На жаль, нягледзячы на меры па прафілактыцы злачыннасці сярод непаўналетніх, імёны падлеткаў не перастаюць трапляць у крымінальныя зводкі. Як дасягнуць балансу ва ўзаемаадносінах з падлеткамі? Як навучыць іх чуць і слухацца? Думкамі наконт гэтага, а таксама ўласным вопытам работы з дзецьмі дзеліцца намеснік начальніка Фрунзенскага РУУС Мінска палкоўнік міліцыі Руслан Аляксеевіч Васкрасенскі.
— Інспектары па справах непаўналетніх працуюць з тымі дзецьмі, на якіх ужо не могуць паўздзейнічаць ні бацькі, ні настаўнікі, — расказвае Р.А.Васкрасенскі. — І кіраўніцтва навучальнай установы, калі яно клапоціцца пра тых, хто ў іх вучыцца, абавязкова заўважыць перамены ў любым з навучэнцаў. А зараджаецца сувязь з крыміналам у падлеткаў вельмі проста. Ужо пасля самых першых трывожных званочкаў кожны неабыякавы настаўнік павінен правесці з вучнем прафілактычную работу. Калі гэта не дапамагае, трэба ісці да бацькоў і разам з імі шукаць выйсце. Але, на жаль, асноўную колькасць правапарушэнняў здзяйсняюць падлеткі, якія растуць у нядобранадзейных сем’ях. А гэта значыць, што бацькам да таго, што робяць іх дзеці, няма ніякай справы. Ведаючы гэта, юныя правапарушальнікі зноў бяруцца за старое і, як вынік, трапляюць да нас на ўлік.
Для таго каб зразумець, наколькі “цяжкім” з’яўляецца падлетак, спачатку з ім праводзіцца прафілактычная размова. Яе асноўная мэта — растлумачыць, якая адказнасць можа быць ускладзена за здзяйсненне супрацьпраўных учынкаў. Акрамя гэтага, вучням прыводзяцца прыклады канкрэтных злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі. Гэта робіцца для таго, каб дзеці, слухаючы пра чужыя памылкі, падумалі, чаго ім можа каштаваць яшчэ адна “маленькая правіннасць”.
Але бывае і так, што чужыя прыклады не натхняюць. А значыць, для работы з цяжкімі падлеткамі трэба шукаць нестандартныя метады.
— Прызнаюся, бываюць такія выпадкі, калі аказаць уплыў на падлетка вельмі цяжка, — працягвае Руслан Аляксеевіч. — Падлетак прыцягваецца да адказнасці, трапляе на лаву падсудных і накіроўваецца ў выхаваўчую калонію. Для таго, каб такіх выпадкаў здаралася як мага менш, мы пачалі шукаць дзейсныя спосабы ўздзеяння на юных правапарушальнікаў. І зрабіць гэта ў нас атрымалася.
Некалькі гадоў назад супрацоўнікі ІСН Фрунзенскага РУУС Мінска ў сваёй рабоце пачалі практыкаваць такі метад прафілактыкі, як далучэнне тых дзяцей, якія стаяць на ўліку ў ІСН, да спартыўнай дзейнасці.
— У нашым раёне працаваў спартыўны клуб “Сіла і грацыя”, які не адмовіўся прыняць да сябе на заняткі дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, — адзначае палкоўнік міліцыі. — Мы дамовіліся з клубам наконт таго, што дзецям, якіх мы прывядзём, будзе дазволена бясплатна займацца бодзібілдынгам. Дарэчы, атлетычная гімнастыка з’яўляецца ідэальным відам спорту, да якога можна прыцягнуць цяжкіх падлеткаў. Яна дапамагае не толькі падняць самаацэнку, але і прывесці сябе ў добрую фізічную форму. Нам паступалі прапановы заняць падлеткаў шахматамі, шашкамі. Але гэта не варыянт. Дзецям, якія схільныя да правапарушэнняў, ні ў якім разе нельга сядзець на месцы. Яны няўседлівыя. Ім заўсёды трэба рухацца, каб траціць энергію. Дарэчы, менавіта дзякуючы спорту нам удалося дапамагчы многім падлеткам забыць пра крымінальнае мінулае і вярнуцца да нармальнага жыцця.
