Рэспубліка Беларусь вылучаецца сярод іншых краін свету развітой сістэмай дадатковай адукацыі, якая пранізвае ўсе ўзроўні асноўнай адукацыі — ад дашкольнай да ўніверсітэцкай — і выходзіць за іх межы.
Дадатковая адукацыя спрыяе ўкараненню сучасных форм прафесійнай арыентацыі і арганізацыі занятасці дзяцей і моладзі ў вольны ад вучобы час, падтрымцы іх творчых і прадпрымальніцкіх ініцыятыў, стварае ўмовы для рэалізацыі сацыяльна значных грамадскіх праектаў, а таксама самаадукацыі і прафесійнаму ўдасканаленню ў адпаведнасці з прынцыпам “адукацыя праз усё жыццё”.
Рэалізацыя праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дазваляе аператыўна рэагаваць на адукацыйныя запыты асобы, садзейнічаючы яе рознабаковаму развіццю, прырашчэнню інтэлектуальнага, фізічнага і маральнага патэнцыялу.
У нацыянальнай сістэме адукацыі і культуры функцыянуюць 684 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якіх займаюцца звыш 500 тысяч навучэнцаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, або кожны другі навучэнец устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (52,4%).
З агульнай колькасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі 279 з’яўляюцца цэнтрамі (палацамі); у сістэме культуры дзейнічае 405 дзіцячых школ мастацтваў.
Акрамя таго, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі створаны больш за 28 тысяч аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца каля 406 тысяч навучэнцаў, што складае 43,6% ад усіх навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі асаблівы акцэнт робіць на працы з адоранай і таленавітай моладдзю.
Штогод павялічваецца колькасць дзіцячых творчых калектываў, якія маюць званне “Заслужаны”, “Узорны” і “Народны”. У 2019 годзе ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў функцыянавала звыш 713 дзіцячых творчых калектываў, якія маюць такія званні, з іх больш як 312 — ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Традыцыйнымі пляцоўкамі па выяўленні творчых талентаў сярод навучэнцаў сталі рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”, выстава-конкурс “Калядная зорка”.
Арганізавана работа па прыцягненні моладзі да навукова-даследчай дзейнасці: штогод праводзіцца Рэспубліканскі конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пераможцы гэтага конкурсу паспяхова прадстаўляюць краіну на прэстыжных міжнародных конкурсах экалагічных праектаў.
На міжнародным конкурсе экалагічных праектаў International Science and Technological Fair MOSTRATEC (MOSTRATEC-2019) (г. Новагамбург, Бразілія) нашы навучэнцы заваявалі 2 сярэбраныя медалі, на міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў “Залаты клімат” (г.Найробі, Кенія) — 2 залатыя медалі, на міжнароднай алімпіядзе навучэнцаў па праблемах біялогіі GENIUS International High School Project Olympiadon Environmental Issues 2019 (г.Асвега, ЗША) — сярэбраны медаль. З XV Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу (г.Санкт-Пецярбург, Расія) навучэнцы прывезлі дыплом I ступені, галоўную прэмію конкурсу “Дасканаласць як надзея”.
У 2019 годзе ў Казані (Расія) беларуская каманда WorldSkills-юніёраў прадставіла 5 конкурсных кампетэнцый: вэб-тэхналогіі, графічны дызайн, эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных сістэм, палімеханіка і аўтаматызацыя, прамысловая робататэхніка. У выніку заваяваны 4 сярэбраныя і адзін бронзавы медалі, што сведчыць аб эфектыўнай рабоце ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў дадзеным кірунку.
Для заахвочвання адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі ў краіне створаны спецыяльныя фонды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў). За гады іх існавання прэміі, стыпендыі, матэрыяльную падтрымку атрымалі дзясяткі тысяч чалавек.
Дадатковая адукацыя дарослых уяўляе сабой гнуткую, мабільную сістэму, якая пастаянна развіваецца і вырашае задачы забеспячэння галін эканомікі прафесійнымі кадрамі адпаведнай кваліфікацыі, ажыццяўляе кадравую падтрымку інавацыйных працэсаў, імкнецца задаволіць патрэбы нашых грамадзян у прафесійным удасканаленнi з улікам імклівых змяненняў, якія адбываюцца ў эканоміцы нашай краіны.
Агульнадаступнасць і сістэмнасць — асноўныя прынцыпы дадатковай адукацыі дарослых. У дзяржаве цалкам забяспечваюцца сацыяльныя гарантыі работнікам, якія накіроўваюцца наймальнікам на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і стажыроўку: захаванне сярэдняга заробку па месцы працы на перыяд навучання, аплата праезду да месца вучобы і пражывання, выплата камандзіровачных, сутачных і інш.
Каля 400 устаноў адукацыі і арганізацый сёння займаюцца дадатковай адукацыяй дарослых. Яны розныя па статусе, ведамаснай падпарадкаванасці і форме ўласнасці. Галоўны напрамак іх дзейнасцi — задавальненне патрэб нашых грамадзян у дадатковай адукацыі, ва ўдасканаленні сваіх прафесійных ведаў і навыкаў.
У нашай краіне штогод праходзяць павышэнне кваліфікацыі, стажыроўку, перападрыхтоўку, прафесійную падрыхтоўку каля 350 тысяч чалавек. Перападрыхтоўка ажыццяўляецца ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых па 385 спецыяльнасцях. Пры гэтым пералік спецыяльнасцей перападрыхтоўкі пастаянна праходзіць карэкціроўку з улікам патрабаванняў, якія прад’яўляюць заказчыкі кадраў.
Створана сістэма прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі па 4,5 тысячы прафесій. На базе дзеючых устаноў адукацыі таксама ажыццяўляецца навучанне грамадзян з ліку вызваленага, беспрацоўнага і незанятага насельніцтва па напрамках службаў занятасці.
(Працяг будзе.)