Да настаўніка трэба ставіцца беражліва

- 14:22Суразмоўца

Дырэктар гімназіі № 2 Вілейкі Мінскай вобласці Васілій Іванавіч Барысевіч у гэтай навучальнай установе працуе з дня яе заснавання. З 1987 года — настаўнік фізікі, затым тры гады працаваў і настаўнікам, і намеснікам дырэктара, а цяпер дырэктар, са жніўня 2009 года, але ўсё роўна настаўнік. У самым пачатку нашай размовы ён заўважыў, што родная навучальная ўстанова яму знаёма, як гаворыцца, ад “А” да “Я”. Педагогі, дзеці і бацькі — адна сям’я. І Васілій Іванавіч, як сапраўдны галава гэтай сям’і, ведае, за што пахваліць і дзе паўшчуваць. Сёння дырэктар гімназіі дзеліцца з намі сваім досведам і кіраўнічай мудрасцю.

— Васілій Іванавіч, той дырэктар, які быў амаль дзесяць гадоў назад, і цяперашні — розныя дырэктары?

— Натуральна, розныя. Цяперашні больш спакойны і, безумоўна, вопытны. Раней, калі былі школай, перад намі ставіліся іншыя задачы. З 2003 года мы — гімназія, таму прыярытэты і патрабаванні памяняліся. Мы як навучальная ўстанова новага тыпу павінны быць для раёна валаўтвараючай установай, якая дае вынікі па ўсіх напрамках: работа з адоранымі навучэнцамі, удзел у розных конкурсах, даследчая работа. Сёння нашы выпускнікі арыентаваны на вышэйшую адукацыю, таму мы павінны даць навучэнцам трывалыя веды, сфарміраваць высокі ўзровень іх развіцця.

— Разам з тым апошнім часам узнімаецца пытанне навучання нашых дзяцей асноўным працоўным навыкам, арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, якая дапаможа сарыентавацца юнаку ці дзяўчыне ў жыцці. Якім чынам гэтая дзейнасць ажыццяўляецца ў вашай гімназіі?

— Дапрофільная падрыхтоўка, безумоўна, праводзіцца. Арганізавана на дастаткова высокім узроўні сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, у тым ліку дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Працуюць у сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службе гімназіі высокакваліфікаваныя кадры. На працягу навучання ў гімназіі вывучаюцца агульныя здольнасці, а з 8 класа мэтанакіравана выяўляюцца схільнасці і здольнасці вучняў да прафесійных відаў дзейнасці, запаўняюцца прафесійныя карты. Пасля дыягностыкі даюцца адпаведныя рэкамендацыі як навучэнцам, так і іх законным прадстаўнікам. Безумоўна, вядзецца педагагічная праца па дапамозе навучэнцам у выбары профілю, а затым і будучай прафесіі.

— А наколькі бацькі ўцягнуты ў гэты працэс? Насамрэч апошняе слова застаецца за імі, і яно можа ісці ўразрэз з меркаваннямі настаўнікаў і псіхолагаў.

— У нас працуюць бацькоўскія клубы “Давер” і “Адкрыццё”, у межах якіх мы праводзім розныя тэматычныя сустрэчы вучняў і бацькоў з педагогамі. Існуе практыка правядзення індывідуальных сустрэч. Калі, напрыклад, я як настаўнік фізікі бачу, што ў пэўнага майго вучня ёсць здольнасці менавіта да майго прадмета, то я, канечне, зацікаўлены ў тым, каб ён развіваўся ў гэтым напрамку і далей. Па гэтай прычыне буду сустракацца і размаўляць з бацькамі, робячы акцэнт на здольнасцях дзіцяці. Калі яны схіляюцца да іншага, то буду прыводзіць ім довады на карысць фізікі. Тут вельмі важна знайсці кантакт з татам і мамай. Нашы бацькі прымаюць актыўны ўдзел ва ўзаемадзеянні з гімназіяй. Яны знаёмяцца з усімі дыягностыкамі. І, дарэчы, многія карэкціруюць свае першапачатковыя жаданні адносна выбару профілю ў старшай школе.

