Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч Жук — даўні чытач “Настаўніцкай газеты”, наш прыхільнік і крытык. З нагоды такога значнага юбілею сёння гутарым пра месца і ролю прафесійнага выдання ў айчыннай адукацыйнай прасторы.
— 75 гадоў — гэта цэлае жыццё. У далёкіх ужо 1940-х для беларускіх настаўнікаў наша газета была важнай, часта нават адзінай крыніцай прафесійных ведаў. Мы былі разам на розных этапах станаўлення айчыннай сістэмы адукацыі. І сёння мы, як усе газетчыкі, спрабуем знайсці сваё месца ў лічбавым свеце, каб па-ранейшаму быць карыснымі і цікавымі для настаўнікаў. Аляксандр Іванавіч, якім, на ваш погляд, павінна быць сучаснае педагагічнае выданне?
— Нягледзячы на новыя “лічбавыя” фарматы, на мой погляд, асноўныя базавыя функцыі сучаснага педагагічнага выдання павінны заставацца нязменнымі — гэта перш за ўсё інфармацыйная, асветніцкая і, нарэшце, камунікацыйная функцыі.
Інфармацыйная функцыя — усебакова і аператыўна асвятляць усё новае і эфектыўнае, што з’яўляецца ў педагагічнай навуцы і адукацыйнай практыцы, праблемы і перспектывы развіцця адукацыі і педагогікі. Таму “Настаўніцкай газеце” трэба заставацца для педагогаў надзейнай крыніцай інфармацыі ў адукацыйнай сферы. Быць, я б сказаў, інфармацыйным фондам і навукова-метадычнай базай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Своечасова і якасна інфармаваць педагогаў пра ўсё, што адбываецца ў адукацыі, аб перадавым вопыце, як айчынным, так і замежным, навінках, зменах у педагогіцы, вядомых людзях, цікавых падзеях. Даносіць актуальную інфармацыю шырокаму колу чытачоў зразумелай, даступнай мовай. Матэрыялы сучаснага педагагічнага выдання павінны адлюстроўваць рэаліі сучаснага адукацыйнага працэсу і адначасова быць прагнастычнымі, адказваць бягучым і перспектыўным патрэбам сучаснага грамадства.
Гаворачы пра асветніцкую функцыю, я маю на ўвазе перш за ўсё павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў, пашырэнне іх кругагляду, развіццё прафесійных і асобасных кампетэнцый. У той жа час сучаснаму педагагічнаму выданню важна адказваць крытэрыям навуковай навізны і практычнай значнасці, утрымліваць дыскусійныя тэарэтычныя пазіцыі. Быць платформай для прэзентацыі вынікаў навуковых даследаванняў і інавацыйных адукацыйных практык, для знаёмства з вынікамі эксперыментальнай дзейнасці. Аказваць практычную дапамогу шырокаму колу педагогаў краіны, папаўняць іх творчы багаж. Прапагандаваць перадавыя метады навучання і выхавання, актыўна садзейнічаць развіццю педагагічнай навукі. Мэтанакіравана і паслядоўна дапамагаць выкладчыкам, кіраўнікам устаноў адукацыі ў павышэнні навукова-метадычнага ўзроўню, узбагачэнні перадавым вопытам.
І апошняе, але не менш важнае — камунікацыйная функцыя. Сучаснае педагагічнае выданне я бачу пляцоўкай для зносін прафесіяналаў. Сёння ў педагагічнай супольнасці павінны ажыццяўляцца самыя разнастайныя камунікатыўныя траекторыі: гэта і прафесійныя зносіны калег-педагогаў, і ўзаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне прадстаўнікоў педагагічнай навукі і адукацыйнай практыкі, і суполкі па інтарэсах, і часовыя творчыя каманды і калектывы і інш. Усё гэта неабходна прафесійнай супольнасці педагогаў, асабліва ва ўмовах суцэльнай лічбавізацыі і анлайн-фармату СМІ. На старонках “Настаўніцкай газеты” педагогі могуць дзяліцца вопытам, расказваць пра сваіх вучняў і калег, закранаць самыя актуальныя праблемы школы, прафесійнага навучання, сям’і, грамадства.