Дамашні сКЛАД
Чацвёра непаўналетніх сяброў, самаму старэйшаму з якіх было 16 гадоў, на працягу некалькіх месяцаў займаліся крадзяжамі. Аб’ектамі ўвагі юных злачынцаў станавіліся кватэры, якія знаходзяцца на першых паверхах.
Дарэчы, абавязкі паміж хлопцамі былі падзелены: адзін стаяў на варце, другі, самы худы, пры дапамозе двух сяброў, якія яго падсаджвалі, пралазіў праз адкрытыя вокны ў кватэру, адчыняў дзверы, каб у дом зайшла астатняя каманда. Далей усё развівалася па звычайным, адпрацаваным сцэнарыі. Хлопцы выносілі з кватэр дарагую тэхніку, а таксама вырабы з золата і грошы. Захоўвалі ўсё набытае на кватэры аднаго са сваіх напарнікаў. Баяцца, што бацькі раскажуць пра тое, што ў пакоі сына сапраўдны склад бытавой тэхнікі, не было прычын. Бацькі хлопца любілі выпіць, і, для таго каб яны маўчалі, падлеткам было дастаткова прынесці дадому бутэльку гарэлкі.
— Гэтая кампанія здзейсніла 10 кватэрных крадзяжоў, — канстатуе Руслан Аляксеевіч. — Выйсці на след злачынцаў атрымалася вельмі хутка, і мы аператыўна вызначылі, што гэта за хлопцы і дзе яны захоўваюць свой здабытак.
Падчас вобыску кватэры, на якой захоўваліся крадзеныя рэчы, супрацоўнікі міліцыі знайшлі некалькі дзясяткаў прадметаў бытавой тэхнікі. Спачатку хлопцы хавалі рэчы пад ложак, у шафу. А пасля, калі гэтыя “сейфы” ўжо былі бітком набітыя, пачалі ўсё складваць на стол і падлогу.
Падчас допыту ўсе чацвёра хлопцаў сцвярджалі, што і бытавую тэхніку, і вырабы з золата, а таксама грошы ім аддалі на захоўванне знаёмыя. Але відавочна, што гэта было не так. У выніку толькі 12- і 13-гадовы падлеткі, якія былі самымі малодшымі ў гэтай кампаніі, не трапілі на лаву падсудных. Яны не дасягнулі ўзросту, у якім наступае крымінальная адказнасць. Двое астатніх сяброў, якім было 15 і 16 гадоў адпаведна, атрымалі ўмоўны тэрмін, таму што раней хлопцы асуджанымі не былі.
— Менавіта гэтае здарэнне і прымусіла шукаць выйсце, — дзеліцца Руслан Аляксеевіч. — Было зразумела, што павучаць гэтых дзяцей не мае сэнсу. І для таго, каб праз месяц яны паўторна не засвяціліся ў крымінальных зводках, я адвёў іх у спартыўную залу. Там ужо была сфарміравана група для падлеткаў з нядобранадзейных сем’яў. Хлопцы ўбачылі, што там можна карысна праводзіць час, што там шмат аднадумцаў. Безумоўна, тут вялікую ролю адыграла і работа трэнера, які займаўся з дзецьмі. Усё гэта рабілася бясплатна. Некалькі разоў на тыдзень я, тады яшчэ начальнік ІСН, таксама прыходзіў у спартыўную залу, каб на сваім уласным прыкладзе паказаць, што пры дапамозе спорту можна не толькі прывесці сябе ў форму, але і пакінуць у спартыўнай зале ўсе негатыўныя эмоцыі. Такім чынам, трое з чатырох падлеткаў больш не траплялі ў поле зроку міліцыі. Яны пачалі наведваць школу. Безумоўна, вучыцца на выдатна падлеткі не сталі, але тых праблем, якія існавалі раней, яны пазбавіліся.
“Дом там, дзе спакойна”
Заслугоўвае ўвагі і наступная гісторыя. Два браты — 13-гадовы Міша і 14-гадовы Дзіма — прыходзілі ў школу толькі для таго, каб скрасці булачак і іншых прадуктаў харчавання. Урокі хлопцы наведваць перасталі. Замест гэтага збягалі ў падвал, дзе сістэматычна ўжывалі алкаголь і наркотыкі.
— Выхоўваліся Дзіма і Міша ў нядобранадзейнай сям’і, — тлумачыць Р.А.Васкрасенскі. — І тое акружэнне, у якім хлопцы раслі, не дазваляла ім быць такімі, як большасць аднагодкаў.
П’янкі ў кватэры вымушалі братоў шукаць прытулку на вуліцы, там, дзе спакойна і не чуваць п’яных сварак. У выніку Міша і Дзіма ўвогуле перасталі прыходзіць дадому. На вуліцы яны вельмі хутка знайшлі такіх жа падлеткаў, як і самі. Начавалі хлопцы кожны дзень у розных месцах.
Для таго, каб нармалізаваць сітуацыю ў сям’і і вярнуць братоў дадому, трэба было нейкім чынам паўплываць на іх маму.
— Пасля чарговай размовы з жанчынай мы прапанавалі ёй уладкавацца на работу дворнікам, — расказвае Руслан Васкрасенскі. — Спачатку яна не хацела і слухаць пра работу. Але мы ўсё роўна адвялі яе ў раённае ЖЭУ. Гэтая жанчына — маці, і адказнасць за дзяцей ляжыць менавіта на ёй. Безумоўна, зарплата ў дворнікаў невялікая, але цяпер у сям’і з’явіліся хаця б нейкія грошы, якія можна было патраціць на хлопцаў. Дома пачалі з’яўляцца прадукты, і хлопцы перасталі красці ежу са школьнай сталовай.
Тым не менш у школе Мішу і Дзіму, у сувязі з сацыяльна небяспечным становішчам сям’і, прадаставілі бясплатнае харчаванне. А пасля супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС адвялі хлопцаў у спартыўную залу. Спачатку браты насцярожана аднесліся да гэтага, але з часам уцягнуліся. Усё ж у спартыўнай зале праводзіць час куды больш карысна, чым бадзяцца па вуліцах і начаваць абы-дзе.
— Праз некаторы час адзін з братоў прыходзіў да мяне ў інспекцыю і дзякаваў за тое, што мы калісьці адвялі яго ў залу, — з радасцю канстатуе Руслан Аляксеевіч. — Хлопец расказаў, што яны з братам скончылі школу, атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю і цяпер працуюць, зарабляюць неблагія грошы. У канцы размовы Дзіма сказаў, што ім пашанцавала. І менавіта дзякуючы таму, што мы адвялі іх на заняткі бодзібілдынгам, яны з братам не трапілі за краты, а атрымалі шанс нармальна ўладкаваць жыццё.
“Нам не страшна, мы спім у каробцы”
Яшчэ адным галаўным болем для органаў міліцыі з’яўляюцца падлеткі, якія сістэматычна збягаюць з дому. 13-гадовы Пеця якраз адносіўся да такой катэгорыі дзяцей. Усе яго пабегі нічым добрым не заканчваліся. Як правіла, хлопец увязваўся ў кампаніі, разам з якімі здзяйсняў крадзяжы з магазінаў. Для таго, каб яго знайсці, трэба было прыкласці шмат намаганняў.
— Гэтага ўцекача мы заўсёды вярталі дадому, але яго знаходжанне там было нядоўгім, — адзначае Руслан Васкрасенскі. — Ну нецікава яму было дома! Ён не ведаў, чым сябе заняць. У выніку мы яго амаль сілком адвялі ў атлетычны клуб “Манастыр”, з якім таксама наладзілі сяброўскія адносіны. Там, у клубе, хлопец пазнаёміўся з тымі, хто таксама стаіць на ўліку ў ІСН. І, думаю, вялікую ролю адыграла тое, што хлопцы, якія кантактавалі з Пецем, расказвалі свае гісторыі
(а яны таксама збягалі з дому і кралі).
Некалькі тыдняў, на працягу якіх Пеця наведваў спартыўную секцыю, змянілі хлопца. Цяпер ён ведаў, што ў любы момант можа прыйсці ў “Манастыр”, дзе яго чакаюць сябры.
— Шкада, што такіх клубаў, якія гатовы за бясплатна працаваць з цяжкімі падлеткамі, больш не становіцца, — дзеліцца Руслан Аляксеевіч. — Дарослым варта задумацца вось над чым: ці могуць дзеці, чые бацькі ўжываюць алкаголь і ў якіх дома нават няма чаго есці, дазволіць сабе заняткі ў платным клубе? Адказ адназначны — не. У школьныя секцыі і гурткі дзеці, якія стаяць на ўліку ў ІСН, таксама хадзіць не будуць. Таму што з настаўнікамі ў іх вельмі часта даволі складаныя адносіны.
Адваротны бок гэтай праблемы ў тым, што менавіта тыя дзеці, якія схільныя да бадзяжніцтва, часцей за ўсё становяцца ахвярамі злачынцаў.
Вось адзін з прыкладаў: двое 15-гадовых сяброў, якіх ні настаўнікі, ні міліцыя не маглі надоўга затрымаць дома, зімой начавалі пад балконным акном у каробцы з-пад тэлевізара. Падлеткі “ўцяплялі” каробку знойдзенымі на вуліцы анучамі і спалі там у любы мароз. У цёплую пару года хлопцы таксама начавалі ў каробках, але не пад адкрытым небам, а ў падвалах (зімой падвалы, як правіла, закрытыя).
— Калі я ў іх пытаў, ці не страшна начаваць у падвале, дзе шмат прусакоў, яны адказвалі адно: “Не, мы ж у каробцы спалі, а прусакі туды не лазяць”. Увогуле, тэма ўцёкаў з дому заўсёды была і будзе актуальнай. Такіх дзяцей супрацоўнікі ІСН разам з настаўнікамі, бацькамі і ўрачамі яшчэ могуць вярнуць да нармальнага жыцця. З кімсьці дастаткова проста пагаварыць, растлумачыць усе наступствы, да якіх можа прывесці бадзяжніцтва. Некаму патрабуецца лячэнне ў псіханеўралагічным дыспансеры. Але, на жаль, здараюцца вельмі цяжкія злачынствы, якія тым, хто сыходзіць з дому, каштуюць жыцця.
16-гадовая Юля вельмі часта бадзялася. Яе заўсёды ў кароткія тэрміны атрымлівалася знайсці і вярнуць дадому. Але апошні пабег закончыўся трагічна. Зранку дворнік аднаго з мікрараёнаў патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што пад вокнамі шматпавярхоўкі ляжыць дзяўчына без адзення. Як аказалася, Юлю ноччу на вуліцы злавіла група маладых людзей. Яны сілком завялі дзяўчыну ў кватэру і згвалцілі. Пасля гэтага скінулі Юлю з шостага паверха.
На той момант, калі на месца здарэння прыбыла хуткая рэанімацыйная дапамога, дзяўчына яшчэ была жывой. Па дарозе ў бальніцу Юля памерла.
— Для таго, каб такіх выпадкаў было як мага менш, не толькі міліцыя, але і бацькі, а таксама настаўнікі павінны праводзіць з вучнямі размовы на ўсе актуальныя для маладзёжнага асяроддзя тэмы, — упэўнены Руслан Аляксеевіч. — Мы павінны ўмець папярэджваць злачынствы. І зрабіць гэта рэальна, калі будзем дакладна ведаць, у якое рэчышча лепш накіраваць энергію дзяцей.
Наталля ДУБІК.