адзначыў, што ў Азербайджане нафта прыносіць дабрабыт, развіццё, стабільнасць і сілу. Па словах прэзідэнта, пацверджаныя запасы нафты ў Азербайджане складаюць 1,5 млрд т, а тыя, што прагназуюцца, — 2 млрд т. “Пацверджаныя газавыя рэсурсы складаюць 2,6 трлн кубаметраў, а прагноз роўны прыкладна 3—4 трлн кубаметраў”, — сказаў Ільхам Аліеў. “Радовішча “Азеры-Чыраг-Гюнешлі” будзе функцыянаваць як мінімум да 2050 года. Упэўнены, што радовішча “Шахдэніз” будзе дзейнічаць яшчэ як мінімум 100 гадоў”, — адзначыў прэзідэнт.