Дадому! Як шмат у гэтым слове…

14 кастрычніка, у Дзень маці, у Беларусі пачаў функцыянаваць партал DADOMU.BY — рэсурс, які дапаможа дзецям, што засталіся без бацькоўскай пяшчоты, знайсці сям’ю, а сем’ям адчуць тую радасць, якую могуць даць толькі дзеці. Гартаючы старонкі партала, вы не знойдзеце сухіх справаздач і “пашпартных” фотаздымкаў. Наадварот, перад вамі будуць рэальныя дзеці з іх настроем, поглядам на свет, жаданнямі, марамі і патрэбамі, у кожнага — рознымі, і дакладная інфармацыя, як знайсці гэтых дзяцей і дапамагчы ім. “Інфармацыйны партал створаны неабыякавымі людзьмі, якія вераць, што разам мы зможам зрабіць дарогу дадому для дзяцей, якія засталіся баз бацькоўскай апекі, больш кароткай і роўнай”, — адзначылі падчас прэзентацыі праекта яго распрацоўшчыкі.

Спачатку, як кажуць, была ідэя. Яшчэ ў 2012 годзе ў Нацыянальны цэнтр усынаўлення прыйшоў зварот, пад якім падпісаліся 532 заяўнікі. Гэта была прапанова (ці, хутчэй, нават заклік) аб неабходнасці стварэння ў краіне адкрытай інфармацыйнай крыніцы аб дзецях, што засталіся без апекі бацькоў, з дапамогай якой такія малыя і сем’і, што мараць пра дзяцей, маглі б знайсці адно аднаго. І з гэтай ідэі супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення разам з нераўнадушнымі людзьмі за даволі кароткі час змаглі стварыць шматгранны інфармацыйны рэсурс.
Варта адзначыць, што падобныя інфармацыйныя парталы паспяхова функцыянуюць у суседніх краінах — Расіі, Украіне, Латвіі. Аднак беларускі праект мае прынцыповае адрозненне: ён не толькі ўтрымлівае інфармацыю аб дзецях-сіротах і дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў і маюць патрэбу ў сямейным уладкаванні (а гэта выхаванцы дзіцячых інтэрнатных устаноў рознай ведамаснай прыналежнасці, якія могуць быць перададзены на розныя формы сямейнага ўладкавання — усынаўленне, апеку, папячыцельства, патранатнае выхаванне, і выхаванцы прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, якія знаходзяцца пад часовай апекай прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў і могуць быць усыноўлены). Партал насычаны звесткамі аб розных формах сямейнага ўладкавання дзяцей і алгарытмах дзеянняў грамадзян, зацікаўленых у прыёме дзяцей на выхаванне, аб дзіцячых інтэрнатных установах, аддзелах і ўпраўленнях адукацыі.

Неабходна прыгадаць, што ў Беларусі яшчэ з 1997 года дзейнічае Рэспубліканскі банк даных аб дзецях, якія падлягаюць усынаўленню. Звесткі ў ім прадстаўлены ў выглядзе папяровых анкет. Але гэты банк даступны толькі кандыдатам ва ўсынавіцелі, іншымі словамі, грамадзянам, якія ўжо атрымалі станоўчае заключэнне органа апекі па месцы жыхарства аб магчымасці ўсынаўлення. Анкеты прад’яўляюцца толькі ў офісах Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. Такім чынам, пошук дзіцяці праз банк даных арыентаваны выключна на ўсынаўленне як прыярытэтную форму сямейнага ўладкавання.
Новы інфармацыйны партал DADOMU.BY не дубліруе гэты банк даных, а мае на ўвазе зусім іншую мэту і напаўненне. Са з’яўленнем партала ў апекуноў з’яўляецца дадатковы інструмент, каб рэалізаваць права на выхаванне ў сям’і для значна большай колькасці выхаванцаў. Пры гэтым яны могуць арыентавацца не толькі на ўсынаўленне, але і на іншыя формы сямейнага выхавання.
— Партал стаў увасабленнем пэўнай патрэбнасці грамадства ў падобным рэсурсе, — адзначыла Наталля Станіславаўна Паспелава, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Сёння Міністэрства адукацыі вельмі шырока працуе на тое, каб пашырыць магчымасці прыёму дзіцяці ў сям’ю. На адным усынаўленні нельга спыняцца. Ёсць іншыя магчымасці, якія, у тым ліку і з дапамогай партала, атрымаюць сваё развіццё. І я спадзяюся, што з дапамогай гэтага рэсурсу як мага большая колькасць дзяцей зможа быць дома, жыць дома, штодзень чуць з акна такое простае, але важнае: “Ану, дадому!”
Дарэчы, лагатыпам партала з’яўляецца чатырохпялёсткавая канюшына. Згодна з народным павер’ем, гэта сімвал удачы і шчасця, а яшчэ чатыры пялёсткі канюшыны — гэта як чатыры магчымыя формы жыццеўладкавання дзіцяці з асаблівым лёсам: усынаўленне, апека, прафесійная замяшчальная сям’я, патранатнае выхаванне.
Сёння ў Беларусі тры ведамствы клапоцяцца пра дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Пад патранажам Міністэрства аховы здароўя ў дамах дзіцяці выхоўваюцца малыя да 3-4 гадоў, у якіх няма сям’і. Міністэрства адукацыі адказвае за дабрабыт самай шматлікай групы дзяцей ва ўзросце ад 3-4 гадоў і да паўналецця, якія жывуць у дзіцячых дамах, часова знаходзяцца ў прытулках, выхоўваюцца ў школах-інтэрнатах і часовых прафесійных замяшчальных сем’ях. У дамах-інтэрнатах сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь выхоўваюцца дзеці самага рознага ўзросту, якія маюць сур’ёзныя асаблівасці ў стане здароўя. І ўсе гэтыя ведамствы падтрымалі ідэю аб неабходнасці стварэння інфармацыйнага партала DADOMU.BY.
Але ідэя аб стварэнні партала магла б так і застацца толькі ідэяй, калі б не падтрымка пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Менавіта ў супрацоўніцтве з гэтай арганізацыяй была знойдзена кампанія — таварыства з абмежаванай адказнасцю “Лайт Вел Организейшен”, якая на бясплатнай аснове ўзялася за распрацоўку тэхнічнай часткі праекта — стварэнне партала.
— Прыемна было працаваць з прафесіяналамі, поўнасцю адданымі сваёй справе, — адзначыў падчас прэзентацыі праекта Алег Васільевіч Кандраценка, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Лайт Вел Организейшен”. — Са свайго боку мы імкнуліся зрабіць моцны інструмент, які б узмацніў тое, што людзі рабілі і дагэтуль. Заўсёды ёсць мяжа чалавечых магчымасцей. Інтэрнэт жа — гэта сіла, якая практычна не мае межаў. ІТ-тэхналогіі, пры разумным прымяненні, гэта тэхналогіі, якія ў 5 — 10 разоў могуць узмацніць тое, што робяць людзі.

