Дарагі мой настаўнік

- 12:45Навіны рэгіёнаў, Рознае

Стаю я на абязлюдзелым, самотным, авеяным юнацкай вясной школьным ганку. Навокал цішыня, толькі час ад часу чуваць, як ветрык-гарэза гуляе з крыху пажоўклымі лістамі, што яшчэ моцна трымаюцца за галінкі дрэў. У галаве лунаюць розныя думкі, але спыняюся на адной: “Праз некалькі месяцаў я буду амаль пазбаўлена ўсяго, што прыносіць мне радасць, задавальненне, я буду пазбаўлена ўсяго, што я так люблю”. Не верыцца, што ты ўжо адзінаццацікласніца і стаіш на парозе новага этапу свайго жыцця, чакаеш толькі лагічнага завяршэння ўсяго гэтага. Невядомасць і хваляванне неяк зліваюцца ў адно, і разумееш: школу так не хочацца пакідаць.

Пакуль што я не ўяўляю свайго жыцця без звонкага смеху дзятвы, што толькі стала на сцяжынку навукі, без, здавалася, бясконцых урокаў, без нашага класа, без ветлівых настаўнікаў, якія штодзень клапоцяцца пра нас. Але асабліва цяжка будзе без яе вачэй. Без яе блакітных, чыстых, поўных дабрыні, пяшчоты і любові вачэй. Вачэй нашай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Фёдараўны Барткевіч.

Дакладна не ўспомню, як прайшло наша знаёмства, але Таццяна Фёдараўна адразу прыцягнула маю ўвагу. З першых урокаў нам стала зразумела, што лёгка на мове і літаратуры не будзе. Але цяжка не значыць нецікава (асабліва гэта тычыцца беларускай літаратуры). Наадварот: дабірацца праз церні падзей, характары герояў, іх канфлікты да брыльянта ідэі было хоць і няпроста, але займальна. На ўроку заўсёды адчуваўся вір жывой думкі, што зацягваў, вабіў, прымушаў нас адчуваць сябе шукальнікам дзівоснага скарбу. Часта пасля званка мы і не думалі ўставаць са сваіх месцаў. Выкладаць — гэта талент Тяццяны Фёдараўны.

Кожны ўрок з ёй праходзіць не проста цікава, а захапляльна. На гэтыя сорак пяць хвілін ты поўнасцю адданы тэме заняткаў. Нават немагчыма ўявіць, што Таццяна Фёдараўна магла б выкладаць які-небудзь іншы прадмет, бо яна аддана не толькі сваёй працы, але і самой Беларусі, Радзіме, кожнай крупінцы беларускага слова, што так натуральна і прыгожа льецца з яе вуснаў. Па словах настаўніцы, усё беларускае, што ёсць у душы, дасталася ёй ад бацькі. Ёй было наканавана лёсам выкладаць родную мову і літаратуру. Калі ў Таццяны Фёдараўны запытацца, чаму яна стала настаўнікам-філолагам, то адказ будзе просты: “Я не паступіла на геаграфічны факультэт: там быў конкурс шэсць чалавек на месца, і мне не хапіла паўбала. Я хацела стаць настаўніцай геаграфіі, бо любіла падарожнічаць. А сёння я як класны кіраўнік маю гэтую магчымасць. У мяне ёсць любімая работа, і лічу, што мой выбар не выпадковы, што маё — гэта мова і літаратура. Беларуская мова, не іншая. Сёння я маю магчымасць падарожнічаць усюды, не маючы шмат грошай. Мяне не цікавяць Багамскія астравы ці яшчэ што-небудзь падобнае, мяне цікавіць гісторыя свайго народа, беларуская архітэктура. І за ўсё, што маю, я ўдзячна Богу”.

Вучні гімназіі адзначаюць, што Таццяна Фёдараўна — незвычайны настаўнік, бо вучыць не толькі правілам арфаграфіі, пунктуацыі і г.д., але і жыццю. Яна шмат патрабуе, прымушае рабіць дамашнюю работу максімальна якасна, што ў хуткім часе прыводзіць да інтэлектуальнага росту вучняў. Разам з тым яна можа пажартаваць на ўроку, расказаць цікавую гісторыю, супакоіць, калі гэта патрэбна. Яна не дзеліць вучняў на дрэнных і добрых, а разумее, што ёсць тыя, каму неабходна дапамога, і знаходзіць падыход да кожнага. Неяк яна сказала: “У нас, як і ў медыкаў, галоўнае — не нашкодзіць. Але працуе настаўнік з самым важным — з душой. Настаўнік бачыць яе праявы лепш, чым сам вучань, таму патрэбна шмат сіл, каб нябачнай рукой правесці розум вучня да яго душы”. Такім чынам, быць настаўнікам — значыць бясконца працаваць, прычым гэтая праца ніколі не будзе ацэнена па-сапраўднаму.

Для мяне Таццяна Фёдараўна стала другой маці. Гэтая жанчына адкрыла мне вочы на шматлікія простыя, але каштоўныя ісціны, вяла праз цемру няведання, заўсёды была побач і дапамагала ва ўсім. Яна можа адным толькі позіркам заахвоціць да дзеяння. Таццяна Фёдараўна адкрыла для мяне найцікавейшы свет — свет роднай мовы, культуры, традыцый, мастацтва. Толькі дзякуючы ёй я прыйшла да беларускасці, і калі зараз у мяне гэта адняць, то мой духоўны свет стане ледзь не ўдвая бяднейшым.

Ужо зусім хутка я не буду ступаць штодня на школьны ганак, садзіцца на сваё месца за партай, хадзіць па такіх родных калідорах і бачыць гэтыя вочы — вочы маёй любімай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Фёдараўны Барткевіч. Але я назаўсёды захаваю ў памяці яе вобраз, буду з усмешкай на вуснах успамінаць нашы заняткі і час ад часу сумаваць па тых бестурботных юнацкіх днях.

Ганна УНУКОВІЧ,
выпускніца Глыбоцкай раённай гімназіі.