Даследчык ёсць у кожным навучэнцу

- 12:31Навіны рэгіёнаў

Значэнне даследчай дзейнасці навучэнцаў сёння складана пераацаніць. Галоўная задача, якая ставіцца ва ўстановах адукацыі ўсіх профіляў, — навучыць дзяцей вучыцца і здабываць веды самастойна. Даследчая дзейнасць найлепшым чынам развівае ў вучняў гэтыя навыкі.

Як зацікавіць, захапіць дзяцей гэтай справай, як пасля прывесці іх праекты да поспеху? Над гэтым часта задумваюцца многія педагогі. Некаторыя ў выніку лічаць даследчую дзейнасць працаёмкім працэсам, які па сілах ажыццявіць толькі з таленавітымі дзецьмі. У намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Магілёва Галіны Бяляевай іншае меркаванне.
— Схільнасці да даследаванняў закладзены ў кожным без выключэння вучні. Ва ўсіх ёсць дапытлівасць, пастаяннае імкненне назіраць і эксперыментаваць, самастойна шукаць новыя звесткі пра навакольны свет. Усе дзеці настроены на пазнанне, бо яны ўвесь час “закідваюць” нас пытаннямі. А любое пытанне патрабуе пошуку адказу і пры ўмелым кіраўніцтве педагога можа стаць пачаткам даследавання, — тлумачыць Галіна Мікалаеўна.Паводле яе слоў, для заняткаў даследчай дзейнасцю не важны ўзрост. Ды і тэму работы дзеці часта падказваюць самі, зыходзячы з таго, што выклікала ў іх цікавасць.
— Да мінулага года я займалася даследаваннямі выключна са школьнікамі. Але мой “чамучка” сын заахвоціў паспрабаваць пасупрацоўнічаць і з выхаванцамі дзіцячага сада. Тэма паўстала са штодзённасці. Міця любіць летам купацца ў надзіманым басейне, але вада ў ім ніяк не хоча награвацца. Вядома, гэта выклікала пытанні ў малога. Так нарадзілася даследчая работа “Сонейка любімы колер”, — расказвае Галіна Бяляева.
Маленькі даследчык з энтузіязмам праводзіў эксперыменты, на працягу некалькіх гадзін замяраў тэмпературу вады ў розных па колеры тазіках і вызначыў: сонейка любіць цёмныя колеры.
— Калі малыш зрабіў гэтую выснову, паўстала новае пытанне. Сонейка любіць цёмныя колеры — тады чаму вытворцы робяць надзіманыя басейны светлымі? Гэта ж нязручна, людзям даводзіцца награваць ваду для купання, расходаваць рэсурсы. Пры дапамозе педагогаў ясляў-сада № 34 усё даследаванне было належным чынам аформлена. Міця прадставіў яго на гарадскім конкурсе даследчых работ для дашкольнікаў і атрымаў пераможны дыплом. Радасці не было мяжы. Вельмі спадабаўся яму і сам працэс даследавання, малому зноў хочацца пазнаваць, вывучаць, рабіць эксперыменты, — адзначае Галіна Мікалаеўна.
Са школьнікамі яна праводзіць работу метадычна, паэтапна і ненадакучліва. У многіх настаўнікаў узнікаюць праблемы ўжо на пачатковым этапе — пры выбары тэмы даследавання. Галіна Бяляева рэдка займаецца пошукам тэмы ці праблемы, больш прыслухоўваецца да саміх навучэнцаў, да таго, што іх хвалюе, што яны абмяркоўваюць.
— Дзеці самі падкажуць тэму, прычым такую, якая будзе максімальна набліжана да жыцця, а значыць, і даследаванне атрымаецца патрэбным, запатрабаваным. Ды і вучні будуць актыўна займацца тым, што ім цікава, — кажа суразмоўца і прыводзіць шматлікія прыклады.
Навучэнка 2 класа Вікторыя Ціхановіч задумалася над тым, чаму ў нас так мала прадаюць цукерак з назвамі на беларускай мове. Даследаванне атрымалася не толькі займальным, але і смачным. Адзінаццацікласніца Вольга Глазкова, убачыўшы ў італьянскай газеце матэрыял з картай Еўропы, на якой нейкім чынам забыліся пазначыць Беларусь, стала вывучаць замежныя СМІ, меркаванні пра нас і нашу краіну. Яе сястра Ульяна Глазкова сур’ёзна задумалася пра бяспеку і вырашыла знайсці для сябе самы бяспечны шлях з дома ў школу. Гэтае дзіцячае даследаванне пазней перарасло ў камп’ютарную праграму “Бяспечны маршрут”. Зараз яна размешчана на сайце навучальнай установы і кожны вучань можа вызначыць свой уласны бяспечны шлях да школы. Пяцікласнікі Багдан Балаба і Настасся Лаўрова класіфікавалі ўсе дубы Магілёва. Аказалася, што ў гэтых дрэў шматгадовая і цікавая гісторыя — асобныя нават высаджвалі ў часы Кацярыны ІІ. Думаюць дзеці і аб эканоміі энергарэсурсаў, часу. Так, навучэнцы Ілья Тупальскі і Дзмітрый Варэнікаў распрацавалі разумную цяпліцу, у якой усе працэсы догляду раслін аўтаматызаваны, і кіраваць імі можна, проста націснуўшы кнопку на мабільным тэлефоне. А вось дзевяцікласніца Вера Глазкова зрабіла экалагічнае пакрыццё для градак з выкарыстаных пакетаў, тэсціраванне якога паказала: пад такой плёнкай і вільгаць захоўваецца, і пустазелле не расце.
Значная частка даследаванняў была накіравана на захаванне памяці. Выпускніца Дзіяна Марозава і цяперашні шасцікласнік Максім Бяляеў агульнымі намаганнямі змаглі класіфікаваць увесь магілёўскі некропаль. Даследаванне сапраўды аказалася патрэбным. Людзей цікавяць іх карані, а навучэнцам удалося літаральна ажывіць старыя, а недзе і закінутыя надмагіллі. У школу пішуць, прыязджаюць людзі з розных краін, каб даведацца пра лёс сваіх сваякоў.
Не менш важную работу зрабіла выпускніца школы Ганна Сырадоева. Яе даследаванне “У славу Айчыны, у славу роду” дапамагло навучэнцам усёй школы знайсці новую інфармацыю пра сваіх продкаў, з’яднала іх сем’і.
— Усе навучэнцы тады атрымалі анкеты, пытанні ў якой тычыліся ўдзелу іх родных у Вялікай Айчыннай вайне. Мы сабралі дзяцей разам, каб даведацца пра вынікі. А вынікі нас уразілі. У адных сваякі былі палоннымі ў канцлагеры Дахау, у іншых дзяды гэты лагер вызвалялі, у кагосьці родныя перажывалі блакаду Ленінграда, у некага былі шафёрамі, якія дастаўлялі ўсё неабходнае ў блакадны горад па “дарозе жыцця”. Гэта значыць, у нашай школе цяпер вучацца нашчадкі тых людзей, якія, магчыма, сустракаліся ў той ваенны час, 70 гадоў назад. Гэта неверагодна, — заўважае Галіна Мікалаеўна.Характэрна, што ўсе пералічаныя даследаванні адзначаны прызавымі дыпломамі на адпаведных конкурсах, канферэнцыях рознага ўзроўню аж да міжнароднага. Ды і наогул даследчая дзейнасць навучэнцаў сярэдняй школы № 34 пад куратарствам Галіны Бяляевай вельмі выніковая. Кожны навучальны год вучні паспяхова прадстаўляюць свае праекты, заваёўваюць пераможныя дыпломы і граматы на розных мерапрыемствах.
— Увесь наш сакрэт — у выразнай метадычнай выверанасці і паэтапнасці ўсёй работы, а таксама ў арыентацыі навучэнцаў на рэгіянальны кампанент, на даследаванні, звязаныя з роднымі мясцінамі, — адзначае намеснік дырэктара.
Аўтарам даследавання часта становіцца не адзін навучэнец, а два, прычым рознаўзроставыя. На думку Галіны Бяляевай, такі прыём дапамагае наладзіць сярод дзяцей своеасаблівую пераемнасць. Старшакласнікі ва ўсім накіроўваюць малодшых таварышаў. Калі старэйшыя становяцца выпускнікамі, малыя ўжо маюць дастатковы вопыт для правядзення даследаванняў.
Пры ажыццяўленні работы над праектам педагогі ў 34-й школе накіроўваюць дзяцей на самастойны пошук інфармацыі, ажыццяўляючы толькі агульны кантроль. Актыўна прыцягваюць да ўдзелу ў даследаванні і бацькоў.
— Дапамога парадай, інфармацыяй, праяўленне зацікаўленасці з іх боку — важны фактар матывацыі для школьнікаў, — лічыць Галіна Бяляева.
Асаблівае значэнне для навучэнцаў мае прадстаўленне свайго праекта на конкурсах. Таму гэтай падзеі таксама папярэднічае дбайная падрыхтоўка. У школе праходзіць некалькі навуковых міні-канферэнцый, гутарак, на якіх дзеці могуць выступіць перад настаўнікамі і вучнямі, расказаць пра свае даследаванні.
— Для нашых даследчыкаў гэтыя сустрэчы — своеасаблівая трэніроўка перад аналагічнымі выступленнямі ўжо на рэальных конкурсах. Такая “рэпетыцыя”, як правіла, дае высокі вынік, — падкрэслівае Галіна Мікалаеўна.
Сваім багатым вопытам па арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў яна актыўна дзеліцца з калегамі. Выступае з кансультацыямі ў іншых школах горада, майстар-класамі ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, на семінарах. Раіць педагогам не патрабаваць ад вучняў грандыёзных здзяйсненняў. Даследаванне павінна стаць адкрыццём для самога вучня, актывізаваць яго цягу да ведаў, раскрыць яго здольнасці. Гэта не толькі прывядзе да поспеху пры прэзентацыі гатовай работы, але і зробіць само даследаванне творчым і займальным працэсам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ.