Да сяброўства — праз творчасць

- 14:09Навіны рэгіёнаў

Адкрыты фестываль творчасці замежных студэнтаў “Дружба народаў” прайшоў на Магілёўшчыне.

Удзельнікамі творчага марафону сталі маладыя людзі розных нацыянальнасцей, якія зараз вучацца ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі. Сёлета свае таленты дэманстравалі студэнты з Туркменістана, Камеруна, Азербайджана, Кітая, Шры-Ланкі, Нігерыі, Судана, Ірака, Ірана і Егіпта.

Конкурсная праграма расцягнулася на два дні. Удзельнікі маглі прадэманстраваць свае здольнасці ў вакальна-харавой, інструментальнай і вакальна-інструментальнай творчасці, харэаграфічным і тэатральным мастацтве. Кожны канкурсант змог уразіць прысутных. Удзельнікі пакаралі журы і гледачоў народнымі песнямі і танцамі, ігрой на нацыянальных інструментах, а некаторыя — добрым веданнем беларускай мовы.

Па выніках фестывалю многія канкурсанты атрымалі ўзнагароды. Самы ж галоўны прыз, гран-пры,  дастаўся прадстаўнікам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Фестываль быў арганізаваны ў 2008 годзе па ініцыя­ты­ве кіраўніцтва Беларуска-Расій­скага ўніверсітэта. Гэтае творчае спаборніцтва спрыяе ўмацаванню культурна-духоўнага супрацоўніцтва, усталяванню сяброўскіх кантактаў паміж студэнтамі розных краін.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.