Далучыцца да “маладнякоўцаў”

- 10:40Культура

Амаль сто гадоў прайшло з моманту ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”, якое праіснавала ўсяго толькі пяць гадоў — з 1923 па 1928 год. Але за гэты час “маладнякоўцы” паспелі зрабіць вельмі значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Хто ўваходзіў у склад літаб’яднання і чым яны займаліся — пра гэта і многае іншае можна даведацца на “старонках” віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Днямі ў межах гэтага праекта адбыўся навукова-практычны семінар, прысвечаны юбілеям Змітрака Бядулі і Міхася Зарэцкага.

Э.Свірыдовіч і А.Суша.

“Праект чатырох” працягваецца

14 сакавіка 2019 года чатыры ўстановы нашай краіны — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда” — пачалі доўгатэрміновы праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прысвечаны 100-годдзю ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Юбілейная дата будзе адзначацца ў 2023 годзе, але каб зрабіць адметны і паўнацэнны віртуальны рэсурс з багатай інфармацыйнай базай, выверанымі фактамі і алічбаванымі прыжыццёвымі творамі “маладнякоўцаў”, патрэбен не адзін год.

“Маладняк” — першае прафесійнае літаб’яднанне ў Беларусі, якое стала са­праўдным феноменам і яркай падзеяй у культурным жыцці нашай краіны. З мэтай папулярызацыі яго дзейнасці і быў задуманы наш “Праект чатырох”, — нагадаў намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — За некалькі гадоў да юбілейнай даты мы ініцыіравалі правядзенне шматлікіх мерапрыемстваў у розных установах”.

Т.Лаўрык.

Інтэрнэт-праект быў пачаты агульнай інфармацыяй пра гісторыю ўзнікнення літаб’яднання і яго дзейнасць, спісам выданняў і паўнатэкставых дакументаў арганізацыі, а таксама часопісаў, што выходзілі ў час яе існавання, бібліяграфічнага спіса выданняў пра арганізацыю. Размешчаны ўнікальныя фотаздымкі “маладнякоўцаў”, малавядомыя факты іх жыцця і творчасці. Сёння можна даведацца ўсё ці амаль усё пра Валерыя Маракова, Адама Бабарэку, Уладзіміра Хадыку, Уладзіміра Дубоўку, Кузьму Чорнага, Янку Скрыгана і Андрэя Александровіча. Усе гэтыя звесткі дапамогуць зразумець сучаснікам, чаму 20-я гады ХХ стагоддзя лічацца адным з самых плённых перыядаў у развіцці беларускай літаратуры і адначасова самым неадназначным.

Рэспубліканскі праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваны да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”, рэалізуецца з 2019 па 2023 год. Яго ініцыятарамі з’яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда”.

“Пры стварэнні праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” асноўная мэта, якую ставіла Нацыянальная бібліятэка, — гэта размяшчэнне тэкстаў і дакументаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. У 2019 годзе мы арганізавалі шэраг самых разнастайных прэзентацый, імпрэз, адкрытых лекцый, якія ў асноўным праходзілі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. У 2020 годзе былі вымушаны шукац­ь новыя формы папулярызацыі нашага праекта. Але нягле­дзячы на ўсе цяжкасці, мы правялі круглы стол “Маладнякоўскімі крокамі”, некалькі выстаў і лекцый. Да таго ж летась прэзентавалі спачатку раздзел пра Кузьму Чорнага, пасля пра Уладзіміра Дубоўку, а ў лістападзе пра Янку Скрыгана. Варта а­дзначыць, што ў раздзеле пра У.Дубоўку змешчаны больш за 30 паўнатэкставых матэрыялаў сучасных аўтараў, наладжаны сувязі з рознымі арганізацыямі, якія носяць імя гэтага пісьменніка. Акрамя таго, з 1 кастрычніка па 15 лістапада мы правялі анлайн-конкурс чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына!”, прымеркаваны да 120-годдзя У.Дубоўкі. Прыемнай нечаканасцю для нас стала колькасць у­дзельнікаў — мы атрымалі каля 880 матэрыялаў з усіх куткоў Беларусі, а таму чытальнікаў прыйшлося падзяліць на 4 узроставыя катэгорыі. Зараз азнаёміцца з конкурснымі работамі можна ў суполцы “О, Беларусь, мая шыпшына!” і ў спецыяльна створаным плэй-лісце на YouTube, — расказала загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Лаўрык. — Дарэчы, мы вырашылі не ставіць кропку ў гэтым праекце. Каб падтрымаць агульную цікавасць не толькі да творчасці Уладзіміра Дубоўкі, але і да ўсёй беларускай літаратуры, конкурс будзе мець працяг”.