Настаўнікі, якія працуюць з навучэнцамі з 5 па 9 клас, бачаць здольнасці і схільнасці кожнага, бо працавалі з гэтымі дзецьмі на працягу некалькіх гадоў. Бацькі на сямейным савеце выказваюць свае меркаванні. А затым пры прыёме дакументаў усё можа змяніцца, бо тут прысутнічаюць усе зацікаўленыя бакі: дзеці, бацькі, настаўнікі. І ёсць магчымасць, выслухаўшы ўсіх, яшчэ раз пераасэнсаваць выбар.

Цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі дапамагае дасягнуць высокіх вынікаў нашым настаўнікам, у прыватнасці, настаўніку беларускай мовы і літаратуры В.В.Кажуру. Усе перамогі яго навучэнцаў адбываюцца ў тым ліку і дзякуючы паразуменню з бацькамі.

А здараецца, што нашы парады, на жаль, бацькі на ўзбраенне не бяруць (і гэта іх права). Ёсць дзеці з вялікім педагагічным патэнцыялам. У мяне была такая вучаніца ў пазамінулым годзе. Я бачыў, што яна — педагог ад Бога, але колькі з бацькамі ні гаварыў, яны мяне не пачулі.

— Поспех навучальнай установы — гэта найперш згуртаваны высокапрафесійны калектыў. Якія педагагічныя якасці як дырэктар шануеце больш за ўсё?

— Выніковасць работы ўстановы адукацыі — гэта шмат у чым заслуга педагагічнага калектыву. Але немалая роля ў гэтым, на мой погляд, адводзіцца вучням і іх бацькам. Мы перакананы ў тым, што паспяхова вырашаць адукацыйныя задачы можна толькі пры ўмове цеснага ўзаемадзеяння трох звёнаў: настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў.

Што датычыцца педагагічнага калектыву, то ў кожным настаўніку найперш шаную прафесіяналізм. Педагог павінен быць майстрам сваёй справы, а гэта не толькі ведаць і ўмець данесці свой прадмет. Гэта бачыць кожнага вучня, адчуваць кожнага вучня, разумець кожнага вучня і заўсёды быць гатовым стаць на яго месца і прыйсці на дапамогу. Наша навучальная ўстанова для вучня, і працуем мы таксама на яго карысць.

— З гэтымі пастулатамі сустракаеце і маладых спецыялістаў?

— Да нас прыходзяць працаваць не столькі маладыя настаўнікі, колькі з іншых устаноў адукацыі. Вілейка — горад невялікі. Усе адно пра аднаго ўсё ведаюць, таму калі мы сустракаемся з педагогам, які жадае ў нас працаваць, то пэўную інфармацыю пра яго ўжо маем. Яе, безумоўна, недастаткова. Астатняе дабіраецца ў асабістых зносінах, калі педагог расказвае, як ён разумее тыя задачы, якія будзе выконваць у нашай установе адукацыі.

Акрамя таго, я лічу, што майстрам не нараджаюцца, а становяцца. Настаўніку трэба даць магчымасць праявіць сябе. Некалі я прыйшоў сюды працаваць настаўнікам фізікі пасля арміі. Паўтара года арміі замарудзілі мой педагагічны рост. Але на той момант у школе працавалі такія моцныя намеснікі дырэктара, якія далі мне магчымасць адчуць сябе ўпэўнена. На гэта спатрэбіліся час і іх цярпенне, бо мае першыя ўрокі пасля арміі сведчылі толькі пра маю няўпэўненасць. І калі б яны сказалі, што нічога з мяне не атрымаецца, то, напэўна, і не атрымалася б. Ужо тады я на сабе адчуў, што да настаўніка трэба ставіцца беражліва. Насамрэч заўсёды можна знайсці да чаго прычапіцца, але канцэнтравацца трэба на станоўчым. І ні ў якім разе не пачынаць гаворку з негатыву.

— Васілій Іванавіч, ці згодны вы з тым, што прэстыж настаўніка — гэта сам настаўнік?

