Карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” гасцінна запрасілі наведаць дзіцячы сад № 34 Жлобіна — тут сапраўды ёсць што паглядзець.
Ва ўстанове працуе дружны, згуртаваны калектыў, які сардэчна прымае ў сваю педагагічную сям’ю навічкоў у прафесіі. А яшчэ там ёсць унікальны ў сваім родзе дзіцячы музей металургіі. Прадстаўленыя ў ім экспанаты даюць магчымасць самым маленькім жыхарам Жлобіна атрымаць дакладнае ўяўленне аб рабоце сваіх мам і татаў. Самі дзеці кажуць: “Гэта вельмі заліпальна!”
Пырскі ўбок — плыве “дэльфінчык”
Сучасны педагог-выхавальнік — гэта не толькі чалавек, які валодае спецыяльнымі ведамі. Гэта, у першую чаргу, прафесіянал, які спалучае ў сабе рысы і псіхолага, і сябра для дзяцей, і настаўніка. Гэта творчы работнік, майстар сваёй справы, наватар, чалавек, які шукае шлях да разумення дзяцей, які свядома імкнецца да таго, каб дапамагчы дзіцяці пражыць шчаслівае дзяцінства і стаць паспяховым у жыцці.
На парозе ўстановы мяне сустрэла загадчыца дзіцячага сада Вікторыя Кішкурно, якая стала правадніком у чароўны свет дзяцінства, пазнаёміла з маленькай казачнай краінай і яе гарэзлівымі, мілымі дзяўчынкамі і хлопчыкамі, клапатлівымі педагогамі.
— Педагагічнымі кадрамі ўкамплектаваны, з году ў год штат папаўняецца маладымі спецыялістамі. Так, летась іх прыйшло двое, сёлета — чацвёра, — гаворыць Вікторыя Станіславаўна. — У нас працуе выдатны калектыў вопытных і маладых педагогаў, штодня ад 23 спецыялістаў залежыць развіццё 230 выхаванцаў. Усе мы імкнёмся да таго, каб у нашым дзіцячым садзе панавала цёплая, утульная атмасфера, каб кожнае дзіця адчувала сябе камфортна.
Загадчыца правяла экскурсію па садзе, падрабязна спыняючыся на рабоце вузкіх спецыялістаў — педагога-лагапеда, педагога-псіхолага, на развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, расказваючы аб тых напрамках, якія актыўна развіваюць у аб’яднаннях па інтарэсах. Напрыклад, майстэрня тэхнічнага канструявання дапамагае дзецям развіваць увагу, прасторавае і алгарытмічнае мысленне, зрокава-рухальную каардынацыю, памяць, уяўленне, дробную маторыку. Таксама ў садзе хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтуюцца стаць першакласнікамі, дружна наведваюць курсы падрыхтоўкі да школы. А ў музычнай і фізкультурнай залах праходзяць заняткі па харэаграфіі, дзіцячым фітнесе. Самае любімае месца малых — басейн. І зараз выхаванцы адной з груп адпраўляюцца туды па станоўчыя эмоцыі. Заняткі праводзіць кіраўнік фізічнага выхавання. Цікава назіраць, як гэтыя маленькія “дэльфінчыкі” спрабуюць плаваць. Аснову рухальнай актыўнасці педагогі закладваюць з дзяцінства. Плаванне — адзін з самых простых спосабаў зрабіць дзіця загартаваным, здаровым і фізічна развітым. Гульні ў вадзе любяць амаль усе дзеці, таму дашкольны ўзрост — самы прыдатны час, каб накіраваць гэтыя гульні ў карыснае рэчышча і навучыць малых плавальным навыкам.
Музей БМЗ — бацькоўская работа
У дашкольнай установе ўжо шмат гадоў працуе дзіцячы музей металургіі. Незвычайная экспазіцыя з’явілася невыпадкова: бацькі тутэйшых выхаванцаў працуюць на ААТ “БМЗ”. Як аказалася, малышы практычна нічога не ведаюць аб прафесіях сваіх мам і татаў, а арганізаваць экскурсію на завод з-за спецыфікі вытворчасці не ўяўляецца магчымым.
