КРЭПСКАЯ Таццяна Леанідаўна,
настаўніца англійскай мовы гімназіі Асіповіч.
Скончыла БДПУ імя Максіма Танка. Педагагічны стаж — 15 гадоў. Педагагічнае крэда: “Настаўнік — гэта ўнікальная прафесія, у якой аддаючы — атрымліваеш, навучаючы — вучышся, сталеючы — маладзееш”.
Намінацыя “Замежная мова”
Адметныя рысы яе педагагічнай дзейнасці — гэта практычная накіраванасць урокаў англійскай мовы, іх высокі выхаваўчы патэнцыял. Вучэбныя заняткі вызначаюцца цэласнасцю, унутранай узаемасувяззю, аптымальнай структурай. Настаўніца аддае перавагу інтэрактыўным метадам навучання, якія дазваляюць уцягнуць усіх навучэнцаў у працэс пазнання, даюць максімальную магчымасць практыкаваць на вучэбных занятках навыкі супрацоўніцтва і міжасобасных зносін. Вялікую ўвагу ўдзяляе фарміраванню сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў, паколькі лічыць, што вывучэнне замежнай мовы праз далучэнне да культуры іншага народа не толькі робіць гэты працэс больш прывабным для навучэнцаў, але і садзейнічае больш дакладнаму і адэкватнаму разуменню носьбітаў іншай культуры.
Сістэма педагагічнай дзейнасці Таццяны Леанідаўны накіравана на вырашэнне праблемы пошуку сродкаў і прыёмаў навучання, якія садзейнічаюць фарміраванню сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў на ўроках англійскай мовы. Матэрыял, які прапаноўваецца, садзейнічае павелічэнню аб’ёму ведаў аб сацыякультурнай спецыфіцы краін, мова якіх вывучаецца, фарміраванню навыкаў прымянення гэтых ведаў у розных сітуацыях фармальных і нефармальных міжасобасных і міжкультурных зносін; знаёмству з узорамі англамоўнай культуры; фарміраванню ўмення супастаўляць культуру роднай краіны і краін, мова якіх вывучаецца, заўважаць культурна-спецыфічныя асаблівасці і знаходзіць агульнакультурныя заканамернасці; удасканаленню ўменняў будаваць свае маўленчыя і немаўленчыя паводзіны адэкватна правілам этыкету ў розных сітуацыях зносін у іншамоўным асяроддзі; распазнаванню і ўжыванню ў вуснай і пісьмовай мове асноўных норм маўленчага этыкету, прынятых у краінах, мова якіх вывучаецца.
Як змадэляваць сітуацыі, максімальна набліжаныя да рэальнага асяроддзя на ўроках замежнай мовы? Як зрабіць працэс вывучэння замежнай мовы цікавым і актуальным для навучэнцаў і адначасова эфектыўным? Задаючы сабе гэтыя пытанні, Таццяна Леанідаўна прыйшла да высновы, што максімальна наблізіць навучэнцаў да моўнага асяроддзя могуць дапамагчы творы масавай іншамоўнай культуры (відэаматэрыялы, аўдыяматэрыялы, сучасныя музычныя хіты, тэксты электронных СМІ і г.д.). Выкарыстанне такіх твораў дазваляе навучэнцам, з аднаго боку, чуць і вывучаць жывую гаворку носьбітаў мовы, а з другога — дае магчымасць пазнаёміцца з нацыянальна-культурнай спецыфікай краін, мова якіх вывучаецца, і мадэлямі не толькі маўленчых, але і немаўленчых паводзін у адпаведнасці з гэтай спецыфікай.
Менавіта таму Таццяна Леанідаўна працуе над фарміраваннем сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў пры дапамозе песеннага матэрыялу і аўтэнтычных відэаматэрыялаў на ўроках англійскай мовы. Перавага гэтых сродкаў у даступнасці і актуальнасці прадстаўленай у іх інфармацыі, адлюстраванне штодзённых сітуацый і бытавых праблем, пераважанне жывой мовы, размоўных выразаў і фраз-клішэ, магчымасць фарміравання кругагляду і “фонавых” ведаў, а таксама магчымасць зрабіць успрыманне вучэбнага матэрыялу даступным і цікавым.
Песенны матэрыял з’яўляецца каштоўным з пункту гледжання фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі, паколькі разглядаецца, з аднаго боку, як узор жывой іншамоўнай гаворкі, якая адэкватна адлюстроўвае асаблівасці жыцця, культуры і побыту народа краіны, мова якой вывучаецца, з другога боку, з’яўляючыся носьбітам культуралагічнай інфармацыі, песня можа фарміраваць і духоўную культуру навучэнцаў. Акрамя таго, песенны матэрыял садзейнічае ўдасканаленню ўсіх відаў маўленчай дзейнасці.
Выкарыстанне аўтэнтычных відэаматэрыялаў дазваляе пашырыць і дапоўніць матэрыялы вучэбных дапаможнікаў, з’яўляючыся змястоўнымі з пункту гледжання раскрыцця сацыякультурных асаблівасцей жыцця англамоўных краін. У сваёй рабоце Таццяна Леанідаўна выкарыстоўвае відэаматэрыялы вучэбнага відэакурса Windo won Britain, а таксама матэрыялы інтэрнэт-рэсурса British Council. Асабліва часта для работы на ўроках у 9—11 класах карыстаецца відэаматэрыяламі сайта BBC Learning English.
Таццяна Леанідаўна разглядае сістэму работы з гэтымі матэрыяламі на розных этапах вучэбных заняткаў і прапаноўвае шэраг прыёмаў для работы з імі. Таццяна Леанідаўна склала пералік сабраных відэаматэрыялаў і песень, класіфікаваных у адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планаваннем вучэбнай праграмы па англійскай мове для 9—11 класаў, распрацавала дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў з іх прымяненнем, якія размешчаны на сайце гімназіі. Работа Таццяны Леанідаўны ў гэтым напрамку адлюстроўваецца ў выніках дзейнасці яе навучэнцаў. Дзеці становяцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіяднага руху, конкурсаў работ даследчага характару, а таксама з задавальненнем арганізоўваюць і праводзяць школьныя пазавучэбныя мерапрыемствы.
Таццяна Леанідаўна вельмі актыўны чалавек. Яе жыццё — пастаянны рух наперад. У 2011 годзе яна паступіла ў Вышэйшую школу кіравання і бізнесу, паралельна працавала перакладчыкам, але вярнулася ў педагогіку, адчуўшы, што яе сапраўдным прызваннем з’яўляецца школа. Разам з тым вопыт работы ў іншай прафесіі дапамог стаць больш мабільнай, авалодаць гібкасцю мыслення. Зараз яна кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы гімназіі, праводзіць раённыя і абласныя майстар-класы, выступае з прэзентацыяй сённяшняй сістэмы педагагічнай дзейнасці.