Даследаванні для краіны і на экспарт

Навуковая работа з’яўляецца найважнейшым складнікам дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Тэматыка даследаванняў звязана са стварэннем і ўдасканаленнем новых канструкцый, матэрыялаў, механізмаў і прывадных сістэм. Тут распрацоўваюцца кампаненты трансмісій і сістэмы актыўнай бяспекі мабільных машын, сучасныя сродкі і метады неразбуральнага кантролю і тэхнічнай дыягностыкі. У 2011 годзе ўніверсітэт быў акрэдытаваны на статус навуковай арганізацыі. Тут функцыянуе рэгіянальны цэнтр калектыўнага карыстання, забяспечаны ўнікальным даследчым абсталяваннем і прыборамі.

Як паведаміў намеснік прарэктара па навукова-даследчай частцы Васіль Мікалаевіч Вусік, ва ўніверсітэце функцыянуе шэраг навукова-вытворчых лабараторый, у тым ліку навукова-тэхнічная лабараторыя “Валаконна-аптычная дыягностыка”, якая мае адзіную ў краіне вытворчасць сучаснага эндаскапічнага абсталявання тэхнічнага прымянення. Калектыў лабараторыі паспяхова працуе над удасканаленнем сродкаў дыягностыкі цяжкадаступных месцаў. За 2017 год па тэхнічных заданнях заказчыкаў тут выканана 14 навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, прычым 60% заказаў паступіла з-за мяжы.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт прызнаны Дзяржпрамнаглядам МНС Рэспублікі Беларусь галаўной арганізацыяй у галіне зваркі, кантролю якасці неразбуральнымі метадамі, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў зварачнай вытворчасці. Гэта дазволіла выконваць работы, звязаныя з распрацоўкай і экспертызай праектнай і тэхналагічнай дакументацыі па зварцы і кантролі для патрэб Беларускай АЭС.

Таксама атрыманы дазволы Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь на сертыфікацыю абсталявання, якое працуе пад ціскам, ліфтаў, сродкаў абароны органаў дыхання і індывідуальнай абароны ад хімічнага ўздзеяння, абсталявання хімічных і нафтахімічных вытворчасцей.

Дарэчы, вынікі навуковай дзейнасці ўніверсітэта будуць прадстаўлены на выставе, прымеркаванай да адкрыцця II з’езда вучоных краіны. У прыватнасці, дэлегаты змогуць пазнаёміцца з інавацыйнай рэкламна-інфармацыйнай пляцоўкай “Электронны гід”, якая дапамагае турыстам арыентавацца ў беларускіх гарадах, а іх жыхарам лепш вывучыць гісторыю і адметнасці родных мясцін. Прыстасаванне ўяўляе сабой тэлевізійны экран у салоне грамадскага транспарту, на якім адлюстроўваецца маршрут руху i выводзіцца інфармацыя аб культурных і архітэктурных аб’ектах, размешчаных на яго шляху. Такі дэвайс валодае функцыяй гукавога прайгравання інфармацыі на рускай і англійскай мовах. Дарэчы, абсталяванне ўжо набыло ААТ “Мінаблаўтатранс”.

— Усе вышэйпералічаныя распрацоўкі — плён прагрэсіўнай думкі нашых навукоўцаў, большасць з якіх прадстаўляе старэйшае пакаленне, якое прафесійна сфарміравалася яшчэ ў савецкія часы, — сказаў напрыканцы размовы Васіль Мікалаевіч. — З гэтага вынікае некалькі пытанняў, якія заслугоўваюць увагі дэлегатаў II з’езда. У першую чаргу яны тычацца павышэння адукацыйнага ўзроўню навучэнцаў школ, бо для далейшых заняткаў навуковай дзейнасцю павінна быць закладзена дастойная база. Таксама нельга выпускаць з поля зроку матывацыю студэнтаў, у тым ліку фінансавую: жадаючыя звязаць сваю будучыню з навукай павінны быць упэўненымі ў заўтрашнім дні і цвёрда разумець, што краіна зацікаўлена ў іх працы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *