Цяпер настаўнікі, а ў мінулым медалісты

- 11:05Навіны рэгіёнаў

Кажуць, што сённяшнія выпускнікі-медалісты школ, гімназій і ліцэяў неахвотна выбіраюць настаўніцкую прафесію, бо працаваць педагогам нібыта непрэстыжна. З такім меркаваннем не згодны ў сярэдняй школе № 2 Маларыты.

Нядаўна ва ўстанове адукацыі прайшоў тыдзень вучэбных прадметаў, падчас якога адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў. Адным з самых запамінальных і яркіх стала сустрэча вучняў з… настаўнікамі. Настаўнікамі, якія працуюць у гэтай жа школе.

— У нашай установе выкладаюць 10 педагогаў, якія ў свой час скончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі, — гаворыць дырэктар школы Л.В.Куц. — Яны былі выдатнікамі вучобы, з’яўляліся гонарам школы, на іх раўняліся, з іх бралі прыклад. Упэўнена, што, каб вучыць на “выдатна”, трэба і самому прайсці нялёгкі шлях выдатніка. Нішто так не ўздзейнічае і не пераконвае, як уласны прыклад педагога. Каб патрабаваць штосьці ад іншых, неабходна самому быць на вышыні, адпавядаць пэўным крытэрыям.

Усё гэта адносіцца да сённяшніх настаўнікаў сярэдняй школы № 2 Маларыты, колішніх медалістаў. Яны таленавітыя, дасведчаныя, крэатыўныя і адказныя, любяць школу і вучняў, ахвотна перадаюць ім свае веды, уменні і навыкі.

Не адзін год на педагагічнай ніве шчыруюць настаўнік фізікі і астраноміі Сяргей Іванавіч Марашчук і настаўніца фізікі, інфарматыкі і матэматыкі Святлана Аляксандраўна Улезла. Разумнае, добрае, вечнае сеюць настаўніца абслуговай працы Наталля Анатольеўна Гарабінская і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца хіміі Надзея Якаўлеўна Верыч. Выхаванню і навучанню дзяцей прысвяцілі сябе настаўніца матэматыкі Святлана Васільеўна Завадская і настаўніца нямецкай мовы, беларускай мовы і літаратуры Наталля Пятроўна Алесік. Педагагічную жыццёвую сцежку для сябе выбрала настаўніца англійскай мовы Аксана Міхайлаўна Галавей і намес-нік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца пачатковых класаў Наталля Міхайлаўна Струнец. Са школай звязалі лёс настаўніца пачатковых класаў Таццяна Васільеўна Давыдоўская і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Уладзіміраўна Бараноўская. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да дзяцей, поўная аддача сіл вучням. Кожны педагог хоча, каб яны знайшлі сваё месца ў дарослым жыцці і сталі годнымі людзьмі.

— Для гэтага трэба быць разважлівым, дысцыплінаваным, адказным і патрабавальным да сябе, нават самаахвярным, — лічыць Н.Я.Верыч.

— З цягам часу кожная прафесія напаўняецца новым зместам, у тым ліку і настаўніцкая, — адзначае Т.В.Давыдоўская. — Пры выбары будучай прафесіі трэба найперш кіравацца прызваннем, грамадзянскім абавязкам і ўсведамленнем таго, што гэта маё, тое, чым я на самай справе магу і хачу займацца.

Падчас сустрэчы настаўнікі адказвалі на шматлікія пытанні вучняў: што неабходна для таго, каб скончыць школу з залатым ці сярэбраным медалём; што паўплывала на выбар настаўніцкай прафесіі; ці спатрэбіўся медаль у жыцці і інш. Зайшла размова і пра прэстыж педагагічнай працы.

— Мая маці — Галіна Васільеўна Федчык — шмат гадоў узначальвала Збуражскі дзіцячы сад — сярэднюю школу, — успамінае Н.П.Алесік. — Неяк у 4 класе я атрымала “двойку”. Мама доўга плакала. Не ведаю, ці з-за дрэннай адзнакі, ці з-за нечага іншага. Але сабе я дала слова, што маму больш не пакрыўджу. Старалася добра вучыцца, быць прыкладам у паводзінах. У мамы вучылася парадку, дысцыпліне, адказнасці. Яшчэ ў пачатковых класах вырашыла, што стану настаўніцай.

Усе людзі валодаюць пэўнымі здольнасцямі і схільнасцямі. Не могуць усе стаць, напрыклад, інжынерамі ці бухгалтарамі. Так і з настаўніцкай прафесіяй. Заўсёды існуе пэўная колькасць выпускнікоў, якія абавязкова яе выберуць. Калі справа выбрана па душы, яна стане любімай і будзе прыносіць задавальненне і радасць.

— Толькі ад саміх настаўнікаў залежыць, ці будзе іх прафесія прэстыжнай у грамадстве і ці будуць іх паважаць, — упэўнена Л.В.Куц.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.