Да роднай мовы — з павагай і глыбокімі ведамі

- 10:02Адукацыйная прастора

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” прайшоў у Лідзе.

Школьнікаў, якія не толькі дасканала ведаюць родную мову, але і імкнуцца глыбей спасцігнуць яе хараство, прымаў Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва. Свой узровень валодання беларускай мовай і ведання айчыннай літаратуры прадэманстравалі 127 вучняў з усёй краіны. 57 удзельнікаў алімпіяды атрымалі дыпломы.

Алімпіяда складалася з двух этапаў. Першы — напісанне водгуку на літаратурны твор. Другі — выкананне комплекснай работы па беларускай мове і літаратуры. Першы — найбольш складаны — этап дазволіў выявіць камунікатыўныя здольнасці вучняў, уменне абгрунтавана выказваць уласную пазіцыю наконт прапанаванага мастацкага твора. Вучні 9 і 11 класаў пісалі водгук на вершы Міколы Арочкі “Я вывучаю прагна мову дрэў…” і “Канфліктуе з сэрцам…”, а вучні 10 класа — на празаічны твор Івана Мележа “Можа — праб’ецца” з цыкла “Белыя вішні і яблыні”.

— У цэлым можна сцвярджаць, што вучнёўскія водгукі былі вельмі высокага ўзроўню, — адзначыла старшыня журы, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт Вольга Зелянко. — Вучні паказалі ўменні выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку, ідэю твораў, аўтарскую пазіцыю, абгрунтоўваць прачытанае, вызначаць ролю кампазіцыі, вобразна-выяўленчых сродкаў, даваць ацэнку мастацкаму твору, выказваць уласны погляд на праблему, узнятую аўтарам. Асобныя ўдзельнікі алімпіяды прадэманстравалі багаты чытацкі вопыт і шырокі навуковы кругагляд, здольнасць выказваць свае думкі ў арыгінальнай форме.

Комплексная работа па беларускай мове і літаратуры — традыцыйнае выпрабаванне, якое дазваляе выявіць веды, уменні, навыкі вучняў па розных раздзелах мовазнаўства і літаратуразнаўства, іх крэатыўныя здольнасці. Адметнасцю сёлетніх комплексных работ для кожнага класа было тое, што яны былі прысвечаны пэўным тэмам і юбілеям класікаў беларускай літаратуры, што знайшло адбітак літаральна ў кожным заданні. У 9 класе гэта была тэма дэтыктыва ў кантэксце 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча, у 10-м — тэма тэатра і 100-годдзе Андрэя Макаёнка, у 11-м — тэма кнігі і 100-годдзе Івана Шамякіна і Івана Мележа.

— Вучні паказалі глыбокія веды і сфарміраваныя ўменні ў галіне арфаэпіі, арфаграфіі, словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу, тэорыі і гісторыі літаратуры. Зразумела, былі пэўныя тыповыя памылкі, якія пасля завяршэння выпрабаванняў былі прааналізаваны падчас разгляду работ. Трэба адзначыць, што сёлета комплексная работа ўключала вельмі цікавыя, крэатыўныя, нечаканыя для вучняў заданні, якія патрабавалі ўменняў арыентавацца ў нестандартнай сітуацыі, праяўляць творчыя здольнасці, крытычнае мысленне. Напрыклад, дзевяцікласнікам было прапанавана заданне дапамагчы рэдактару літаратурнай энцыклапедыі выправіць пашкоджаны хакерам артыкул і дапісаць яго; дзесяцікласнікам — напісаць невялікую п’есу пра сустрэчу літаратурных герояў з розных твораў Уладзіміра Караткевіча; адзінаццацікласнікам — падрыхтаваць выставу кніг пісьменнікаў-юбіляраў і напісаць анатацыі да гэтых выданняў. У цэлым з гэтымі заданнямі вучні паспяхова справіліся, — дадала Вольга Зелянко.

Трэба адзначыць, што ў складзе журы працавалі як школьныя настаўнікі, метадысты, так і прадстаўнікі вядучых беларускіх універсітэтаў з усіх рэгіёнаў нашай краіны — кандыдаты навук, выкладчыкі філалагічных дысцыплін, якія асабліва зацікаўлены ў тым, каб ва ўстановы вышэйшай адукацыі прыйшлі такія падрыхтаваныя, таленавітыя, адораныя вучні, як сёлетнія алімпіяднікі.

— Хочацца адзначыць настаўнікаў, якія працуюць з высокаматываванымі, філалагічна адоранымі вучнямі, — сказала старшыня журы. — Мы разумеем, што поспехі алімпіяднікаў — гэта вынік карпатлівай, напружанай, шматгадовай працы школьных настаўнікаў. І таму трэба падзякаваць ім за самаадданае, руплівае стаўленне да выхавання ў дзяцей любові да роднай мовы, цікавасці да беларускай літаратуры, да чытання ўвогуле, а таксама за тое, што педагогі выхоўваюць не толькі людзей з філалагічным мысленнем і светапоглядам, але і сапраўдных беларусаў, шчырых патрыётаў.

Па выніках алімпіяды 57 пераможцаў узнагароджаны дыпломамі, з іх 11 — дыпломамі І ступені, 18 — ІІ ступені і 28 — ІІІ ступені.

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ўзнагароджаны: навучэнкі 9 класа Марыя Батурына (Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Ф.Скарыны Віцебскай вобласці), Аксана Арэшчанка (сярэдняя школа № 9 Мазыра Гомельскай вобласці), Любава Юркевіч (гімназія № 1 Барысава Мінскай вобласці); вучаніцы 10 класа Рэната Ганчар (гімназія № 2 Слуцка Мінскай вобласці), Валерыя Назаранка (Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), Вераніка Матусевіч (гімназія № 1 імя Ф.Скарыны Мінска), Вікторыя Бурак (Бараўлянская гімназія Мінскага раёна Мінскай вобласці); вучаніцы 11 класа Кіра Гільгенберг (сярэдняя школа № 45 Віцебска імя В.П.Маргелава), Лізавета Петрашэвіч (сярэдняя школа № 21 Баранавіч Брэсцкай вобласці), Аміна Назарава (Акцябрская раённая гімназія Гомельскай вобласці), Уладзіслава Падабед (Лабжанскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці).

Прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь уручаны адзінаццацікласніцы Ленінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці Ганне Цярэшчанка.

Ірына АНІКЕВІЧ.