Даследчы метад на ўроках фізікі

- 17:37Магілёў

ЗДАРАНКОВА Святлана Уладзіміраўна, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 9 Бабруйска.

Скончыла фізічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Педагагічны стаж — 17 гадоў. Прафесійнае крэда: “Навучаючы іншых, мы вучымся самі”.

Намінацыя “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”

На фізіку ў яе свой погляд. Яна ўпэўнена, што гэты прадмет развівае ў дзяцей крэатыўнае мысленне, якое абавязкова спатрэбіцца ім для будучай творчай стваральнай дзейнасці і навуковай работы. Святлана Уладзіміраўна лічыць, што неабходна развіваць у навучэнцаў уменне вучыцца і арыентавацца ў сучасным патоку інфармацыі. Пад уменнем вучыцца педагог разумее развіццё ўніверсальных вучэбных дзеянняў: паўнацэннае асваенне навучэнцамі ўсіх кампанентаў вучэбнай дзейнасці (пазнавальныя і вучэбныя матывы, вучэбную мэту, вучэбную задачу, вучэбныя дзеянні і аперацыі).

Настаўніца лічыць, што пры навучанні фізіцы немагчыма абысціся без даследчага метаду, таму што ён садзейнічае творчаму пошуку і прымяненню ведаў, забяспечвае авалодванне метадамі навуковага пазнання ў працэсе дзейнасці па іх пошуку. Для фарміравання эксперыментальна-даследчай кампетэнцыі прыдатны ўсе віды вучэбнага фізічнага эксперымента: дэманстрацыйны, гістарычны, франтальны, дамашні, лабараторная работа і эксперыментальная задача. Работу па фарміраванні даследчых уменняў педагог ажыццяўляе як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці.

Навучэнцаў неабходна вучыць весці назіранні. Так, на ўроку, які прадугледжвае дэманстрацыйны эксперымент, навучэнцам раздаюцца карткі з пытаннямі па назіранні. Пасля знаёмства з пытаннямі становіцца зразумела, на што варта звярнуць увагу падчас назірання.

Часта тлумачэнне новага матэрыялу педагог пачынае са стварэння праблемнай сітуацыі. У якасці праблемнай сітуацыі выкарыстоўваецца дэманстрацыйны дослед, відэафрагмент эксперымента, эксперыментальнае даследаванне. На ўроку фізікі ў 7 класе па тэме “Закон Архімеда. Умовы плавання цел” прымяняюцца наступныя праблемныя сітуацыі: настаўнік апускае бульбу ў салёную ваду і звычайную ваду, у звычайную ваду апускае апельсін неабабраны і абабраны. Потым навучэнцам прапаноўваецца правесці даследаванне і высветліць, ад чаго залежыць магчымасць плавання цел.

На ўроках рашэння задач педагог актыўна выкарыстоўвае эксперыментальныя задачы, пастаноўка і рашэнне якіх звязаны з эксперыментам. На ўроку вывучэння новага матэрыялу ў 8 класе “Лінзы. Фокусная адлегласць і аптычная сіла лінзы” Святлана Уладзіміраўна прапаноўвае вылічыць аптычную сілу збіраючай лінзы. Навучэнцам неабходна вымераць фокусную адлегласць збіраючай лінзы, атрымаўшы выяву аддаленага прадмета (за акном) на экране. Лінзы для гэтага ўрока бяруцца розныя: лупы, лінзы для акуляраў, лінзы розных прылад і г.д.

Найбольшую цікавасць у навучэнцаў выклікаюць разліковыя задачы з далейшай эксперыментальнай праверкай. На ўроку рашэння задач у 7 класе па тэме “Рычагі. Умова раўнавагі рычага” праверка правільнасці выканання задач на знаходжанне плеч розных сіл праводзіцца эксперыментальна. Пры вывучэнні тэмы “Рух з пастаянным паскарэннем” у 9 класе прапаноўваецца наступнае заданне: выкарыстоўваючы нахіленую плоскасць, секундамер і мерную стужку прапануецца вызначыць паскарэнне шарыка, лічачы рух роўнапаскораным, разлічыць час праходжання ўсёй нахіленай плоскасці; адказ праверыць эксперыментальна.

Пры арганізацыі дамашняга задання С.У.Здаранкова выкарыстоўвае заданні на канструяванне і выраб прылад, мадэляў, пастаноўку доследаў, якія патрабуюць працяглага назірання. Пастаўленую задачу навучэнец вырашае самастойна і афармляе свой варыянт у выглядзе праекта, які складаецца з малюнка, схемы, матэматычных разлікаў і кароткага апісання канструкцыі, якая прапаноўваецца. Заданні даюцца на вялікі прамежак часу (ад аднаго тыдня да трох) у залежнасці ад колькасці гадзін, адведзеных на вывучэнне тэмы. Вырабленыя прылады і мадэлі папаўняюць абсталяванне фізічнага кабінета.

Адзін з аспектаў пазаўрочнай дзейнасці — гэта фізічныя калекцыі (фізіка ў цацках, фотакалаж “Фізіка ў мяне дома”, тэматычныя калекцыі, напрыклад, “Простыя механізмы”). Традыцыйна на прадметным тыдні праводзіцца выстава калекцый з іх абаронай.

З 2005 года педагог разам з навучэнцамі ўдзельнічае ў канферэнцыях работ даследчага характару навучэнцаў і конкурсах па энергазберажэнні. У 2012 годзе для суправаджэння дамашніх даследаванняў навучэнцаў педагог распрацавала адукацыйны рэсурс для пачынаючых даследчыкаў (5—7 клас) “Сябры і фізічны праект”, пры дапамозе якога школьнікі вучацца ствараць праекты. Рэсурс уключае ў сябе ўрокі, тэсты, гульні і накіраваны на ўключэнне навучэнцаў у праектную і даследчую дзейнасць.

У верасні 2016 года настаўніца стварыла групу ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” пад назвай “Вывучаем фізіку ў школе № 9 Бабруйска”. Педагог праводзіць віртуальныя кансультацыі па выкананні дамашняга задання, размяшчае аб’явы і напамінанні, творчыя і базавыя дамашнія заданні, тэмы рэфератаў.

“Кожны вучань па-свойму таленавіты, але яго поспех залежыць ад своечасовага выяўлення здольнасцей і іх правільнага развіцця”, — лічыць С.У.Здаранкова. Галоўная фігура ў гэтым працэсе — педагог. Яго асоба, падрыхтоўка і майстэрства — вырашальныя фактары. І таму настаўніца пастаянна паглыбляе свае веды па любімай фізіцы, стварае аптымальныя ўмовы навучання для кожнага навучэнца.