І вось інфармацыйны партал DADOMU.BY пачаў сваю работу. Прынцып работы рэсурсу даволі просты: фотаздымак дзіцяці, які мае патрэбу ў сямейным клопаце, і кароткую інфармацыю аб яго патрэбнасцях і магчымых формах сямейнага ўладкавання на партал выкладвае апякун дзіцяці.
— Пры стварэнні партала мы адштурхоўваліся ад таго, што галоўным гульцом, людзьмі, якія напаўняюць партал, з’яўляецца не цэнтр усынаўлення ці нейкія дзяржаўныя кіруючыя органы, а той дзяржаўны апякун, які адказвае за дзіця і, кантактуючы з ім кожны дзень, ведае яго надзённыя патрэбнасці. Менавіта той, хто адказвае за дабрабыт дзіцяці, і фарміруе даныя пра яго на партале. Такім чынам, менавіта апякун дзіцяці, рэалізуючы ўскладзены на яго артыкулам 118 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і абавязак “прымаць усе неабходныя меры па перадачы дзіцяці на выхаванне ў сям’ю”, з’яўляецца актыўным удзельнікам працэсу пошуку сям’і для дзіцяці. У гэтым прынцыповае адрозненне партала ад аналагічных рэсурсаў Расіі і Украіны, дзе рэгіянальныя прадстаўнікі вядуць работу па сямейным уладкаванні выхаванцаў устаноў, самі ж установы пры гэтым з’яўляюцца пабочнымі назіральнікамі працэсу, — падкрэсліла Наталля Станіславаўна Паспелава.
— На 14 кастрычніка ў базу даных партала былі ўнесены звесткі аб 3300 дзецях. Але мы не ставілі сабе задачу размясціць на партале інфармацыю пра ўсіх дзяцей, якія маюць статус сіраты ці дзіцяці, што засталося без апекі бацькоў. Мы проста прапанавалі апекунам яшчэ адзін шанс: паспрабуйце ўладкаваць дзіця з дапамогай партала. Пры гэтым мы імкнуліся працаваць максімальна карэктна, паважаючы пачуцці кожнага дзіцяці. Напрыклад, падлеткі 12 — 15 гадоў таксама маюць статус дзіцяці-сіраты ці дзіцяці, што засталося без апекі бацькоў, узнікае пытанне: ці варта пытацца іх згоду пры размяшчэнні інфармацыі на партале? Беларускае заканадаўства гаворыць пра тое, што пры дасягненні 10 гадоў дзіця можа выказвацца па гэтым пытанні. Таму і мы пыталіся ў дзяцей: а ты не супраць, каб інфармацыя пра цябе была размешчана на партале? Дзіця можа адказаць: “Не, я не хачу, я буду чакаць маму, яна абяцала выправіцца”. І гэта яго права. Ніхто не прымушае выкладваць інфармацыю аб дзіцяці на партал. Адсюль і разнастайнасць падыходаў у прадстаўленні дзяцей. Фотаздымкі прадстаўлены самыя розныя. Дзесьці гэта проста далонь дзіцяці, а дзесьці нават яго ранец ці стос школьных падручнікаў. Гэта падлеткі вырашылі, што дастаткова будзе так прадставіць сябе на партале. І мы паважаем гэтае меркаванне, бо вельмі многае ў пытанні жыццеўладкавання дзіцяці залежыць ад яго падрыхтаванасці да прыходу ў новую сям’ю.
У далейшым, як паведамілі распрацоўшчыкі праекта, прадстаўнік апекуна дзіцяці (назначаная загадам адказная службовая асоба) будзе прымаць тэлефанаванні зацікаўленых людзей, кансультаваць іх па пытаннях сямейнага ўладкавання таго ці іншага дзіцяці.

Алена МАРКЕВІЧ.