Цікавая сустрэча

- 17:05Нам пішуць

21 лютага – Дзень роднай мовы. Свята, якое ў чарговы раз нагадвае пра тое, што без мовы немагчыма існаванне ніводнага народа.

Цікавым і яркім выдаўся дзень 21 лютага ў сярэдняй школа № 45 Магілёва. Класы напоўніліся гукамі роднай мовы, роднай песні, што ідзе па жыцці разам з чалавекам. Вучні, работнікі і госці школы спыняліся каля тэматычна аформленых стэндаў і чыталі цікавыя тлумачэнні выразаў і слоў.

Цудоўным момантам святочнага дня стала сустрэча вучняў з сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргеем Сяргеевічам Украінкам. Утульная і шчырая атмасфера панавала ў канферэнцзале падчас сустрэчы. Сяргей Сяргеевіч з захапленнем чытаў свае вершы, сур’ёзныя і жартоўныя. Таксама ён расказваў пра свае творчыя скрыжаванні, пра кірункі літаратуры, дзяліўся ўражаннямі ад прачытаных сучасных твораў. Самае галоўнае, што імкнуўся данесці да сваіх слухачоў паэт – гэта разуменне таго, будучыня нашай роднай мовы залежыць ад кожнага з нас, асабліва ад моладзі.

С.С.Украінка пакінуў вучням і настаўнікам школы зборнік сваіх вершаў “9 гранаў” і альманах “Брама” з пажаданнем любіць усё роднае, асабліва мову.

Вольга ЛУНЬКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 45 Магілёва.