— Цяпер часта даводзіцца чуць: вось раней да педагога зусім іншае стаўленне было. Калі ён ішоў па вуліцы, то перад ім здымалі капялюш. Сёння калі па вуліцы ідзе настаўнік нашай гімназіі, напрыклад, Алена Васільеўна Усціновіч, Віктар Віктаравіч Кажура, Людміла Іосіфаўна Рослік, Ігар Леанідавіч Балыка, Святлана Мікалаеўна Савянкова, Алена Фларыянаўна Дубаневіч, Наталля Генадзьеўна Гулецкая, Валерый Фёдаравіч Купцэвіч ці Лілія Іванаўна Твярдоўская, не думаю, што нехта з імі можа не павітацца. Гэта людзі, якія свой прэстыж зрабілі самі, сваёй працай. Яны не чакалі адразу вялікай заработнай платы і палепшаных умоў працы, а працавалі самааддана і з цікавасцю. Прэстыж настаўніка — найперш яго праца. Дзеці бачаць усё, таму заўважаюць нават самы, здавалася б, нязначны промах. Праз дзяцей інфармацыя даходзіць да бацькоў. І калі настаўнік дазваляе сабе нейкія хібы, то, як бы дзяржава ні старалася, прэстыж такога педагога яна не падыме. І капялюш перад ім ніхто не здыме.

— Але маладыя настаўнікі хочуць быць прэстыжнымі, атрымаўшы толькі дыплом аб вышэйшай адукацыі?

— Так, ёсць такое адчуванне. Маладыя лічаць, што ўмовы для іх павінны быць такімі, каб яны атрымалі ўсё і адразу. Многія ў першы свой працоўны дзень заяўляюць, што яны ў педагогах затрымаюцца толькі на тэрмін адпрацоўкі. Па маіх назіраннях, гэта, як правіла, тыя, хто недаатрымаў веды падчас навучання ва ўніверсітэце. Конкурсы на педагагічныя спецыяльнасці пакідаюць жадаць лепшага. І калі гаворка заходзіць пра амаладжэнне педагагічных калектываў, то мне здаецца, што калі ва ўзроставых педагогаў-прафесіяналаў ёсць сілы і жаданне працаваць, то сучаснай адукацыіі яны вельмі патрэбныя: могуць падцягнуць маладых, нечаму іх навучыць. Напрыклад, як паводзіць сябе з дзецьмі, як гаварыць з бацькамі, як будаваць паспяховыя ўрокі і шмат чаму яшчэ. Такія настаўнікі дасягнулі пэўных поспехаў і могуць падзяліцца з пачынаючымі педагогамі сваім майстэрствам. І малады, гледзячы на свайго старэйшага калегу, задумаецца над сваім удасканаленнем і над магчымасцямі атрымаць большую заработную плату. Ёсць магчымасць зарабіць і ў школе. Калі будзе імкненне, то будуць прэмія і надбаўка.

— Тут жа хачу спыніцца яшчэ на адной з’яве, на якую наракаюць педагогі ўсёй краіны і якая таксама аказвае ўплыў на прэстыж. Гаворка ідзе пра дакументазварот. Як з ім спраўляюцца ў вашай гімназіі?

— Як бы правільна ён ні быў арганізаваны, без напружання гэтая дзейнасць не абыходзіцца. Вельмі часта мы вымушаны займацца зборам рознага кшталту даных, якія нашай установе не патрэбны. Атрымліваецца, што тым самым мы выконваем чужыя функцыі. Возьмем, напрыклад, той жа ўсенавуч. У адпаведным дакуменце сказана, што спісы дзяцей нам павінны прадаставіць. А наша задача — іх толькі зверыць. На справе атрымліваецца, што мы гэтыя спісы складаем самі. Калі з ЖКГ наша ўзаемадзеянне выбудоўваецца, то іншыя структуры ніякім чынам у гэтым не ўдзельнічаюць.

Безумоўна, упарадкаваць працу з дакументамі, рабіць яе больш аператыўнай вельмі дапамагае камп’ютар. Тым не менш работа за камп’ютарам — гэта той часавы рэсурс, які мог быць патрачаны, напрыклад, на падрыхтоўку да ўрока. І ацэнка эфектыўнасці дзейнасці ўстановы адукацыі павінна рабіцца не па тым, як усё добра на паперы, а па тым, як вырашаюцца пастаўленыя задачы і выконваюцца адукацыйныя стандарты, па тым, наколькі задаволены ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу яго арганізацыяй і вынікамі.

— Згодна з вамі. Васілій Іванавіч, вялікі вам дзякуй за шчырую размову.

Даведка

У 2016/2017 навучальным годзе ў гімназіі навучаліся 444 вучні ў 19 класах. На ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў гімназіі было арганізавана мультыпрофільнае навучанне па другой мадэлі. Для вучняў 10-х класаў былі адкрыты дзесяць профіляў з вывучэннем на павышаным узроўні фізікі і матэматыкі, матэматыкі і замежнай мовы, замежнай мовы і рускай мовы, хіміі і біялогіі, хіміі і матэматыкі, рускай мовы і англійскай мовы, грамадазнаўства і гісторыі Беларусі, матэматыкі і рускай мовы, грамадазнаўства і рускай мовы, англійскай мовы і гісторыі Беларусі. 11 клас працягваў працу па наступных профілях: фізіка і матэматыка, англійская мова і матэматыка, хімія і матэматыка, хімія і біялогія, англійская мова і біялогія. У гімназіі на працягу 2015/2016 і 2016/2017 навучальных гадоў працавала профільная група педагагічнай накіраванасці. У плане профільнага навучання педагагічны калектыў стараецца задаволіць усе запыты навучэнцаў i iх законных прадстаўнiкоў.

Аналітычныя даныя адукацыйнага працэсу гімназіі за апошнія пяць гадоў сведчаць аб захаванні тэндэнцыі росту асноўных якасных паказчыкаў. Па выніках 2016/2017 навучальнага года рэйтынг вучэбных дасягненняў вучняў 3—11 класаў склаў 8,2 бала і з’яўляецца адным з самых высокіх сярод устаноў адукацыі Вілейскага раёна. Як паказвае аналіз выніковай атэстацыі 2017 года, у гімназіі 185 вучняў (53%) з дастатковым узроўнем засваення ведаў, з высокім — 144 навучэнцы (41,3%), вынікі вучэбных дасягненняў на сярэднім узроўні ў 20 вучняў (5,7%). Няма навучэнцаў са здавальняючым і нізкім узроўнем засваення ведаў.

У 2017 годзе шэсць выпускнікоў 9-х класаў гімназіі атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Атэстат асаблівага ўзору і залаты медаль у навучэнкі 11 класа Надзеі Кліменак, атэстаты асаблівага ўзору і сярэбраныя медалі атрымалі Іван Ануфрэенак і Дар’я Філімонава. Штогод на ЦТ многія выпускнікі гімназіі паказваюць вынікі па розных вучэбных прадметах, якія перавышаюць 85 балаў. Бывалі ў гімназістаў і 100-бальныя вынікі.

Узровень якасці адукацыі пацвярджаецца і перамогамі навучэнцаў гімназіі на алімпіядах, канферэнцыях, інтэлектуальных турнірах і конкурсах рознага ўзроўню. Па стане на ліпень 2016/2017 навучальнага года ў банку даных адораных навучэнцаў гімназіі, які змяшчае звесткі пра пераможцаў алімпіяд і конкурсаў ад раённага да міжнароднага ўзроўняў, зарэгістравана больш за 120 навучэнцаў 1—11 класаў.

Алімпіядным рухам ахоплены ўсе гімназісты. Па выніках 2016/2017 навучальнага года гімназія займае 2-е месца ў рэйтынгу ўстаноў адукацыі Вілейскага раёна. У 2016/2017 навучальным годзе вучаніца 10 класа Надзея Каўрус стала пераможцай заключнага (дыплом III ступені) этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры (настаўніца Таццяна Пятроўна Матусевіч), а Іван Ануфрэенак стаў пераможцам (дыплом за 2-е месца) Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (настаўніца Вольга Уладзіміраўна Барысевіч).

Сярод самых годных узнагарод 2016/2017 навучальнага года членаў гімназічнага навуковага таварыства “Пошук” можна назваць дыплом I ступені рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыi) вучняў у секцыі “Лінгвістыка” дзевяцікласніцы Валерыі Кабак і адзінаццацікласніцы Надзеі Кліменак (настаўнік Віктар Віктаравіч Кажура), а таксама дыплом III ступені гэтага ж конкурсу ў дзесяцікласніцы Юліі Завацкай (настаўніца Паліна Аляксандраўна Ганчар). Атрымала дыплом II ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлэкт” у секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі” вучаніца 9 класа Ксенія Семяновіч (настаўнікі Канстанцін Анатольевіч Радзівонаў і Юрый Станіслававіч Жыбуль).

За час існавання Вілейскай гімназіі № 2 дзесяць яе навучэнцаў папоўнілі спісы стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, Бажэна Мацюк тройчы за час вучобы ў гімназіі станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (настаўнік В.В.Кажура).

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.