Чаму вада чароўная, колькі важыць паветра, што ў нас пад нагамі — гэтыя і іншыя сакрэты раскрывалі мальскія дашкаляты на тыдні навукі.
Ды і калі, як не ў Год навукі, маленькім чамучкам пачынаць свае першыя навуковыя адкрыцці і шукаць ісціну? Групавыя пакоі і дваровая тэрыторыя дзіцячага сада ператварыліся ў сапраўдныя навуковыя лабараторыі, дзе адказна працавалі юныя даследчыкі. Прабіркі, посуд і ёмістасці, лапатачкі, вымяральныя прыборы, белыя халаты і капялюшыкі, выхавальнікі ў ролі навуковых кіраўнікоў — вось так, па-даросламу, нашы выхаванцы даследавалі тое, з чым сустракаюцца кожны дзень.
Праз гульні, казкі, загадкі дзяцей знаёмілі з тымі з’явамі і ўласцівасцямі вады, паветра і глебы, якія яны потым павінны былі ўбачыць і паказаць на практыцы. Але юныя даследчыкі вывучалі не толькі нежывую прыроду, яны знаёміліся яшчэ і з яе жыхарамі.
Дапамагалі дзецям рабіць навуковыя адкрыцці і іх бацькі: яны разам дома праводзілі доследы і эксперыменты. Яшчэ некалькі гадоў — і гэтыя дзеці зробяць упэўнены крок у навуку як мінімум на раённай канферэнцыі. Вопыт у іх ужо будзе добры.
Іна САЛДАЦЕНКАВА,
намеснік дырэктара Мальскага дзіцячага сада — базавай школы Астравецкага раёна.