— Менавіта таму такі музей з’явіўся ў нашым садзе, — адзначае загадчыца. — Тут усё як на сапраўдным заводзе, праўда, у мініяцюры: прадстаўлены вытворчыя цэхі, напрыклад, электрасталеплавільны, сортапракатны, трубапракатны, сталядротавы, транспартны. Экспазіцыя дэталёва і наглядна паказвае дзецям увесь маштаб прамысловага комплексу. Таксама тут прапанаваны ўзоры прадукцыі, якая выпускаецца на заводзе. Дарэчы, пры дапамозе бацькоў не толькі былі падрыхтаваны макеты, экспанаты, але і пашыты рабочыя касцюмы. Гордасць музея — распрацаваны педагогамі наглядны матэрыял для сюжэтна-ролевых гульняў. Так, з іх дапамогай малышам даступнай мовай тлумачаць асаблівасці прафесій сталявара, пракатчыка, травільшчыка-гальваніка і іншых. Дзеці ўсё вывучаюць у гульні, імправізуючы, маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі супрацоўнікаў завода. Яны ведаюць, чым адрозніваецца форма, якую носяць рабочыя, ад той, што апранаюць прадстаўнікі кіраўніцкіх пасад. Такім чынам, педагогі не толькі інфармуюць выхаванцаў аб рабоце іх бацькоў, але і з дзяцінства прывіваюць ім цікавасць да металургіі. А яшчэ ў музеі ёсць роставая лялька Іскрык. Прымяраючы яркі вобраз, кожнае дзіця можа самастойна правесці экскурсію. Дзеці выдатна спраўляюцца з тэрміналогіяй, калі апісваюць вытворчы працэс.
Марыла стаць педагогам
У дашкольнай установе працуе выдатны малады спецыяліст — выхавальніца Мілана Строева, якая другі год клапоціцца аб 24 малых. Дзеці ў захапленні ад Міланы Раманаўны, шмат станоўчых водзываў аб ёй і ад кіраўніцтва сада, а таксама бацькоў, упэўненых, што яны аддаюць сваіх дзетак у надзейныя рукі дыпламаванага спецыяліста, няхай і маладога.
На пытанне, чаму выбар быў зроблены менавіта на карысць педагогікі, Мілана Раманаўна шчыра адказала, што з дзяцінства марыла стаць выхавальніцай.
— Заўсёды ведала, што буду педагогам, ні ў якой іншай сферы дзейнасці нельга атрымаць такі спектр эмоцый, такую самааддачу, як ад малых чамучак дзіцячага сада, — расказвае пра свой прафесійны выбар малады спецыяліст. — Я вырасла ў мнагадзетнай сям’і, з чатырох сясцёр я старэйшая, таму з дзяцінства люблю клапаціцца аб малышах.
Яе рашэнне стаць педагогам падтрымала ўся сям’я, што немалаважна. Дзяўчына адвучылася ў Рагачоўскім дзяржаўным педагагічным каледжы і ўжо другі год побач са сваімі выхаванцамі. Дарэчы, першы працоўны дзень яна памятае і сёння:
— На ганку ва ўстанове мяне сустрэла загадчыца дзіцячага сада Вікторыя Станіславаўна. Яна была такая ветлівая, што мой страх тут жа знік. Калектыў мяне падтрымлівае з першых дзён. Прызнацца, спачатку не верыла ў свае сілы, але калегі ў мяне паверылі, што вельмі прыемна. Выбудоўваць работу з дзецьмі дапамагалі педагогі са стажам, якія падказвалі, падстаўлялі сваё плячо.
У любое надвор’е выхавальніца ідзе на працу з добрым настроем, а па-іншаму і быць не можа, бо трэба ж сустракаць маленькіх чамучак.
— Кожнае дзіця індывідуальнае, да кожнага трэба знайсці падыход, — зазначае малады спецыяліст. — Напрыклад, мае хлопчыкі захапіліся танцамі, і я іх падтрымала. А каб іх магчымасці і здольнасці раскрыліся ў поўнай меры, пагутарыла з бацькамі, якія прыслухаліся да мяне, і зараз хлопчыкі з радасцю наведваюць творчыя секцыі. Дзяўчынкі таксама артыстычныя натуры, яны маленькія гімнасткі, якія, несумненна, дасягнуць поспехаў, а пакуль развіваюць сваю гнуткасць і пачуццё рытму.
