Дабіцца ўсяго немагчыма, шануйце тое, што маеце…

- 11:50Суразмоўца

Калегі лічаць яго эрудытам, студэнты слухаюць яго мудрыя парады, а сябры ўпэўнены — на яго можна паспадзявацца. Паўгадзінная размова з доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам НАН Беларусі Уладзімірам Феліксавічам БАГІНСКІМ пацвердзіла сказанае — ён той рэдкі тып інтэлектуалаў, зносіны з якімі пакідаюць у душы доўгі і прыемны смак пасля і, канечне, усмешку, шчырую, цёплую. Пра жыццё і ліхія прыгоды лёсу кароткая размова з вучоным.

— Уладзімір Феліксавіч, вы нарадзіліся ў Маскве, але жыццёвы шлях звязаны з Беларуссю…

— У маіх бацькоў — прадстаўнікоў навуковай інтэлігенцыі — трагічны лёс. Яны сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій у 30-я гады. Мне было ўсяго паўтара года, калі дзядуля забраў мяне з Масквы да сябе ў Хойнікі, дзе і прайшлі маё дзяцінства і юнацтва. Час быў цяжкі — вайна. Бачыў і смерці, і чалавечае гора. На маё станаўленне значна паўплывала асоба дзеда. Ён быў падпольшчыкам, валодаў нямецкай мовай і латынню, добра разбіраўся ў садоўніцтве, любіў працу, умела вёў дамашнюю гаспадарку, усюды: і на рацэ, і ў полі, і ў лесе — вучыў мяне назіраць, заўважаць, вывучаць.

— Па гэтай прычыне вы і вырашылі вывучаць лес?

— Тут усё неадназначна. Я заўсёды хацеў вывучаць дакладныя навукі, стаць фізікам, таму, калі скончыў школу з адзнакай, нацэліўся на паступленне ў Маскву — у МДУ або ў Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут. На жаль, мяне чакала расчараванне: мае рэпрэсіраваныя бацькі тады яшчэ не былі рэабілітаваны, а значыць, дарога ў сталіцу і ў буйныя ВНУ была для мяне закрыта. Прыйшлося шукаць іншыя варыянты. Адным з іх стаў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С.М.Кірава, на лесагаспадарчы факультэт мяне прынялі без экзаменаў.

— Як вам давалася навучанне?

— Мне заўсёды падабалася вучыцца, быў у ліку першых. Дапамагала моцная матывацыя, бо выдатная вучоба была гарантыяй павышанай стыпендыі, а вышэйшая адукацыя цанілася і забяспечвала будучыню. Просты вясковы хлопец, я, тым не менш, імкнуўся ў вялікую навуку, марыў пра аспірантуру, кар’еру вучонага. Матэрыяльнае становішча, канечне, было складаным, жыў у інтэрнаце на стыпендыю. Двойчы ездзіў на асваенне цаліны (гэта былі першыя грошы, заробленыя ўласнай працай). Нарэшце я змог дазволіць сабе добры касцюм, гадзіннік, фотаапарат.

Пасля інстытута планаваў працягнуць навучанне ў аспірантуры. На жаль, не пашанцавала — не засталося свабоднага месца. Гэта і стала пачаткам не навуковай, як я марыў, а працоўнай кар’еры. Рабоце ў лясніцтве я аддаў 8 гадоў жыцця. Лес навучыў мяне любіць і разумець прыроду, умела кіраваць даверанай мне справай, прымаць правільныя рашэнні і несці за іх адказнасць. Лясніцтва, якім я кіраваў, у выніку было прызнана лепшым у Беларусі, але заставацца ляснічым я не хацеў, не пакідалі думкі пра аспірантуру. Туды я і паступіў праз 8 гадоў.

— Атрымліваецца, вядомы ляснічы раптам стаў простым аспірантам?

— З аднаго боку, здзейснілася мая мара, я з галавой паглыбіўся ў навуку, даследаванні. З другога — вельмі нязвыкла было пасля кіруючай пасады і добрай зарплаты зноў адчуць сябе бедным студэнтам. Але гэта дало мне стымул многа працаваць. Я хутка напісаў кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі, у цяперашнім Інстытуце лесу НАН Беларусі прайшоў шлях ад аспіранта да намесніка дырэктара. На гэтай пасадзе працаваў 17 гадоў, пасля пачаў выкладчыцкую дзейнасць у ГДУ імя Францыска Скарыны на кафедры лесагаспадарчых дысцыплін, ініцыятарам стварэння якой я быў.

— Уладзімір Феліксавіч, а ў які перыяд жыцця вы сустрэлі сваю другую палавінку?

— Калі быў аспірантам, адпачываў у Сочы. Там, на танцпляцоўцы, пазнаёміўся са сваёй Таццянай і адразу зразумеў, што гэтая дзяўчына — мой лёс. Мы ажаніліся праз тры дні пасля знаёмства.

— Няўжо ўсяго за тры дні можна распазнаць свой лёс?

— Як аказалася, можна. Праз два гады мы адсвяткуем залатое вяселле. Наш шлюб моцны і шчаслівы, у нас трое дзяцей, восем унукаў і адна праўнучка. Я заўсёды стараўся быць добрым бацькам, выхаваць дзяцей дастойнымі людзьмі, даць ім вышэйшую адукацыю. Зараз у кожнага з іх свая сям’я. Дачка займаецца навукай, адзін з сыноў стаў урачом, другі выбраў ІТ-сферу. З жонкай жывём душа ў душу, яна з разуменнем ставіцца да майго ладу жыцця вучонага.

— Навука і сёння аднімае шмат часу?

— Канечне, бо, паўтаруся, гэта лад жыцця — даследаваць, пісаць навуковыя артыкулы, манаграфіі, падручнікі… Апошнія дзесяць гадоў навуку сумяшчаю з выкладаннем, і ў гэтым знаходжу асаблівае задавальненне і сэнс. З моладдзю цікава мець зносіны, сучасныя студэнты здольныя, амбіцыйныя, разумныя, шкада толькі, што ў іх няма той моцнай матывацыі да навучання, якая была ў нас.

— Раскажыце пра вашы захапленні.

— І да літаратуры, і да тэатра, і да іншых відаў мастацтва я стаўлюся з вялікай павагай. Заўсёды любіў чытаць, сам займаюся публіцыстыкай — пішу нарысы пра таленавітых людзей, гісторыю свайго роду і інш. Ведаеце, кожнаму ўзросту ўласцівы свае кнігі. Напрыклад, у школьныя гады я зачытваўся Маякоўскім, у студэнцтве ўпіваўся раманамі Дыкенса, пасля сарака палюбіў творы Аляксея Талстога, а пасля пяцідзесяці ўсвядоміў глыбіню прозы Фёдара Дастаеўскага. Падабаецца мне і беларуская літаратура, сучасныя аўтары і драматургі.

— Уладзімір Феліксавіч, у сваім жыцці вы дабіліся ўсяго, пра што марылі?

— Дабіцца абсалютна ўсяго немагчыма. Важна шанаваць тое, што маеш, любіць справу, якая стала тваім жыццём. Не зайздросціць навакольным, а радавацца іх поспехам, не спадзявацца на выпадак, а ўпарта працаваць і, не здаючыся, ісці да сваёй мэты.

Святлана ХАЗЕЙ.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.