Дапамога крокавай даступнасці

- 12:01Сацыяльны ракурс
Валі зараз тры гады. Два гады назад у яе была страшэнная дыстрафія, яна не ўмела ні размаўляць, ні хадзіць. Сёння яна выглядае, як і іншыя дзеці, наведвае дзіцячы садок, чытае вершы, спявае песні і радуе ўсіх прысутных неверагодным пазітывам. Ігару ўжо дзевяць. Ён былы выхаванец дзіцячага дома № 3 Мінска. У яго шэраг дыягназаў — адзін горшы за іншы. Самыя сур’ёзныя — гідрацэфалія, арганічнае пашкоджанне цэнтральнай нервовай сістэмы. Але сёння ён вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, прычым вучыцца паспяхова. Добра чытае, расказвае вершы.

У яго аднагодкі Мікалая — тая ж гісторыя: мноства дыягназаў пад агульнай шапкай “арганічнае пашкоджанне цэнтральнай нервовай сістэмы, парушэнне паводзін”. Але ён таксама вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе. І нават гуляе ў шахматы, не кажучы ўжо пра футбол.
Даша на год старэйшая, ёй ужо дзесяць. Два гады назад яна практычна не магла асвоіць праграму другога класа . А зараз закончыла пачатковую школу з сярэднім балам 8,5, вучыцца ў харэаграфічнай школе, вельмі прыгожа танцуе.
Фота з сайта www.epidemialog.ruДзіяне таксама 10 гадоў. Два гады назад у яе была проста неверагодна нізкая самаацэнка і шмат усемагчымых комплексаў, якія ёй проста не давалі нармальна жыць і развівацца. Сёння ж яна — памочнік старасты ў класе, правая рука класнага кіраўніка, выдатная памочніца дома. Літаральна месяц назад у школе прайшла яе персанальная выстава: дзяўчынка займаецца саломапляценнем…

Апошнія два гады аб’ядналі ўсіх гэтых дзяцей тым, што яны прыйшлі ў новую сям’ю — дзіцячы дом сямейнага тыпу Марыны Генадзьеўны Бабуль. І тое, як яны змяніліся за гэты час, можна б было назваць цудам. Але насамрэч за гэтым “цудам” стаіць неверагодная праца прыёмных бацькоў. У гэтай сям’і яшчэ двое родных дзяцей. Яны таксама, як і бацькі, працавалі на той вынік, які маюць сёння прыёмныя дзеці.
— Насамрэч, за гэтыя два гады прыйшлося сутыкнуцца з шэрагам сітуацый, якія я нават уявіць раней не магла, — прыгадвае сёння Марына Генадзьеўна. — Мой родны старэйшы сын першы сказаў: “Так, давайце возьмем дзяцей, лепш хлопчыкаў, каб у футбол было з кім гуляць”. А дачка, дарэчы, тут жа паправіла: “Не, дзяўчынак, каб было з кім у лялькі гуляць”. Але аднойчы сын паклікаў мяне ў пакой, ён плакаў і ўсё казаў мне: “Мама, чаму яны цябе называюць мамай?! Ты ж ім не мама! Ты ж мая мама…”. Мы з ім разам плакалі. Дачка вельмі ўдала зайшла ў гэты час у пакой і, нягледзячы на свой узрост, неверагодна мудра вырашыла сітуацыю сказаўшы: “Ты ж разумееш, што ім таксама хочацца кагосьці называць мамай? У іх не было мамы, ім гэта неабходна. А мы ж з табой ведаем, што гэта наша мама…”.

Падобных сітуацый — калі не ведаеш, як адказаць, што зрабіць, каб не нашкодзіць малым, родным і прыёмным, — у гэтай сям’і за два мінулыя гады было шмат. І можна з упэўненасцю сказаць, што яны будуць узнікаць і далей, як і ў любой іншай замяшчальнай сям’і. З некаторымі яны спраўляюцца самі. А часам здараецца так, што замяшчальным бацькам жыццёва неабходна дапамога звонку, дапамога спецыялістаў, якія не ў тэорыі, а на практыцы ведаюць, як вырашаць праблемныя моманты ў станаўленні замяшчальнай сям’і, выхаванні прыёмных дзяцей.

На жаль, разлічваць на такую прафесійную і высакаякасную дапамогу на месцы замяшчальныя сем’і могуць не заўсёды. Чаму многія педагогі дыстанцуюцца ад праблем замяшчальнай сям’і? Як можна павысіць прафесійную кампетэнцыю спецыялістаў, якія суправаджаюць такія сем’і? Што ўвогуле перашкаджае больш шырокаму сямейнаму ўладкаванню дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі круглага стала — дырэктары сацыяльна-педагагічных цэнтраў, спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў сярэдняй адукацыі, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй, прыёмныя бацькі. Мерапрыемства прайшло на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў рамках ініцыіраванага Беларускім педагагічным грамадствам праекта “Чужых дзяцей не бывае”.

