Дапрофільная падрыхтоўка — праз сеткавую арганізацыю

- 11:00Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Тэма прафарыентацыі не раз гучала на старонках нашай газеты. З увядзеннем профільнага навучання ў агульнаадукацыйных установах новае гучанне атрымала дапрофільная падрыхтоўка навучэнцаў, без якой немагчыма дапамагчы вучню вызначыцца з будучым профілем. Работа ў гэтым кірунку стала вельмі актуальнай у мінулым навучальным годзе, калі запрацавалі профільныя класы і групы.

Разам з тым ёсць моманты, якія выклікаюць пытанні. Нядаўна дырэктары гімназій узнялі пытанне арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі менавіта ў сваіх установах адукацыі. Яны адзначылі, што ў іх на дапрофільную падрыхтоўку няма гадзін. Але ж выйсце ёсць.

Рэкамендацыямі з гэтай нагоды дзеліцца намеснік міністра адукацыі нашай краіны Раіса Станіславаўна СІДАРЭНКА.


— Пытанні арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку і ў гімназіях, выкладзены ў асобным раздзеле Інструктыўна-метадычнага пісьма Міністэрства адукацыі “Аб арганізацыі ў 2016/2017 навучальным годзе дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання”.

Асноўнымі структурнымі кампанентамі дапрофільнай падрыхтоўкі з’яўляюцца:

— інфармаванне;

— псіхолага-педагагічнае суправаджэнне;

— прапедэўтычнае вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні праз факультатыўныя заняткі.

Сапраўды, у гімназіях застаецца не так шмат свабодных гадзін для факультатыўных заняткаў. І асноўная прычына ў тым, што ў Тыпавым вучэбным плане гімназій ужо на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі закладзена магчымасць вывучэння асобных вучэбных прадметаў у большай колькасці вучэбных гадзін, чым у сярэдніх школах.

Матэматыка вывучаецца ў аб’ёме 5 вучэбных гадзін на тыдзень у 5—9 класах, замежная мова — у аб’ёме 5 гадзін у 3—9 класах.

Аднак трэба адзначыць, што наяўнасць або адсутнасць вучэбных гадзін для факультатыўных заняткаў не з’яўляецца адзінай умовай для дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў.

У сувязі з гэтым гімназіям, як вынікае з прапанаваных у вышэйзгаданым Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі мадэлей арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, трэба выкарыстоўваць сеткавую арганізацыю дапрофільнай падрыхтоўкі — праз міжшкольныя (міжгімназічныя) факультатыўныя заняткі.

Акрамя таго, варта рацыянальна і эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У адпаведнасці з артыкулам 229 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, адукацыйная праграма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізоўваецца па эколага-біялагічным, прыродазнаўча-матэматычным, грамадска-гуманітарным і іншых профілях, — адзначыла Р.С.Сідарэнка.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.