Дабрынёй сагрэю дзіцячыя сэрцы

- 12:12Нам пішуць

У жыцці маленькіх часам здараюцца вялікія беды: жорсткасць дарослых, праблемы ў сям’і, алкагалізм бацькоў. На жаль, не ўсе бацькі выконваюць бацькоўскія абавязкі належным чынам, не ўсе клапоцяцца аб здароўі, фізічным, псіхічным, духоўным развіцці сваіх дзяцей. У такіх сітуацыях побач абавязкова павінны быць людзі, гатовыя працягнуць руку дапамогі, дапамагчы перажыць цяжкія моманты.

Гэта, сапраўды, асаблівыя дзеці, са складаным характарам і велізарным багажом крыўды і нянавісці. Жыццё навучыла іх будаваць сцены, і таму знайсці падыход да іх вельмі складана. Пакрыўджаныя малыя заўсёды ведаюць, што такое боль, голад і пагарда, але не заўсёды — як добра быць дзіцем. Яны недаверлівыя, замкнёныя, пасіўныя, канфліктныя ў адносінах з аднагодкамі.

Гэтыя дзеці трапляюць да нас, у Гродзенскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, які знаходзіцца ў аграгарадку Лойкі. Наш абавязак — прыняць іх такімі, якія яны ёсць, і дапамагчы. Выхавальнік — добры псіхолаг, ласкавая мама і патрабавальны настаўнік. Ён абавязаны ведаць і ўмець лячыць душу дзіцяці, умець паважаць яго. Выхавальнiк больш за іншых знаходзіцца побач, назірае ў розных сітуацыях, бачыць, чым цікавіцца дзіця, чаму яно аддае перавагу, з-за чаго плача. Ён бярэ на сябе задачу аднавіць псіхаэмацыянальнае здароўе дзіцяці, яго давер. Выхавальнік сам павінен выклікаць давер, жаданне зносін. Усё гэта патрабуе штодзённай працы.

У групе ў нас спакойная, цёплая атмасфера: дзеці адчуваюць сябе шчаслівымі і на ўвагу дарослага паступова адказваюць даверам. На аснове даверу лягчэй будаваць стасункі. Пры ўсякім зручным выпадку даеш адчуць, што кожнае дзіця патрэбна, значна для нас. Для развіцця кожнага выхаванца прытулку ствараюцца аптымальныя ўмовы на аснове ведання індывідуальных магчымасцей. На наша разуменне, клопат, любоў выхаванцы адказваюць узаемнасцю.

У рабоце імкнуся кіравацца прынцыпам, што кожнае дзіця — індывідуальнасць, непаўторнасць. Уважліва стаўлюся да патрэб дзіцяці, яго праў на асабістыя дзеянні. Галоўная мая задача — дапамагчы пераадолець цяжкасці, якія ўзнікаюць у яго на шляху.

Выхаванец Алег адрозніваецца асаблівым характарам, звычкамі, ды і ў вучобе слабы. Галоўнае ўсё ж — знайсці ў ім штосьці добрае, даць надзею на будучыню. Таму пачынаеш яго хваліць, казаць, што малайчына, добра малюе. Хлопчык задумваецца і кажа: “А можа, я стану мастаком?” “Усё можа быць, толькі ты старайся”, — падбадзёрваю.

“А вось калі я вырасту, стану шафёрам і абавязкова пакатаю вас на машыне”, — марыць выхаванец Ваня.

Як важна прылашчыць дзіця, пасядзець з ім побач падчас сну. “Пасядзіце са мной”, — просіць Данiк. “І са мной, і са мной”, — далучаюцца іншыя. Данiк, самы маленькі хлопчык у групе, пачынае плакаць. Пасядзіш з ім, пагладзіш яго па галаве, і ён засынае. Праходзіш каля дзяцей, дакранаешся рукой да кожнага выхаванца як чароўнай палачкай, пажадаеш усім спакойнай ночы, салодкіх сноў. Разам з тым правяраеш, ці не хварэюць дзеці, ці няма ў іх тэмпературы. Галоўнае, каб былі здаровыя. “А раскажыце нам цікавую казку”, — просіць Саша. Казкі любяць усе.

“А калі вы будзеце зноў працаваць?” — пытаецца маленькі Ваня. Ад гэтых слоў становіцца прыемна, лёгка, праходзіць уся стомленасць, якая назапасілася за дзень.

Ідзеш дадому пасля і думаеш: “Заўтра зноў на работу, а там цябе чакаюць дзеці, якім ты сваёй дабрынёй павінен адагрэць душу”.

Таццяна БУЛКІНА,
выхавальнік Гродзенскага раённага сацыяльна-педагагiчнага цэнтра.