— Інтэрнэт бязмежны, вельмі шмат прафесійнай інфармацыі ёсць на расійскіх і іншых замежных сайтах. Але мы стараемся даць настаўнікам найперш свае, беларускія ўзоры прафесіяналізму — тое, што можна лёгка прымяніць у нашай айчыннай школе. Якія тэмы здаюцца вам асабліва важнымі, патрэбнымі настаўнікам, у тым ліку маладым спецыялістам?
— Я ўжо згадваў прагнастычнасць як ключавую характарыстыку сучасных аналітычных матэрыялаў. На старонках прафесійных СМІ педагогам важна бачыць перспектыву развіцця сістэмы адукацыі. У сучаснай адукацыйнай парадыгме галоўнымі арыенцірамі выступаюць: вучэнне замест навучання, развіццё ў дзяцей здольнасцей самім набываць веды, творча іх перапрацоўваць, ствараць новае, укараняць яго ў практыку. І сучаснае педагагічнае выданне павінна пісаць пра гэта. Да перспектыў далейшага развіцця адукацыйнай сістэмы Беларусі ў кантэксце сусветных трэндаў неабходна аднесці і стварэнне сістэмы дыстанцыйнай адукацыі. Лічбавізацыя аб’ектыўна прывядзе да з’яўлення новых форм занятасці ў сферы адукацыі, да стварэння віртуальных педагагічных калектываў, распрацоўкі новай ідэалогіі і новых мадэлей, механізмаў, інструментаў кіравання, якія забяспечваюць узгодненую дзейнасць па дасягненні патрэбных адукацыйных вынікаў.
Нам усім неабходна працаваць на апярэджанне, разумець, што ў эпоху, калі галоўным рэсурсам цывілізацыйнага развіцця становіцца не прыроднае багацце, а чалавечы капітал, імкліва ўзрастае роля настаўніка. Настаўніка з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, з глыбокай любоўю да дзяцей, сваёй прафесіі, радзімы. Настаўніка, які валодае шэрагам новых, запатрабаваных жыццём кампетэнцый, у ліку якіх — кампетэнцыі ў галіне IT-тэхналогій, інклюзіі, педагагічнай падтрымкі, кампетэнцыі, якія дазволяць праектаваць сваю жыццёвую і прафесійную траекторыю, развівацца і займацца самаадукацыяй на працягу ўсяго жыцця, знаходзіць аптымальныя рашэнні ў нестандартных прафесійных сітуацыях. Усе гэтыя новыя трэнды педагогікі і стратэгічныя арыенціры ляглі ў аснову распрацаванай нашым універсітэтам новай Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі ў Беларусі на 2021—2025 гады.
І мы, вядома, чакаем падтрымкі нашых вядучых прафесійных СМІ ў фарміраванні ў педагогаў цэлага шэрага запатрабаваных метакампетэнцый. А гэта:
- здольнасць забяспечыць выхаванне асобы з гуманістычным светапоглядам, крытычным, сацыяльна і экалагічна арыентаваным мысленнем, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, нацыянальнай самасвядомасцю ва ўмовах адкрытага полікультурнага грамадства;
- гатоўнасць да духоўна-маральнага выхавання дзяцей, уменне арганізоўваць сацыяльна значныя ініцыятывы вучняў з апорай на лепшыя традыцыі калектыўнага выхавання, фарміраваць у школьнікаў устаноўку на здаровы лад жыцця, ажыццяўляць прафілактыку шкодных звычак, агрэсіі;
- валоданне навыкамі работы ў лічбавым адукацыйным асяроддзі; здольнасць апярэджваць сацыяльную сітуацыю развіцця сучаснага дзіцяці;
- гатоўнасць да працы ва ўмовах рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адзіным адукацыйным працэсе і інш.
