Дабраліся да Урала

- 11:46World Skills

Нядаўна ў расійскім Екацярынбургу прайшоў V Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Hi-Tech. На гэтым спаборніцтве вызначыўся і наш зямляк навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ Андрэй Ярмак. Хлопец заваяваў бронзавы медаль у прафесійнай кампетэнцыі электрамантажных работ. Перамога ўдвая каштоўная, таму што Андрэй выступаў разам з канкурсантамі, намнога старэйшымі за яго і больш вопытнымі ў працы. Андрэю давялося змагацца з прафесіяналамі з Расіі і яшчэ 15 краін свету. Атрымаўшы залаты медаль сёлетняга Нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства, Андрэй Ярмак утрымлівае пераможны тэмп і на іншых спаборніцтвах.

Фота да матэрыяла: Дабраліся да Урала.— У нашай краіне рух WorldSkills разглядаюць як самую імклівую, дынамічную і эфектыўную сістэму распаўсюджвання міжнароднага вопыту ў сферы прафесійнай адукацыі,— адзначыў Андрэй Іванавіч Гота, дырэктар Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ. — Удзел у конкурсах WorldSkills дае штуршок да перагляду падыходаў у падрыхтоўцы кадраў, абумоўлівае неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, стымулюе да абнаўлення зместу прафесійнай падрыхтоўкі, надае вучэбна-метадычнаму суправаджэнню адукацыйнага працэсу новыя рысы.

Кіраўніцтва ўстановы прыклала шмат намаганняў, каб на базе каледжа стварыць эфектыўную пляцоўку для прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, у тым ліку па тых кампетэнцыях, якія ўваходзяць у пералік WorldSkills. Такая місія была перададзена рэсурснаму цэнтру, дзе сёння навучэнцы практыкуюцца ў засваенні навыкаў электрамантажных, электравымяральных работ, а таксама ў тэхнічным абслугоўванні і рамонце электраабсталявання. Гэтае падраздзяленне стала цэнтрам падрыхтоўкі канкур-сантаў WorldSkills не толькі згаданага каледжа, але і іншых навучальных устаноў таго ж профілю.

Каледж з самых першых крокаў руху WorldSkills у нашай краіне стаў актыўна ў ім удзельнічаць. Цяпер ніводнае нацыянальнае або міжнароднае спаборніцтва не абыходзіцца без навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад’ёмна-транспартных работ. Дзе б яны ні ўдзельнічалі, заўсёды паказваюць добрыя вынікі.

Акрамя таго, выкладчык каледжа А.У.Шыдлоўскі з’яўляецца галоўным экспертам WorldSkills па прафесійнай кампетэнцыі “Электрамантаж”. Удзельнічаючы ў нацыянальным чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia), чэмпіянаце China International Skills Competition у Кітаі, Сусветным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills у Абу-Дабі (ААЭ), Аляксандр Уладзіміравіч не толькі набываў вопыт эксперта, але і склаў сваю методыку падрыхтоўкі канкурсантаў.

У гэтым марафоне WorldSkills адным з першых быў навучэнец каледжа Уладзіслаў Краўцоў. Ён прайшоў зайздросны пераможны шлях у гэтым руху. Цяпер хлопец атрымаў статус эксперта. Аляксандр Уладзіміравіч і Уладзіслаў былі разам з Андрэем Ермаком у Екацярынбургу. У такім жа складзе яны выступяць і на наступных конкурсах.

— WorldSkills можна па праве лічыць рухаючай сілай прафесійнай адукацыі, — адзначыў А.У.Шыдлоўскі. — Мяркуючы па ўзроўні падрыхтоўкі маіх выхаванцаў, можна адназначна сказаць, што з кожным разам іх прафесійны ўзровень узрастае і на чарговым конкурсе хлопцы паказваюць больш высокія вынікі згодна з сусветнымі патрабаваннямі.

Эксперт паведаміў, што для таго каб выканаць электрамантажныя работы, канкурсанты павінны валодаць навыкамі слесара, электрыка, мантажніка і настолькі дакладна выконваць усе дзеянні, каб такую работу можна было назваць ювелірнай. Пры гэтым навучэнцы павінны самі ствараць электрычную схему і забяспечваць запуск электрамантажнага вузла. Само заданне па гэтай кампетэнцыі ўяўляе лагічную схему работы абсталявання з выкарыстаннем шэрага камплектуючых вырабаў, і канкурсант павінен ведаць, як сабраць гэтую схему і як забяспечыць яе правільнае функцыянаванне.

У апошнія гады на міжнародных спаборніцтвах актыўна ўкараняюцца сістэмы аўтаматызаванага кіравання электрапрывода, выкарыстоўваюцца запраграмаваныя сістэмы, таму навучэнцы павінны валодаць практычнымі навыкамі не толькі ў выкананні электрамантажных работ, складанні, устаноўцы і кіраванні неабходным абсталяваннем, але і ведаць сістэму праграмавання, гэта значыць лічбавую тэхніку, якая прымяняецца ў абсталяванні. Такім чынам, прафесійны ўзровень канкурсантаў павінен пастаянна павышацца.

Абодва хлопцы, Андрэй і Улад, сёння займаюцца ў адной вучэбнай групе на ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яны папярэдне засвоілі рабочыя прафесіі, а цяпер працягваюць навучанне, каб стаць спецыялістамі сярэдняга звяна. У далейшым мараць паступіць на скарочаную праграму вышэйшай адукацыі ў БНТУ. Як бачна, біяграфія абодвух вельмі падобная. Іх жыццёвыя шляхі пераплятаюцца паміж сабой, адзін аднаго дапаўняюць і стымулююць да новых вяршынь. Напэўна, у Казані (там пройдзе чарговы сусветны чэмпіянат WorldSkills) мы зноў дачакаемся ўзнагарод. Звычка перамагаць ужо добра ўкаранілася ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы мантажных і пад’ёмна-транспартных работ.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.