Педагог набіраецца вопыту, а яе выхаванцы падрастаюць, старшая група актыўна рыхтуецца да выпускнога ранішніка.
— Выпускны як для дзяцей, іх бацькоў, так і для мяне будзе вельмі хвалюючым, — прызнаецца суразмоўніца. — Ранішнік рыхтуем з пачатку года, усё прадумана да дробязей. Але вельмі хвалююся, таму што ведаю, як цяжка будзе расставацца з дзецьмі.
— Згуртаваны калектыў дапамог дасягнуць выдатнага выніку ў конкурсе, — з удзячнасцю гаворыць выхавальніца. — Атрымалася крэатыўна паказаць частку свайго жыцця ад самага нараджэння да пачатку работы ў садзе. Ёсць што ўспомніць, бо ў школе я была актыўнай, удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах: і спявала, і танцавала, у старшых класах займалася арганізацыяй свят. Акрамя таго, мая актыўнасць выяўлялася яшчэ і ў спорце, я кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы. На конкурсе членам журы я ў прозе расказала, чаму выбрала сферу адукацыі. Усё проста: лічу, што менавіта выхавальнік закладвае ў чалавеку разумнае, добрае, вечнае. Калі дзіця маленькае, яно як пластылін, з якога можна вылепіць прыгожую пасудзіну і напоўніць творчасцю, дабрынёй, рознабаковымі ўменнямі, што спатрэбяцца ў жыцці.
Мілана Раманаўна перамагла ў конкурсе крэатыву, маладосці і самавызначэння “Лепшы малады спецыяліст”, які прайшоў на Жлобіншчыне ўпершыню. На шляху да запаветнага звання прыйшлося прайсці некалькі конкурсных этапаў: расказаць пра першыя крокі ў прафесію, захапленні, раскрыць свае таленты.
У групе ў педагога пануюць ідэальны парадак і ўтульнасць, дзеці ведаюць, што ў кожнай цацкі ёсць сваё месца. Дарэчы, падчас фатаграфавання ніхто з малых не бегаў, не мітусіўся, не спрачаўся і не крычаў. Усе былі занятыя сваімі вельмі важнымі справамі: хлопчыкі малявалі, дзяўчынкі разглядалі яркія казачныя ілюстрацыі, гулялі ў магазін, а Мілана Раманаўна паспявала і назіраць за нараджэннем мастацкага шэдэўра, і выступаць у ролі пакупніка. А калі здараецца, што раптам дзеці нешта не падзялілі, у педагога ў арсенале ёсць цырымонія прымірэння:
— Калі ў групе ўзнікае нейкая канфліктная сітуацыя і дзеці не могуць яе вырашыць самастойна, мы ўсе збіраемся ў кола. У цэнтры ўвагі тыя, хто пасварыўся, яны прымаюць сітуацыю, якая склалася, і абяцаюць адно аднаму не сварыцца больш. Дзеці абдымаюцца або змацоўваюць сваё абяцанне поціскам рук, і надыходзіць гармонія. Калі малышы не сварацца, то і ў мяне настрой выдатны. Да таго ж, калі выхавальнік нервуецца, дзеці счытваюць гэты стан. Таму выпраменьваць трэба спакой і дабрыню, з дзецьмі толькі так і трэба, каб яны потым захацелі звярнуцца па параду, падзяліцца чымсьці патаемным.
Па вечарах Мілана Раманаўна яшчэ поўная энергіі, таму вяжа шапачкі, рукавіцы, шкарпэткі або дзіцячыя цацкі, наведвае заняткі па танцах. Яна адзначае, што захапілася вальсам зусім нядаўна, прычым новы віток творчасці супаў з цікавым этапам у жыцці — выхадам на работу. У канцы размовы было цікава даведацца ў педагога, які яе дэвіз па жыцці і што б яна пажадала сабе ў будучыні:
— Няма мяжы дасканаласці. Я ў гэтым упэўнена, дакладна ведаю, што трэба заўсёды развівацца. Радкі ліста ў будучыню, думаю, гучалі б прыкладна так: “Не спыняйся, развівайся далей, у цябе ўсё атрымаецца!”
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара