Cтварыць адукацыйны і навукова-інавацыйны кластар

- 15:18Суразмоўца

Сёння развіццё навукаёмістых галін эканомікі, інавацыйны шлях развіцця вытворчасці патрабуе адпаведнай хуткай рэакцыі з боку сістэмы адукацыі, асабліва вышэйшай школы. Падрыхтоўка кадраў носіць у асноўным апераджальны характар, прадугледжвае своечасовае рэагаванне на патрэбы рынку працы і выключае адставанне. Сёння ніводная ўстанова вышэйшай адукацыі не застаецца ў баку ад інавацыйных працэсаў, укараняе новыя спецыяльнасці і рыхтуе кадры для сучаснай эканомікі краіны. У БНТУ задача падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай эканомікі пастаўлена ў тым ліку і перад Цэнтрам развіцця інжынернай адукацыі і арганізацыі вучэбнага працэсу, які ўзначальвае кандыдат тэхнічных навук дацэнт А.С.СНАРСКІ. Сёння ён у гасцях у нашай газеты.

— Андрэй Станіслававіч, пачнём нашу размову з вас. Думаю, гэта заканамерна, таму што вы з’яўляецеся не толькі кіраўніком цэнтра, пра які мы будзем гаварыць, але і вядомай асобай у галіне тэхнічнай адукацыі, і ваша жыццё цалкам звязана з дзейнасцю БНТУ.

— Дзякуй за такія добрыя словы і прызнанне маёй працы. Так, сапраўды, усё маё жыццё прысвечана вышэйшай адукацыі тэхнічнага профілю, я заўсёды імкнуўся прыўнесці ў яе новыя рысы і сучасныя павевы.

Першай значнай вяхой у маім жыцці стаў Наваполацкі політэхнічны інстытут, дзе я атрымаў спецыяльнасць “Тэхналогія машынабудавання, металарэзныя станкі і інструменты” і дзе прайшоў шлях ад асістэнта да дацэнта кафедры “Тэхналогія канструкцыйных матэрыялаў”, быў намеснікам дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў і абараніў кандыдацкую дысертацыю. Усе наступныя гады мая дзейнасць звязана з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Тут я пачынаў працаваць дацэнтам, а потым загадчыкам кафедры “Парашковая металургія, зварка і тэхналогія матэрыялаў”, узначаліў вучэбна-метадычную камісію механіка-тэхналагічнага факультэта і ўжо 5 гадоў працую начальнікам Цэнтра развіцця інжынернай адукацыі і арганізацыі вучэбнага працэсу БНТУ. З’яўляюся аўтарам больш як 70 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, прысвечаных галіне матэрыялазнаўства, зваркі, кантролю металічных канструкцый. У суаўтарстве выдадзена 5 вучэбных выданняў (адно пад грыфам Міністэрства адукацыі). За маё станаўленне, фарміраванне светапогляду і ўдасканаленне ведаў я ўдзячны маім педагогам і ў першую чаргу майму навуковаму кіраўніку кандыдацкай дысертацыі, навуковаму кансультанту ў рабоце над доктарскай, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, доктару тэхнічных навук, прафесару Ф.І.Панцялеенку.

— Андрэй Станіслававіч, Цэнтр развіцця інжынернай адукацыі і арганізацыі вучэбнага працэсу — новая структура ў БНТУ. Хацелася б даведацца пра яе прызначэнне. Якія мэты ставіла кіраўніцтва ўніверсітэта пры стварэнні цэнтра?

— Цэнтр развіцця інжынернай адукацыі і арганізацыі вучэбнага працэсу БНТУ створаны ў 2011 годзе. Па сутнасці, задачы, якія ставіліся пры яго стварэнні, вызначаны ў самой структуры цэнтра. Так, у прыватнасці, у склад цэнтра ўвайшлі вучэбна-метадычнае ўпраўленне, аддзел вучэбна-праграмнай дакументацыі (цяпер — сектар), аддзел менеджменту якасці, а з пачатку 2013 года далучыўся аддзел маркетынгу і размеркавання выпускнікоў. Асноўная інтэгральная мэта нашага цэнтра — развіццё і ўдасканальванне арганізацыі і навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі, якія рэалізоўваюцца ў нашым універсітэце. Галоўнай структурай цэнтра лічыцца вучэбна-метадычнае ўпраўленне з дакладнымі задачамі, якія сфарміраваліся за час шматгадовай практыкі. Сярод іх вучэбная нагрузка, складанне і кантроль раскладу заняткаў, правядзенне сесій, фарміраванне дзяржаўных экзаменацыйных камісій, кантроль за акадэмічнай паспяховасцю студэнтаў і арганізацыя практыкі.

Аддзел вучэбна-праграмнай дакументацыі адказвае за наяўнасць і актуалізацыю планаў і праграм вучэбных дысцыплін па першай і па другой ступені вышэйшай адукацыі і ўзаемадзейнічае з вучэбна-метадычным упраўленнем, факультэтамі і кафедрамі.

Аддзел менеджменту якасці з’яўляецца кансалтынгавай і каардынуючай структурай па функцыянаванні ў БНТУ сістэмы менеджменту якасці і звязаны з усімі іншымі структурамі цэнтра, факультэтамі і кафедрамі ўніверсітэта.

Аддзел маркетынгу і размеркавання выпускнікоў узаемадзейнічае з іншымі структурнымі падраздзяленнямі цэнтра, акумулюе інфармацыю пра эфектыўнасць работы ўсяго ўніверсітэта. І гэта зразумела. Працэс размеркавання выпускнікоў характарызуе іх запатрабаванасць у эканоміцы нашай краіны па канкрэтнай спецыяльнасці, а гэта характарызуе канкурэнтаздольнасць універсітэта на рынку адукацыйных паслуг.

Лічу, што структура цэнтра даволі аптымальная і дазваляе практычна аўтаномна вырашаць любое пытанне адносна той ці іншай адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі, як за кошт аператыўнага рэагавання на функцыянаванне ўніверсітэта, так і на яго ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў.

— Задача цэнтра, якую вы толькі што назвалі, і ёсць тая задача, якая ставіцца перад вышэйшай школай згодна з патрабаваннямі сённяшняй эканомікі, — рыхтаваць кадры з інавацыйным складнікам і працаваць на апярэджанне.

— Цалкам з вамі згодны. Адным з самых новых ва ўніверсітэце і ў краіне ў цэлым з’яўляецца кірунак, звязаны з дызайнам. Як вядома, у БНТУ ўжо шмат гадоў існуе архітэктурны факультэт, дзе рыхтуюць па спецыяльнасці “Архітэктурны дызайн”. Але на гэты раз гаворка пра іншае. Я маю на ўвазе дызайн вытворчы. Гэты новы напрамак ініцыіраваў універсітэт, абумовіўшы такім чынам пастаўленую кіраўніком дзяржавы перад Міністэрствам прамысловасці задачу: пашырыць рынкі збыту за кошт павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Адзін з эфектыўных інструментаў гэтага — добры, якасна прадуманы і вывераны дызайн. Так, спалучэнне “кошт — якасць” вельмі важнае, але пры іншых роўных умовах удалы дызайн з’яўляецца вырашальным. І каб гэта працавала, неабходна ў вытворчым дызайне падрыхтаваць сапраўдных прафесіяналаў. БНТУ ўзяў на сябе вырашэнне гэтай дзяржаўнай задачы.

У 2013 годзе ў Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь увайшлі спецыяльнасці дызайнерскага напрамку. З гэтага ж года наш універсітэт ажыццявіў першы набор па новых спецыяльнасцях: “Дызайн вытворчага абсталявання” (кваліфікацыя “інжынер-дызайнер”); “Дызайн гусенічных і колавых машын” (“інжынер-дызайнер”); “Кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве” (“менеджар-дызайнер”). У мінулым годзе БНТУ паспяхова прайшоў дзяржаўную акрэдытацыю па гэтых спецыяльнасцях.
Хачу таксама адзначыць, што ўключэнне новых спецыяльнасцей спрыяльна ўплывае на дзейнасць універсітэта і непасрэдна яго кафедр. Напрыклад, дзякуючы падрыхтоўцы па спецыяльнасці “Дызайн вытворчага абсталявання”, назіраецца пазітыўная дынаміка ў падрыхтоўцы студэнтаў: павялічыўся творчы і мастацкі складнік у адукацыйным працэсе. Была зменена і назва кафедры. Раней яна называлася “Арганізацыя ўпаковачнай вытворчасці”, а цяпер “Прамысловы дызайн і ўпакоўка”. Першы выпуск вытворчых дызайнераў і кіраўнікоў у галіне дызайн-праектаў адбудзецца ў наступным годзе. Наколькі якасць падрыхтоўкі новых кадраў адпавядае патрэбам рынку працы, адкажуць нашы заказчыкі — арганізацыі і прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі. Але калі мы падвялі прамежкавыя вынікі, то яны аказаліся даволі высокімі. Студэнты, якія вучацца па гэтай спецыяльнасці, удзельнічаюць у розных, у тым ліку міжнародных, конкурсах і перамагаюць. Напрыклад, нашы будучыя дызайнеры рэгулярна ўдзельнічаюць у Міжнародным студэнцкім конкурсе “Завадны апельсін”, які праходзіць у Маскоўскім культурна-асветніцкім аб’яднанні “Цэнтр упакоўкі, этыкеткі і дызайну”, і заўсёды заваёўваюць самыя высокія ўзнагароды. Акрамя таго, у мінулым годзе студэнты прымалі ўдзел у Рэспубліканскай студэнцкай выставе “Грані творчасці” па тэме “Максiм Багдановiч. Маладыя жаданнi”. Было прадстаўлена 14 работ, пераможцамі сталі 5 будучых дызайнераў. Таксама тры гады запар кафедрай “Прамысловы дызайн і ўпакоўка” арганізоўвалася рэспубліканская выстава “Калядны настрой” з удзелам студэнтаў БНТУ, якія атрымалі шматлікія ўзнагароды.

— Як вядома, сёння БНТУ ідзе па шляху інтэграцыі сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі і мае ў сваім складзе адасобленыя структурныя падраздзяленні ў выглядзе каледжаў-філіялаў, якія займаюцца падрыхтоўкай кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, і некаторыя — з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй па розных адукацыйных напрамках, роднасных універсітэту. Наколькі мэтазгодна гэтая інтэграцыя? Як яна ўплывае на ўдасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі кадраў?

— Пазіцыя рэктара нашага ўніверсітэта акадэміка НАН Беларусі Б.М.Хрусталёва па гэтым пытанні адназначная: патрэбна максімальная інтэграцыя ВНУ і каледжаў па ўсіх напрамках, прычым яна павінна быць выгаднай каледжу, універсітэту, канкрэтным выпускнікам каледжа — нашым абітурыентам і, вядома, рэальнаму сектару эканомікі. На гэтым тэзісе ў тым ліку грунтуецца галоўны прынцып развіцця і ўдасканалення нашага ўніверсітэта на цяперашнім этапе: стратэгічнай мэтай БНТУ з’яўляецца развіццё інфраструктуры, якая дазваляе стварыць на базе ўніверсітэта адукацыйны і навукова-інавацыйны кластар міжнароднага ўзроўню, што спалучае шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў.

Пачатак інтэграцыі паміж нашым універсітэтам і ключавымі каледжамі закладзены яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя па напрамках “Прыборабудаванне”, “Машынабудаванне”, “Аўтамабілебудаванне”. Але толькі з 2014 года інтэграцыя паміж БНТУ і 6 каледжамі была афіцыйна падмацавана загадам Міністэрства адукацыі “Аб рэарганізацыі ўстаноў адукацыі”, згодна з якім частка ССНУ ўвайшла ў склад БНТУ ў якасці філіялаў. Сёння ў складзе БНТУ — 8 каледжаў-філіялаў: Бабруйскі аўтатранспартны каледж, Барысаўскі і Жодзінскі політэхнічныя каледжы, мінскія політэхнічны, архітэктурна-будаўнічы, тэхналагічны, машынабудаўнічы каледжы і Салігорскі горна-хімічны каледж. Нават па іх назвах зразумела, што яны інтэгруюцца з БНТУ практычна па ўсіх адукацыйных напрамках.

БНТУ штогод пашырае спіс спецыяльнасцей з інтэграванымі адукацыйнымі праграмамі і скарочанымі тэрмінамі навучання, на якія магчыма паступленне выпускнікоў каледжаў у наш універсітэт. У гэтым годзе ў час прыёмнай кампаніі плануецца прыняць у БНТУ абітурыентаў па 30 спецыяльнасцях і напрамках спецыяльнасцей вышэйшай адукацыі. Большасць з іх прадугледжвае навучанне толькі па завочнай форме. Гэта палітыка БНТУ — мінімальна адцягваць спецыялістаў рэальнага сектара эканомікі з ліку выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ад іх асноўнай работы, але даць магчымасць вучыцца і прафесійна расці далей. Пры гэтым, як правіла, спіс новых спецыяльнасцей апярэджвае далучэнне роднасных каледжаў, што дазваляе адразу пашырыць набор выпускнікоў каледжаў, якія атрымалі блізкія спецыяльнасці. Так, у 2016 годзе ў БНТУ быў праведзены першы набор абітурыентаў са скарочаным тэрмінам атрымання вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка (па напрамках)”, і пытанне далучэння да БНТУ Жлобінскага металургічнага каледжа знаходзіцца на стадыі разгляду.

Узровень эфектыўнасці работы кіраўніцтва БНТУ і каледжаў з навучэнцамі і выпускнікамі каледжаў, якія ўваходзяць у склад БНТУ, пацвярджаюць лічбы прыёму на атрыманне вышэйшай адукацыі са скарочаным тэрмінам навучання. У гэтым відавочна станоўчая дынаміка. Напрыклад, у 2015 годзе былі прыняты 144 чалавекі з ліку выпускнікоў каледжаў — філіялаў БНТУ, а ў 2016 годзе — ужо 290. Такім чынам, гадавы прырост склаў 20,6%. Выпускнікі каледжаў, нашых філіялаў, як правіла, матываваны на атрыманне патрэбных ведаў для вытворчасці, працуюць па спецыяльнасці як спецыялісты сярэдняга звяна. А пасля атрымання вышэйшай адукацыі яны для свайго прадпрыемства — гатовыя спецыялісты-інжынеры. Відавочна, што гэта выгадна студэнтам, прадпрыемству, рэгіёну і ў цэлым нашай краіне.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.