Ілюстрацыя да падраздзела “Апантаным усё пад сілу”: даследаванні пра творчасць “маладнякоўцаў”.

Сёлетнія юбіляры

Зараз віртуальны рэсурс “На хвалі часу, у плыні жыцця” працягвае папаўняцца новай інфармацыяй пра “маладнякоўцаў”. Па словах Т.Лаўрык, на сённяшні дзень у праекце “На хвалі часу, у плыні жыцця” размешчана 7 віртуальных раз­дзелаў. Апошні быў прэзентаваны ў сту­дзені, ён прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння паэта, пісьменніка, публіцыста, перакладчыка, літаратурнага крытыка, аднаго з заснавальнікаў “Маладняка” Андрэя Александровіча (1906—1963). У гэтым раздзеле размешчаны фотаздымкі, адсканіраваныя дакументы, рукапісы, віншавальныя паштоўкі, асабістыя рэчы пісьмен­ніка і 25 алічбаваных паўнатэкставых кніг, сярод якіх — зборнікі вершаў “Па беларускім бруку”, “Прозалаць”, “Угрунь”, “Гудкі”, “Узброеныя песні”, паэмы “Цені на сонцы” і “Напор”, творы для дзяцей і проза.

Дзень нараджэння “Маладняка” — 28 лістапада 1923 года. Месца стварэння — мiнскi камсамольскi клуб “КIМ”. Заснавальнікамі лічацца: М.Чарот, В.Вольны, А.Дудар, А.Бабарэка, Я.Пушча, А.Александровіч. Восенню 1925 года літаб’яднанне налічвала больш за 500 удзельнікаў. Тут пачыналi творчы шлях многiя беларускія пісьменнікі: П.Броўка, К.Крапіва, У.Галубок, А.Гурло, М.Лынькоў, У.Дубоўка, П.Глебка, А.Звонак i iнш. “Маладнякоўцы” верылi, што ствараюць новую нацыянальную лiтаратуру.

Зараз вядзецца работа над раздзеламі, прымеркаванымі да юбілеяў З.Бядулі і М.Зарэцкага. “135-годдзе з дня нара­джэння Змітрака Бядулі і 120-годдзе з дня нара­джэння Міхася Зарэцкага — юбілеі абсалютна розных па стылістыцы сваёй творчасці пісьменнікаў, і лёсы ў іх розныя, але ў той жа час яны шмат у чым падобныя не толькі праз уваходжанне ў “Маладняк”, а і праз цэлы шэраг спецыфічных біяграфічных і творчых рыс. Так, абодва звязаны з літаратурным жыццём Беларусі першай трэці ХХ стагоддзя, абодва атрымлівалі і не завяршылі рэлігійную адукацыю, абодва кінуліся ў новае грамадскае і літаратурнае жыццё, абодва дасягнулі вышынь і сутыкнуліся з цяжкасцямі. Для нас сёння важна паспрабаваць вызначыць ролю спадчыны гэтых беларускіх пісьменнікаў у нашай культуры”, — падкрэсліў Алесь Суша.

На навукова-практычным семінары загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Эліна Свірыдовіч паведаміла, што сумесны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” дапамагае папулярызаваць музейныя фонды і што сёлета яны правядуць шмат мерапрыемстваў, прысвечаных “маладнякоўцам” і асабліва юбілеям З.Бядулі і М.Зарэцкага.

Дарэчы, да “Праекта чатырох” актыўна далучаюцца іншыя ўстановы, новыя аўтары і даследчыкі гісторыі літаратуры. Сярод іх — загадчыца філіяла “Беларуская хатка” Таццяна Лабада, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Анатоль Трафімчык і старшы навуковы супрацоўнік гэтага цэнтра Ігар Шаладонаў, малодшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Петруся Броўкі Дарыя Карчашкіна, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Андрэй Акушэвіч, літаратуразнаўца Аксана Данільчык, кандыдат філалагічных навук з Санкт-Пецярбурга Марыя Бухаркіна — усе яны правялі даследчыя работы, пра якія расказалі ў час семінара. Прынамсі, праслухац­ь іх можа любы жадаючы на YouTube-канале “Кніга Беларусі” (https://www.youtube.com/c/BelarusBook/featured).

Варта адзначыць, што да юбілею “Маладняка”, які бу­дзе святкавацца ў 2023 годзе, на асобных віртуальных старонках інтэрнэт-праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” таксама запланавана прадставіць інфармацыю пра такіх выбітных асоб літаб’яднання, як Алесь Гурло (1892—1938), Рыгор Мурашка (1902—1944), Язэп Пушча (1902—1964), Анатоль Вольны (1902—1937) і інш.

Віртуальныя праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, большасць з якіх прадстаўлена на беларускай, рускай і англійскай мовах, — сучасныя інфармацыйныя прадукты. З часам яны могуць скласці важную частку айчыннай інфармацыйнай прасторы, дзе можна азнаёміцца з гісторыяй Статута Вялікага Княства Літоўскага, падзеямі Першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны, што адбываліся на тэрыторыі нашай краіны, “пагартаць” старонкі беларускіх кніг XIV—XVIII стагоддзяў і часопісаў 1919—1939 гадоў, бліжэй пазнаёміцца з айчыннымі класікамі і інш.


Бясспрэчна, што такі адметны праект, створаны на базе партала Нацыянальнай бібліятэкі, бу­дзе карыстацца попытам не толькі ў літаратуразнаўцаў, даследчыкаў беларускай літаратуры, навукоўцаў, а і ў настаўнікаў і выкладчыкаў, гісторыкаў і звычайных лю­дзей. Бо калі ты маеш магчымасц­ь амаль што адным націскам клавіятуры акунуцца ў жыццё і творчасць пэўнага пісьменніка, пачытаць яго рукапісы і лісты, прыжыццёвыя публiкацыi і творы, успаміны пра яго, паглядзець фатаграфii, многiя з якiх раней нiдзе не друкавалiся, азнаёміцца з архiўнымі дакументамі і аўдыявiзуальнымі матэрыяламі — абавязкова ёю скарыстаешся. Калі ўся неабходная інфармацыя сканцэнтравана ў адным месцы — гэта становіцца выдатнай дапамогай у падрыхтоўцы да заняткаў па беларускай літаратуры. Тым больш што можна “адправіць” на партал “Нацыяналкi” і саміх школьнікаў альбо студэнтаў, якія з лёгкасцю самастойна адшукаюць неабходныя звесткі.

Работа па вывучэнні спадчыны “маладнякоўцаў” будзе працягнута, бо яшчэ шмат белых старонак, якія не толькі трэба запоўніць, а і, магчыма, з іх дапамогай пераасэнсавац­ь айчынную гiсторыю. “Мы і далей будзем шукаць новыя формы падачы традыцыйнага матэрыялу, каб як мага больш прыцягваць увагу да беларускай літаратуры”, — запэўніў Алесь Суша.

Вольга АНТОНЕНКАВА.