За мінулыя гады ў краіне ўжо склалася пэўная сістэма па фарміраванні асобнага класа педагагічных работнікаў — замяшчальных бацькоў. І ў цэлым, як адзначаюць спецыялісты, практыка работы па сямейным уладкаванні дзяцей-сірот, заслугоўвае высокай ацэнкі.
— Сістэма аховы дзяцінства краіны мае дзяржаўны заказ, звязаны з актывізацыяй работы па сямейным уладкаванні, — падкрэсліла Наталля Станіславаўна Паспелава, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Дзяржава і грамадства адназначна заявілі: неабходна закрываць дзіцячыя дамы. Інтэрнатная ўстанова — гэта месца, дзе дзіця можа атрымаць нейкую перадышку, але яна не павінна быць месцам яго пастаяннага жыхарства. Таму найперш неабходна працаваць на тое, каб дзеці не траплялі ў сістэму інтэрнатнага догляду, калі ж такое ўсё ж здарылася — каб яны хутчэй яе пакінулі.

Для гэтага і працуюць замяшчальныя сем’і. Але цікавы факт: у некаторых рэгіёнах каля 80% дзяцей змяшчаюцца на сямейныя формы ўладкавання (ёсць нават такія, дзе 100% выяўленых дзяцей-сірот выхоўваюцца ў сям’і), разам з тым ёсць і такія, дзе 50% выяўленых дзяцей-сірот не знаходзяць новую сям’ю. Што перашкаджае працаваць лепш? Чаму ў аднолькавых па шчыльнасці насельніцтва рэгіёнах паказчыкі па ўсынаўленні ці ўладкаванні на іншыя сямейныя формы адрозніваюцца ў разы? Пры тым што нарматыўная база, метадычнае суправаджэнне — аднолькавае ва ўсіх.
Адказ відавочны: усё вырашаюць кадры.
— Гаворка ідзе пра тое, што спрацоўвае кадравы складнік. Кваліфікацыя спецыялістаў, якія працуюць на розных этапах сістэмы сямейнага ўладкавання, на жаль, не можа быць прызнана ідэальнай, — адзначыла Наталля Станіславаўна.
Прычым наўрад ці сёння можна гаварыць пра немагчымасць атрымання спецыялістамі сістэмы аховы дзяцінства, што працуюць у рэгіёнах, неабходных ведаў. Вось толькі некаторыя факты. Акадэмія паслядыпломнай адукацыі ўжо не першы год праводзіць курсавую падрыхтоўку як для замяшчальных бацькоў, так і для спецыялістаў па ахове дзяцінства. Новаўвядзенне апошняга часу — дыстанцыйнае навучанне для замяшчальных бацькоў. Дарэчы, гэтую форму навучання ўжо ацанілі некаторыя прыёмныя бацькі: новыя веды можна атрымаць, нават больш — праверыць іх, не адрываючыся ад дзяцей.

Праўда, і ў гэтым напрамку можна ўдасканальвацца.
— Заказ сістэмы сямейнага ўладкавання заключаецца не ў тэарэтычнай падрыхтоўцы, хоць і яна неабходна, а найперш у практычных уменнях спецыялістаў, якія суправаджаюць замяшчальныя сем’і, — падкрэсліла Наталля Станіславаўна Паспелава. — Існуючай сістэмы павышэння кваліфікацыі недастаткова. Для спецыялістаў, якія займаюцца пытаннямі сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот, павінна быць вузкапрофільная падрыхтоўка. Адбор сем’яў, ацэнка іх патэнцыялу, суправаджэнне — усе гэтыя тэмы патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі. Варта больш прымяняць інтэрактыўных форм, звяртацца да такой формы, як міні-трэнінгі.

