З такой прапановай выступіў Савет старшынь прафкамаў устаноў вышэйшай адукацыі і навукі пры Цэнтральным каміцеце Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Лёд рушыўся
Размова ідзе аб унясенні дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 верасня 2007 года № 450 “Аб устанаўленні даплат за вучоныя ступені і званні”. Нагадаем, што ў дакуменце агаворваецца захаванне даплат толькі тым непрацуючым пенсіянерам, якія маюць вучоныя званні акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі. Зараз жа прапаноўваецца захаваць даплаты і пенсіянерам, якія маюць ступені доктара навук і кандыдата навук, званні прафесара і дацэнта, стаж навукова-педагагічнай работы не менш за 20 гадоў і ўжо не працуюць.
Гэтае пытанне лунае ў паветры каля двух гадоў, але далей размоў справа не ішла, пакуль Савет старшынь прафкамаў не падлічыў, колькі насамрэч спатрэбіцца фінансавання. Праз сваіх прадстаўнікоў у рэгіёнах савет сабраў даныя аб непрацуючых пенсіянерах і атрымаў такую статыстыку. Высветлілася, што сярод іх у сістэме Міністэрства адукацыі налічваецца 723 кандыдаты навук і 38 дактароў навук, а таксама 5 дацэнтаў і 11 прафесараў без вучонай ступені. Сярод пенсіянераў, што працавалі ў Нацыянальнай акадэміі навук, — 120 кандыдатаў навук, дацэнтаў і 20 дактароў навук, прафесараў, а таксама 148 кандыдатаў навук і 21 доктар навук без вучонага звання. У агульным — каля 1100 чалавек.
Далей падлічылі і аб’ём неабходных сродкаў. Калі сыходзіць з памеру надбавак, якія зараз выплачваюцца за вучоныя ступені і званні (4 і 2 тарыфныя стаўкі першага разраду, адпаведна, для кандыдата навук і дацэнта, а для доктара навук і прафесара адпаведна, — 6 і 4 стаўкі), то ў месяц патрэбна 1,442 мільярда рублёў, а ў год — 17,3 мільярда.
— У маштабах краіны гэта нязначная сума, — лічыць В.А.Смёткін, старшыня Савета старшынь прафкамаў устаноў вышэйшай адукацыі і навукі, старшыня прафкама работнікаў БНТУ. — Праўда, мы палічылі колькасць непрацуючых пенсіянераў толькі ў сістэме Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Але нават калі мы ўмоўна дададзім яшчэ столькі ж чалавек са ступенямі, званнямі і 20-гадовым навукова-педагагічным стажам, якія працавалі ў прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, медыцыне, культуры і іншых галінах, то атрымаем усяго каля 34 мільярдаў рублёў у год.
Савет звярнуўся са сваёй ініцыятывай да міністра адукацыі С.А.Маскевіча, старшыні Рэспубліканскага савета рэктараў УВА У.М.Шымава і старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.А.Бойкі. Рэакцыя савета рэктараў не прымусіла чакаць. Цікавае супадзенне: якраз у момант гутаркі журналіста “Настаўніцкай газеты” з В.А.Смёткіным прыйшоў факс за подпісам Уладзіміра Мікалаевіча Шымава, дзе паведамлялася аб тым, што савет рэктараў выступае з аналагічнай ініцыятывай аб захаванні даплат непрацуючым пенсіянерам, якія маюць вучоныя ступені і званні. Адпаведны дакумент ужо накіраваны ў органы дзяржкіравання.
Падводныя камяні
Ініцыятыва прадстаўнікоў галіновага прафсаюза выклікана ў першую чаргу трывогай аб навукова-педагагічным патэнцыяле краіны, аб тым, як замацаваць кадры высокай кваліфікацыі ў навуцы і вышэйшай адукацыі і паказаць дадатковыя стымулы для работы ў гэтых сферах.
— Чаму многія імкнуцца трапіць, напрыклад, на дзяржслужбу? Таму што пры выхадзе на пенсію дзяржслужачыя маюць дастойную сацыяльную падтрымку, — разважае Валерый Аляксандравіч.
Прапанова абмяркоўваецца ў вузкіх колах і мае апанентаў. Тыя апасаюцца, напрыклад, што ўсе прафесары пенсіённага ўзросту масава пойдуць на заслужаны адпачынак. Але прафсаюз не бярэ ў разлік гэты контраргумент.
— Сталыя людзі, якія ўсё жыццё аддалі педагогіцы і навуцы, будуць хадзіць ва ўніверсітэт, колькі дазваляе здароўе, працаваць хоць на чвэрць стаўкі, бо гэта для іх жыццёвая неабходнасць. Адтоку 55—60-гадовых пенсіянераў не будзе, — упэўнены В.А.Смёткін.
Важна падкрэсліць, што прафсаюз выступае за захаванне даплат, у тым ліку, і кандыдатам навук, дацэнтам, хоць з гэтым некаторыя спрачаюцца. Доктарская — удзел нямногіх, а кандадаты навук — гэта аснова асноў, галоўная працоўная сіла ва ўніверсітэтах, таму ў маладых навуковых і педагагічных работнікаў павінен быць стымул працаваць на кандыдацкую ступень. Яе атрымліваюць у сярэднім у 33 гады. А далей ёсць матэрыяльны стымул імкнуцца на наступную, доктарскую, прыступку, бо розніца ў даплатах істотная.
Вось яшчэ адзін аспект, да якога можна ставіцца неадназначна: падтрымка павінна закрануць пенсіянераў, што працавалі толькі ў сістэме Міністэрства адукацыі і НАН альбо і іншых міністэрстваў і ведамстваў?
— Калі перад вышэйшай школай ставіцца задача наблізіць навучанне да вытворчасці, каб даць студэнту у перыяд вучобы практычныя навыкі, то для гэтага трэба прыцягваць спецыялістаў з рэальнага сектара эканомікі са ступенямі і званнямі. А каб захацець абараніцца і супрацоўнічаць з універсітэтам, спецыяліст павінен бачыць перспектыву з пункта гледжання сацыяльнай абароненасці. Менавіта таму як крытэрый для захавання даплат мы разглядаем педагагічны стаж, а не работу на поўную стаўку ў гэтай установе, — гаворыць старшыня прафкама работнікаў БНТУ.
Дарэчы, у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце як нідзе ведаюць, што значыць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі. Таму і бачаць прамую сувязь паміж матэрыяльна матываванымі выкладчыкамі і якасцю падрыхтоўкі інжынераў.
— Калі інжынеру ці хірургу альбо банкаўскаму эканамісту сказаць, што, напрацоўваючы педагагічны стаж, ён у будучыні атрымае даплату да пенсіі, то, магчыма, ён з большай цікавасцю паставіцца да магчымасці выкладання, перадачы свайго практычнага вопыту, — лічыць В.А.Смёткін.
Нягледзячы на тое, што размова ідзе аб выдзяленні дадатковых сродкаў з дзяржбюджэту ці пенсіённага фонду, нават у Год беражлівасці ініцыятыву можна назваць вельмі своечасовай.
— Вышэйшая школа так ці інакш вымушана аптымізавацца. Магчыма, трэба скарачаць колькасць месцаў ва ўніверсітэтах, ёсць ідэя скасаваць няпрофільнае навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі, — гаворыць прафсаюзны дзеяч. — Са свайго боку магу сказаць, што сёння шэраг функцый можна смела перадаць прафсаюзам, якія не патрабуюць бюджэтнага фінансавання, а працуюць за кошт членскіх узносаў. Трэба больш давяраць моладзі — студэнцкім прафсаюзам, БРСМ, запусціць на поўную магутнасць студэнцкае самакіраванне. Студэнтам цалкам па сілах справы выхаваўчага плана, ахова правапарадку і многае іншае. Словам, рэзерваў для эканоміі рэсурсаў у вышэйшай школе вельмі шмат!
Сярод непрацуючых пенсіянераў у сістэме Міністэрства адукацыі і ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі налічваецца каля 1100 асоб са ступенямі доктара навук і кандыдата навук, званнямі прафесара і дацэнта. Для захавання даплат для іх спатрэбіцца ўсяго 17,3 мільярда рублёў у год.
З сустрэчнай ініцыятывай — захаваць даплаты непрацуючым пенсіянерам, якія маюць вучоныя ступені і званні — выступіў Рэспубліканскі савет рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі.
Ініцыятары новаўвядзення ўпэўнены, што яно не выкліча масавага адтоку з універсітэтаў 55—60-гадовых пенсіянераў. Бо для выкладчыкаў і навукоўцаў, якія аддалі шмат гадоў педагагічнай і даследчай дзейнасці, іх праца — жыццёвая неабходнасць.