Дарогамі дабра

- 10:47Дашкольная адукацыя

Выхавальніца ясляў-сада № 15 Смаргоні Вольга Леанідаўна Юхневіч і яе выхаванцы старшай групы на працягу мінулага навучальнага года прымалі ўдзел у раённай педагагічнай студыі настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі па тэме “Стварэнне развіццёвай прасторы для навучэнцаў пачатковай школы і выхаванцаў установы дашкольнай адукацыі”. Адным з кірункаў дзейнасці метадычнага фарміравання стала стварэнне праект-студыі навучэнцаў пачатковых класаў і выхаванцаў установы дашкольнай адукацыі “Дарогамі дабра”.

За перыяд удзелу ў праект-студыі Вольга Леанідаўна распрацавала пяць міні-праектаў, накіраваных на выхаванне сямейных традыцый, развіццё прававой культуры, а таксама прысвечаных Дню маці “Зазірніце ў матуліны вочы”, святу “Новы год крочыць па планеце”, Сусветнаму дню дзіцяці “Шчаслівая краіна дзяцінства”, Дню Перамогі “70 крокаў да Вялікай Перамогі” і развіццю навыкаў здаровага ладу жыцця “Наша здароўе — у нашых руках”. У кожным з іх прадугледжвалася шмат цікавых, пазнавальных, творчых мерапрыемстваў як у спецыяльна арганізаванай, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці. Да работы над праектамі далучаліся бацькі. Рэалізоўваючы праекты, Вольга Леанідаўна правяла шмат заняткаў з дзецьмі па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін “Добрыя словы для мамы”, “Пішам казку для Дзеда Мароза”. Яна вучыла выхаванцаў майстраваць сваімі рукамі незвычайныя вырабы, напрыклад, каралі з ягад рабіны, прыгожы восеньскі букет і іншыя. Расказвала дзецям пра іх правы, вучыла навыкам гігіены, правілам паводзін на дарозе, знаёміла з порамі года і г.д.Выхаванцы, якія займаліся праектам, прысвечаным Вялікай Перамозе, прыносілі ў дашкольную ўстанову мастацкія кнігі, фотаздымкі, паштоўкі да свята 9 Мая, цацачную ваенную тэхніку. Цікавымі былі іх аповеды пра сваіх продкаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны паказвалі іх фотаздымкі і ўзнагароды. Таксама дзеці ўскладалі кветкі да помніка Невядомаму салдату.
Сур’ёзная работа з дзецьмі і іх бацькамі праводзілася ў другой палове дня. Шмат прыгожых і карысных прадметаў дэманстравалася на выставах “Мая матуля — майстар на ўсе рукі”, “На парозе Новы год”, на вернісажах “Мая мама лепшая за ўсіх”, “Мы галасуем за мір!”. Цікавыя работы былі прадстаўлены на выставе фотакалажаў “Самыя добрыя вочы матулі”, “Самыя шчаслівыя дзеці”. Цыкл размоў і гульняў быў прысвечаны фарміраванню ўяўленняў пра бяспеку жыццядзейнасці. Праводзіліся музычныя забавы, фізкультурныя хвілінкі, святы, музычна-літаратурны салон. Прайшлі экскурсіі ў этнакуток, які знаходзіцца ва ўстанове дашкольнай адукацыі, і ў гісторыка-краязнаўчы музей гімназіі Смаргоні. Разам з дарослымі дзеці складалі апавяданні, віншаванні і пажаданні сваім матулям, разважалі на тэмы “Як захаваць сваё здароўе?”, “Калі б я быў салдатам”, “Мір” — гэта галоўнае слова на свеце”. Паспрабаваць сябе ў якасці артыстаў змаглі выхаванцы старшай групы, прыняўшы ўдзел у акцыі “Дзеці —дзецям”. З вялікай цікавасцю выхаванцы малодшай групы назіралі за сваімі старэйшымі сябрамі, якія паказалі ім казку “Рэпка”. А колькі радасці было ў вачах маленькіх, калі старэйшыя дзеці падарылі ім кветачкі, зробленыя сваімі рукамі! Кожны праект завяршаўся святам, якое праводзілася на базе школ горада. Выхаванцы разам з навучэнцамі пачатковых класаў удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, віктарынах, гульнявых праграмах, святочных канцэртах, выступалі на сцэне.
За час удзелу ў праект-студыі нашы педагогі і выхаванцы атрымалі шмат станоўчых эмоцый, праявілі творчыя і арганізатарскія здольнасці і былі ўзнагароджаны дыпломам I ступені на раённым узроўні.

Ірына ЗЯНКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 15 Смаргоні.