Актыўна ў плане метадычнага суправаджэння тэмы стварэння замяшчальных сем’яў працуе і Нацыянальны цэнтр усынаўлення.
— З пачатку бягучага года спецыялісты Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення выкарыстоўваюць новую практыку ў метадычнай рабоце з калегамі з аддзелаў адукацыі, сацыяльна-педагагічных і дзіцячых інтэрнатных устаноў, — расказала дырэктар цэнтра. — Гэтая практыка называецца метадычнай рассылкай. З дапамогай невялікіх анонсаў мы прыцягваем увагу калег да найбольш цікавага метадычнага матэрыялу, які можа выкарыстоўвацца ў рабоце спецыялістамі па сямейным уладкаванні дзяцей, якія ў сваю чаргу працуюць з прыёмнымі бацькамі, апекунамі, усынавiцелямi, педагогамі і псіхолагамі школ і ўстаноў дашкольнай адукацыі, дзе выхоўваюцца дзеці з замяшчальных сем’яў. Мы не проста знаходзім цікавы метадычны матэрыял: спачатку мы апрабуем яго ў нас у ходзе работы з кандыдатамі ва ўсынавiцелi, спецыялістамі сістэмы адукацыі, якiя звяртаюцца па метадычную дапамогу да супрацоўнікаў Цэнтра ўсынаўлення. Выпускі метадычнай рассылкі распаўсюджваюцца намі адзін раз у месяц.

Такім чынам, пытанне толькі ў зацікаўленасці саміх спецыялістаў на месцах атрымаць новыя веды. І вось тут узнікаюць пытанні.
— Сёння Нацыянальны цэнтр усынаўлення прапаноўвае цэлы комплекс паслуг для інспектараў па ахове дзяцінства: у кожнага рэгіёна ёсць магчымасць запрасіць да сябе мультыдысцыплінарную каманду — вопытныя юрыст, псіхолаг, сацыяльны педагог на бясплатнай аснове правядуць ацэнку работы, вызначаць напрамкі яе паляпшэння, правядуць навучанне, — расказала Н.С.Паспелава. — І што вы думаеце: у нас ніводнага заказу! Але ж павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў па сямейным уладкаванні магчыма толькі як работа з рук у рукі. Калі спецыяліст, які валодае нейкімі адмысловымі методыкамі, перадае гэтыя веды таму, хто мае ў іх патрэбу.

Дарэчы, трэба адзначыць, што ў апошні час у рэгіёнах усё больш актыўна дзейнічаюць клубы прыёмных бацькоў, дзе веды перадаюцца менавіта “з рук у рукі”. Такая форма работы выдатна сябе зарэкамендавала.
— Такія аб’яднанні фарміруюцца і дзейнічаюць, калі ёсць зацікаўленыя ў гэтым прафесіяналы, — адзначыў Сяргей Генадзьевіч Малочнікаў, начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. — Такім чынам ствараецца зона прафесійных педагагічных зносін. Людзі раскрываюцца ў прафесійным плане і адчуваюць сябе больш абароненымі. Больш вопытныя дапамагаюць тым, хто толькі прыступіў да такой дзейнасці.

Менавіта такі шлях павышэння кваліфікацыі, калі веды перадаюцца з рук у рукі, на думку ўдзельнікаў круглага стала, адзін з самых перспектыўных. Прычым не толькі для прыёмных бацькоў, але і для спецыялістаў, у абавязкі якіх уваходзіць суправаджэнне замяшчальнага бацькоўства.
— Агляднымі тэматычнымі лекцыямі праблему павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сістэмы аховы дзяцінства не вырашыць, — падкрэсліла Н.С.Паспелава. — Сёння, на жаль, частая змена спецыялістаў прыводзіць да размытасці прафесійных арыенціраў: некаторым больш зручна замест стратэгіі “ў інтарэсах дзіцяці” выкарыстоўваць стратэгію “падстрахавацца”, гэта значыць, перакласці адказнасць за вынік сямейнага ўладкавання на саму замяшчальную сям’ю. Калі ўзнікаюць нейкія праблемы ў такіх сем’ях, часам можна пачуць: маўляў, яны ж самі хацелі ўзяць столькі дзяцей. Так працаваць нельга. Гаворка ідзе пра тое, каб кожная сям’я, створаная незвычайным спосабам — усынавіцельная, прыёмная, апякунская, патранатная, дзіцячы дом сямейнага тыпу, — мела магчымасць атрымаць неабходныя паслугі ў крокавай даступнасці. А для гэтага спецыялісты на месцах павінны мець дастатковы прафесійны ўзровень.

Насамрэч, у сістэму сямейнага ўладкавання дзяцей уключана вельмі шмат “гульцоў”. Гэта і спецыялісты сацыяльна-педагагічнай службы, і інспектары па ахове дзяцінства, і непасрэдна замяшчальныя бацькі, і навучальная ўстанова. Усе яны павінны думаць аднолькава і вымяраць сітуацыю аднолькавымі крытэрыямі.

Падрабязней чытайце на старонках “Настаўніцкай газеты”.
Алена МАРКЕВІЧ.