Дакрануліся да гісторыі пажарнай службы

- 15:10Нам пішуць

Пажарная бяспека — традыцыйная тэма для абмеркавання ў школьнай аўдыторыі. Педагогі і супрацоўнікі МНС пастаянна праводзяць з дзецьмі прафілактычныя мерапрыемствы і спадзяюцца, што атрыманыя веды ніколі не спатрэбяцца на практыцы і з “чырвоным пеўнем” не давядзецца спаткацца асабіста. Навасёлкаўская базавая школа таксама шмат увагі ўдзяляе навучанню правілам пажарнай бяспекі.

На класных гадзінах і ў шосты школьны дзень дзеці ўдзельнічаюць у тэматычных практыкумах, круглых сталах, аўкцыёнах ведаў. Падчас аперацыі “Эвакуацыя” ўдасканальваюць уменні правільна пакідаць памяшканне ў момант узгарання. У школе арганізаваны “Клуб юных ратавальнікаў-пажарных”, у склад якога ўваходзяць як пачаткоўцы, так і старшакласнікі. Члены клуба ствараюць лістоўкі, праводзяць відэалекторыі, удзельнічаюць у конкурсах МНС. Але самай запамінальнай падзеяй стала экскурсія ў Музей гісторыі пажарнай службы ў Гродне.

Музей адкрыты адносна нядаўна, але мае багаты матэрыял. Размяшчаецца ўстанова на тэрыторыі пажарнай часці, тут жа гістарычная каштоўнасць і знакамітасць — пажарная каланча. Экскурсавод пачала свой аповед са знаёмства з эмблемай ратавальнікаў, карані якой адыходзяць далёка ў мінуўшчыну, калі заступніцай людзей ад пажараў лічылася Неапалімая Купіна. Гэтая ікона ў XVI стагоддзі стала галоўным абаронцам ад усіх палымяных нападаў. З першага раздзела экспазіцыі дзеці даведаліся, што ў тыя далёкія часы горад пераважна складаўся з драўляных забудоў, таму пажар лічыўся адным з асноўных ворагаў. Менавіта па гэтай прычыне прафесія пажарнага — вельмі даўняя. Цікава было ўбачыць тагачасныя прылады ратавальнікаў: скураное вядро — для вады, а драўлянае — для пяску. Існавала і спецыяльная пасада — клікун, які назіраў за давераным участкам, а калі заўважаў агонь, то папярэджваў іншых, клікаў да тушэння.

Пераходзячы ад адной музейнай экспазіцыі да другой, мы мелі магчымасць прасачыць эвалюцыю пажарнай службы. Прыцягнулі ўвагу ўсіх, асабліва хлопчыкаў, мадэлі выратавальных машын, якія, дарэчы, заўсёды мелі чырвоны колер. Пазнаёміліся з вельмі запатрабаванай калісьці прафесіяй трубачыста. Нават дзіўным падаўся яго чорны дзелавы касцюм з капелюшом. Аказваецца, прымета паціраць гузік на шчасце пайшла ад трубачыста: менавіта да гэтага яго аксесуара спяшаліся дакрануцца сустрэчныя на досвітку і загадаць жаданне.

Бліжэй пазнаёміўшыся з прыстасаваннямі, якія дапамагалі тушыць пажар, мы зразумелі, што праца ратавальнікаў і цяпер небяспечная і цяжкая, а стагоддзе назад была сапраўдным выпрабаваннем. Тыя, хто служыў у пажарнай службе, былі вельмі вынослівымі, моцнымі, нават асілкамі, таму што амаль усе аперацыі выконвалі ўручную, што патрабавала вялікай сілы. Яшчэ ўразіла незвычайнае пляценне вяроўкі, з якой ратавальнік адпраўляўся на страху: знешне яна нагадвала складаны віртуозны ўзор, а, як аказалася, развязвалася адным рыўком — атрымлівалася надзейна і проста.

Пасля праведзенай экскурсіі быў арганізаваны інтэрактыўны практыкум, падчас якога дзеці адказвалі на пытанні віктарыны. Парадавала, што яны прадэманстравалі трывалыя веды па пажарнай бяспецы. Вучні пакідалі музей з багатымі ўражаннямі і абяцалі строга прытрымлівацца тых пастулатаў, аб якіх нагадала экскурсавод.

Аксана КУХТА,
класны кіраўнік 3 класа Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.