Далучаем да працы змалку

- 10:00Навіны рэгіёнаў

У нашай дашкольнай установе вялікая ўвага ўдзяляецца працоўнаму выхаванню дзяцей. Педагогі змалку фарміруюць у іх уяўленні аб працоўнай дзейнасці дарослых, працоўныя навыкі і ўменні, павагу да працы. Важную ролю тут адыгрывае ўзаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў.

З мэтай метадычнай падрыхтоўкі педагогаў распрацавана тэматычная прэзентацыя “Працоўная дзейнасць дзяцей дашкольнага ўзросту. Азнаямленне дзяцей з працай дарослых”. Асаблівая ўвага ўдзяляецца кансультацыям-дыялогам: “Віды працы дзяцей і іх змест. Матэрыял і абсталяванне для працоўнай дзейнасці”, “Знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з прафесіямі”, “Узаемасувязь працоўнай дзейнасці з пазнавальным развіццём дзяцей дашкольнага ўзросту”.

Для паспяховай рэалізацыі выхаваўчых задач ствараецца развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе: куткі прыроды, дзяжурных і інш. Напрыклад, куткі прыроды, размешчаныя ля вокнаў, пашыраюць уяўленні дзяцей пра разнастайнасць навакольнага свету, выхоўваюць любоў да прыроды і беражлівыя адносіны да яе, вучаць даглядаць расліны, фарміруюць экалагічную культуру. У кутках дзяжурных знаходзяцца фартухі і матэрыялы для працоўнай дзейнасці: шчоткі, тазікі, вёдры, падносы і інш.

Ва ўстанове ладзяцца конкурсы на лепшую гульню па азнаямленні з прафесіямі дарослых, далучэнні да працоўнай дзейнасці.

Педагогі праводзяць мэтанакіраваную работу па развіцці пазнавальнай цікавасці выхаванцаў і фарміраванні на іх аснове навыкаў працоўнай дзейнасці. На практычных занятках дзеці вывуча­юць уласцівасці розных прадметаў, іх ролю ў пэўным ві­дзе працы.

Вялікая ўвага ўдзяляецца самаабслугоўванню, якое вучыць паважаць працу іншых і задавальняць штодзённыя асабістыя патрэбы. Дашкольнікі задзейнічаны ў прыбіранні групавых памяшканняў, гаспадарчай дзейнасці на ўчастку, кветніку, агародзе. Акрамя таго, дзеці працуюць з паперай, кардонам, тканінай і прыродным матэрыялам.

Ва ўстанове праходзяць тэматычныя тыдні, падчас якіх выхаванцы знаёмяцца з рознымі прафесіямі, расказваюць аб працоўнай дзейнасці сваіх бацькоў. Пры азнаямленні з прафесіямі дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у сюжэтна-дыдактычных гульнях “Магазін”, “Салон прыгажосці”, “Бальніца”, “Аптэка”, “Аўтапарк”, “Хто дзе працуе”, “Каму што неабходна для працы” і інш.

Бацькі з дзецьмі рыхтуюць тэматычныя фотаматэ­рыялы “Я мамін памочнік”, “Праца на агародзе”, “Мы працуем разам з татам”, “Што пасадзім вясной, тое атрымаем увосень”, “Трэба ўраджай збіраць у час”, “Каб не хварэць, трэба сачыць за знешнім выглядам”, “Што трэба для чысціні дома” і інш.

Дашкольная ўстанова для дзяцей — гэта другі дом. А дом заўсёды хочацца бачыць чыстым, утульным і цёплым. Мы лічым, што набытыя працоўныя ўменні і навыкі — добрая аснова для выхавання сур’ёзнага стаўлення да працы і актыўнага далучэння да яе.

Святлана ЛЯШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Манькавіцкага ясляў-сада Столінскага раёна.