Творчыя ўрокі чытання

- 17:52Магілёў

ЦІШКЕВІЧ Наталля Васільеўна,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Горак.

Скончыла БДПУ імя Максіма Танка. Педагагічны стаж — 18 гадоў. Педагагічнае крэда настаўніка: “Дастукацца да кожнага сэрца тых, каго ты адважышся вучыць”.

Намінацыя “Пачатковыя класы”

Педагог валодае глыбокімі ведамі ў галіне методыкі выкладання прадметаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Умее адбіраць найбольш рацыянальныя спосабы вырашэння метадычных задач, выкарыстоўвае актыўныя метады і прыёмы навучання, якія адпавядаюць тыпу ўрока, яго мэтам. Урокі Наталлі Васільеўны характарызуюцца навуковасцю, практычнай накіраванасцю, высокай шчыльнасцю і прадукцыйнасцю, разнастайнасцю як па спосабе правядзення, так і па дыдактычных мэтах. На ўроках выкарыстоўвае розныя віды самастойных, даследчых і творчых работ.

Настаўнік умела спалучае розныя метады навучання і выхавання: інфармацыйна-паведамляльны, тлумачальна-ілюстрацыйны, праблемны, часткова-пошукавы. Выкарыстоўвае разнастайныя формы дыферэнцыраванай работы, дыдактычныя і дзелавыя гульні, нестандартныя формы правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, умела ўкараняе ў адукацыйны працэс інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, што дазваляе не толькі ўключыць навучэнцаў у творчую дзейнасць, але і дапамагае ацаніць індывідуальныя здольнасці кожнага. На ўроках заўсёды пануе атмасфера супрацоўніцтва, падмацаваная сітуацыяй поспеху.

Наталля Васільеўна выкарыстоўвае творчыя заданні на ўроках літаратурнага чытання з мэтай павышэння вучэбнай матывацыі малодшых школьнікаў. Задачы, якія ставіць перад сабой педагог:

● раскрыць значэнне творчых заданняў для развіцця станоўчай вучэбнай матывацыі малодшых школьнікаў;

● скласці класіфікацыю творчых заданняў па літаратурным чытанні; паказаць магчымасці класнага блога, сэрвісу LearningApps.org, іншых рэсурсаў сеткі інтэрнэт для стварэння і прымянення творчых заданняў;

● правесці дыягностыку ўзроўню развіцця вучэбнай матывацыі малодшых школьнікаў.

Сістэма творчых заданняў уводзіцца з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Працуючы з дзецьмі 1 класа, Наталля Васільеўна імкнецца ператварыць урок чытання ў свет фарбаў, гукаў, фантазіі, казкі, творчасці. Вельмі любяць першакласнікі слухаць казкі і прыгоды літар, разгадваць загадкі і прыдумваць свае, гуляць у рыфмы. Навучэнцам 1 класа яна прапануе падбор слоў у рыфму ў няскончаных двухрадкоўях, складанне па карцінцы або серыі карцінак невялікага апавядання ці казкі (па пытаннях настаўніка), чытанне дыялогаў па ролях, гульні-драматызацыі казак. У 2 класе на ўроках літаратурнага чытання практыкуе прыдумванне назвы твора, слоўнае маляванне эпізодаў тэксту, калектыўнае напісанне невялікіх казак, апавяданняў па плане і па апорных словах, складанне загадак, прыказак, падрыхтоўку дыяфільмаў, інсцэніраванне твораў з рэплікамі і рухамі, пастаноўку жывых карцін. Вучні 3—4 класаў могуць ужо выказаць свае адносіны да герояў, даць ім параду, стаць на іх месца. Заданні творчага характару ўскладняюцца: слоўнае маляванне асобных эпізодаў, паэтычных карцін; стварэнне ілюстрацыйна-цытатнага плана; складанне творчага пераказу; складанне апавядання па зададзеным пачатку або канцоўцы; прыдумванне загадак, напісанне казак, вершаў па апорных словах; конкурснае чытанне сваіх твораў. Вучні 4 класа валодаюць неабходнымі ведамі і ўменнямі і могуць самі скласці заданні для ўрокаў літаратурнага чытання,таму настаўніца далучае іх да работы ў блогу.

Блог класа быў створаны з мэтай узаемадзеяння настаўніка, навучэнцаў і бацькоў; інфармавання ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу; павышэння вучэбнай матывацыі, якасці ведаў. Для навучэнцаў Наталля Васільеўна прапануе дадатковы матэрыял да ўрокаў, цікавыя заданні, крыжаванкі, віктарыны, тэсціраванне. Дзеці не толькі выконваюць заданні, але і самі складаюць новыя практыкаванні.

Дзякуючы блогу, бацькі могуць убачыць вынікі творчасці дзяцей на ўроках. Звычайнае дамашняе заданне — чытанне па ролях — рыхтуецца асабліва старанна, калі дзеці ведаюць, што будзе рабіцца запіс і аўдыяспектакль пачуюць усе наведвальнікі блога. Ствараючы калектыўную прэзентацыю, дзеці бачаць каментарыі настаўніка, маюць магчымасць рэдагаваць тэкст, аналізаваць і пакідаць водзывы ў чаце.

Такая сістэма работы дала станоўчыя вынікі. Дзяцей з высокім і сярэднім узроўнем матывацыі стала больш. Навучэнцаў з нізкай школьнай матывацыяй не было выяўлена. У сваіх вучнях Наталля Васільеўна адзначае высокі ўзровень цікавасці да ўрокаў літаратурнага чытання. Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у школьных святах, выступаюць на сцэне, удзельнічаюць у канцэртах, выставах, віктарынах. Павысілася выніковасць удзелу вучняў класа ў конкурсах, алімпіядах, навукова-даследчай дзейнасці.

Заданні творчага характару дазваляюць пазбегнуць аднастайнасці дзеянняў, зніжаюць разумовую стамляльнасць навучэнцаў. Для таго каб выканаць творчае заданне, вучань павінен не толькі добра ведаць праграмны матэрыял, але і, галоўнае, — умець рабіць высновы на аснове параўнанняў, абагульненняў, выяўляць заканамернасці, умець фантазіраваць. Працэс творчага мыслення захоплівае навучэнцаў, ператвараецца ў цікавую гульню.

Дзеці заўсёды павінны знаходзіцца ў пошуку, адкрываючы для сябе штосьці новае. У такіх умовах нараджаюцца новыя ідэі, задумы, узнікае атмасфера супрацоўніцтва, якая ў сваю чаргу выклікае смак да творчасці, робіць яго прывабным для ўсіх. Галоўнае — вера ў дзіця, павага яго як асобы, імкненне дапамагчы яму ў дасягненні поспеху.

Быць уважлівым да кожнага дзіцяці, умець убачыць, заўважыць у вучня самую малую іскру цікавасці да якога-небудзь боку вучэбнай работы, ствараць усе ўмовы для таго, каб распаліць яе і ператварыць у сапраўдную цікавасць да навукі, да ведаў — у гэтым задача настаўніка.