— У апошнія гады журналісты “Настаўніцкай газеты” вельмі шмат ездзяць па краіне. Мы ўжо пабывалі ў большасці раёнаў, сустрэліся з дзясяткамі калектываў і ўражаны тым, наколькі творча і самааддана працуюць нашы педагогі. Імкнёмся шырока адлюстроўваць іх дасягненні на старонках газеты, бо перакананы: пільны, дапытлівы чытач заўсёды вычапіць нейкую ідэю і на яе аснове створыць штосьці сваё. Такім чынам, газета як бы становіцца пасярэднікам паміж настаўнікамі-творцамі. Аляксандр Іванавіч, чым, на ваш погляд, можа быць карысны вопыт калег з іншых рэгіёнаў?
— Так, Галіна, я абсалютна згодны з тым, што многія настаўнікі творча падыходзяць да вырашэння педагагічных задач, валодаюць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, гатовы дзяліцца сваім вопытам і дасягненнямі. Безумоўна, вопыт калег заўсёды карысны, яго неабходна творча выкарыстоўваць у сваёй практыцы.
Якраз такі вопыт усіх рэгіёнаў краіны ў сферы педагагічнай адукацыі акумулюе створаны ў 2015 годзе на базе БДПУ вучэбна-навукова-інавацыйны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Кластар дазволіў нам аб’яднаць патэнцыял усіх суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы сучасных педагогаў. Гэта выдатны прыклад арганізацыі асяроддзя для абмену педагагічным вопытам, бо ён уключае школы, гімназіі, дзе адкрыты педагагічныя класы, педагагічныя каледжы, універсітэты, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку па педагагічных спецыяльнасцях, інстытуты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагогаў, інстытуты развіцця адукацыі ўсіх абласцей краіны, АПА, НІА, РІПА, 15 школ-лабараторый і інш. У рамках кластара адкрыта больш за 470 педагагічных класаў па ўсёй краіне, у якіх займаюцца звыш 4250 навучэнцаў. Мы пастаянна арганізуем сумесную работу педагогаў, якія дзеляцца сваім вопытам, бо кожны вопыт унікальны. Гэта настаўнікі-прадметнікі, школьныя псіхолагі, сацыяльныя педагогі, якія не проста любяць сваю прафесію, але і “папулярызуе” яе, фарміруюць пазітыўны імідж прафесіі педагога. Гэта настаўнікі, якія карыстаюцца аўтарытэтам у навучэнцаў і калег і імкнуцца да прафесійнага самаразвіцця. Таму, безумоўна, сёння вельмі важна даць педагогам магчымасць абменьвацца ідэямі, вопытам, педагагічным знаходкамі.
Яшчэ адзін прыклад — дзейнасць асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, якая забяспечвае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў рамках партнёрскай сеткі школ. Педагагічнымі калектывамі гэтых устаноў назапашаны каштоўны вопыт рэалізацыі ідэй адукацыі для устойлівага развіцця, арганізацыі навуковых крам, падрыхтоўкі педагогаў як агентаў устойлівага развіцця ў розных кутках нашай краіны.
Дзякуючы ў тым ліку “Настаўніцкай газеце”, усё больш школ, педагагічных калектываў даведваюцца аб гэтай дзейнасці, далучаюцца да партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця, становяцца школамі-лабараторыямі, базамі педагагічных практык для нашых студэнтаў, удзельнічаюць у канферэнцыях, фэстах, форумах.
— Наша прынцыповая пазіцыя — даваць слова чытачам, каб не толькі журналісты пісалі пра педагогаў, а на газетных старонках гучаў іх жывы голас. Так, не ўсе нашы аўтары валодаюць талентам красамоўства, многія пішуць сціпла, немудрагеліста. Але дзе яшчэ настаўнікі з далёкіх вёсак і гарадоў могуць паказаць свой вопыт, сваё адказнае стаўленне да працы, пахваліцца (чаму б не?) сваімі дасягненнямі? Якое іншае выданне, акрамя прафесійнага, знаходзіць месца для настаўніцкіх нататак? Мы ўпэўнены, што людзі, якія гадамі выпісваюць газету, маюць права быць не толькі чытачамі, але і аўтарамі. І мы любім усіх, хто нас чытае, а таксама нам піша. Аляксандр Іванавіч, якія матэрыялы за аўтарствам настаўнікаў здаюцца вам найбольш каштоўнымі? Пра што настаўнікі ўмеюць напісаць лепш і цікавей, чым журналісты?
— Вы маеце рацыю, жывы вопыт педагагічнай дзейнасці заўсёды ўнікальны, каштоўны. Удалыя педагагічныя прыёмы, знаходкі, распрацоўкі настаўнікаў непаўторныя, і лепш за саміх педагогаў ніхто не ацэніць іх уклад у прафесію. Як галоўны рэдактар вядучага навукова-метадычнага часопіса ў адукацыйнай сферы “Адукацыя і выхаванне” я ведаю, колькі ў нас творчых, цікавых, таленавітых педагогаў, носьбітаў унікальнага педагагічнага вопыту і педагагічных кейсаў, гатовых дзяліцца сваім вопытам і ўдасканальваць яго. Менавіта яны штодня паглыбляюцца ў нечаканыя педагагічныя сітуацыі, штодня сустракаюцца з новымі прафесійнымі выклікамі. Такі жывы, актуальны педагагічны вопыт, практычна ў рэальным часе прадстаўлены на старонках прафесійнага выдання, з’яўляецца найкаштоўнейшым матэрыялам і для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей, і для выкладчыкаў педагогікі, псіхалогіі, методыкі, і для маладых педагогаў, і для вопытных метадыстаў, і для навукоўцаў, якія даследуюць праблемы сучаснай педагогікі і псіхалогіі. Мы, хто непасрэдна рыхтуе новыя педагагічныя кадры, асабліва зацікаўлены ў такіх матэрыялах. Яны незаменная крыніца псіхолага-педагагічных кейсаў для практыкаарыентаванага працэсу падрыхтоўкі педагогаў.
— Сёння ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” працуюць прынамсі 4 выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка. Аляксандр Іванавіч, што б вы пажадалі настаўнікам-журналістам, якія на ўласным вопыце ведаюць, як гэта — стаяць ля дошкі, і ўсяму нашаму калектыву з нагоды юбілею?
— Нашы намаганні — і ў БДПУ, і ў кластары — у апошнія гады звязаны найперш з павышэннем іміджу педагога. Я перакананы: усё, што мы робім, усё, пра што мы пішам на папяровых ці лічбавых старонках прафесійных СМІ, павінна ўздымаць прэстыж педагагічнай прафесіі ў грамадстве, прыводзіць пераканаўчыя прыклады і лепшыя ўзоры педагагічнай дзейнасці. Мы ў БДПУ гаворым аб прафесіі педагога як аб дастойнай справе для дастойных людзей.
Усяму вашаму калектыву жадаю захаваць высокі прафесіяналізм і стабільнасць, гарманічна спалучаць традыцыі і інавацыі, шукаць новыя падыходы, формы і метады работы, каб адказваць сучасным запытам адукацыі. Для гэтага важна знаходзіцца ў бесперапынным пошуку новых ідэй і форм, адказна і самааддана служыць нашай агульнай справе — развіццю сістэмы адукацыі Беларусі.
Ад усёй душы жадаю цікавых таленавітых аўтараў, яркіх запамінальных артыкулаў, адданых сваёй прафесіі і зацікаўленых у развіцці чытачоў! І канечне, вялікіх тыражоў!
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ.