Актывізаваць пазнавальныя і творчыя здольнасці вучняў

- 17:45Магілёў

САРАПУЛАВА Таццяна Барысаўна,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 33 Магілёва.

Скончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова. Дэвіз настаўніцы: “Вазьміце ідэю, зрабіце яе сваім жыццём — думайце пра яе, марце пра яе, жывіце ёю. Няхай ваш розум, мышцы, нервы, кожная част-ка цела будзе напоўнена гэтай ідэяй”. Вось ён — шлях да поспеху.

Намінацыя “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”

Актуальнасць сістэмы педагагічнай дзейнасці Таццяны Барысаўны заключаецца ў выяўленні і выкарыстанні найбольш аптымальных сродкаў і метадаў актывізацыі разумовай дзейнасці навучэнцаў, іх пазнавальных і творчых здольнасцей на ўроках, да і пасля іх на аснове сфарміраванага ўмення вучыцца. Прымяняючы на ўроках такія метады, як метад праблемнага пераказу, часткова-пошукавы метад, даследчы метад, базавыя элементы стратэгіі актыўнай ацэнкі, педагог прыйшла да высновы, што заданні пошукавага характару, у склад якіх уваходзяць праблемныя задачы, якія прадугледжваюць даследчую дзейнасць навучэнцаў у ходзе аналізу моўных і літаратурных з’яў, пастаноўка праблемных і ключавых пытанняў і пошук адказаў на іх дапамагаюць вырашыць праблему выхавання пазнавальнай самастойнасці (імкнення і ўмення навучэнцаў самастойна пазнаваць новае ў працэсе пошукавай дзейнасці), праблему актывізацыі разумовай дзейнасці навучэнцаў.

У сваёй сістэме педагагічнай дзейнасці Т.Б.Сарапулава выдзяляе такія істотныя прыкметы заданняў пошукавага характару: 1) выкананне іх без непасрэднага ўдзелу настаўніка (праблемныя задачы) ці з частковай падказкай з яго боку (заданні часткова-пошукавага характару); 2) адкрыццё навучэнцамі ў працэсе выканання заданняў новых ведаў ці новых спосабаў здабывання гэтых ведаў. Выконваючы гэтыя заданні, навучэнцы апынаюцца ў новай сітуацыі, перад новай праблемай і, натуральна, адчуваюць пэўныя цяжкасці, вырашаючы праблему. Творчасць навучэнцаў заключаецца ва ўменні арыентавацца ў новай сітуацыі, вырашыць праблему — адказаць на пытанне задання.

Пры рэалізацыі мэты “вучыць дзяцей вучыцца” найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца інтэрактыўныя метады навучання, якія забяспечваюць узаемадзеянне ўсіх -удзельнікаў працэсу, уключаючы педагога, а вучань пры гэтым становіцца не аб’ектам, а суб’ектам навучання. У сваёй рабоце педагог выкарыстоўвае розныя формы і метады актывізацыі пазнавальнай і творчай дзейнасці навучэнцаў: групавыя формы работы; розныя формы далучэння навучэнцаў да самастойнай пазнавальнай дзейнасці; заданні творчага характару; прадметныя дэкады; інтэрнэт-віктарыны; факультатыўныя заняткі; конкурсы рознай накіраванасці.

Асноўнай формай арганізацыі вучэбнага працэсу застаецца ўрок.

Вельмі выніковымі аказваюцца ўрокі, якія грунтуюцца на арыгінальнай арганізацыі вучэбнага матэрыялу: урок-роздум, урок-паглыбленне, урок — мазгавы штурм, урок-партрэт. У аснове ўсіх гэтых урокаў ляжыць даследаванне (праблемны, часткова-пошукавы, даследчы метады). Адным з самых складаных, але вельмі эфектыўных прыёмаў Т.Б.Сарапулава лічыць прыём інтэртэкстуальнага аналізу. Для разумення сэнсу твора, які аналізуецца, прыцягваюцца іншыя тэксты: творы гэтага ж аўтара ці творы іншых празаікаў (паэтаў) — сучаснікаў аўтара, ці творы празаікаў (паэтаў) — прадстаўнікоў розных эпох або напрамкаў (усё залежыць ад тэмы твора і задач, якія ставяцца на ўроку па вывучэнні канкрэтнага твора).

Даследчая дзейнасць працягваецца ў пазаўрочны час, і яна выніковая. Адной з самых цяжкіх творчых работ у старшых класах настаўніца лічыць водгук аб творы, лінгвістычны аналіз тэксту. Яна распрацавала ўніверсальную схему-алгарытм аналізу паэтычнага тэксту і метадычны дапаможнік “Комплексны аналіз тэксту: тэорыя і практыка”. Схема-алгарытм дазваляе аналізаваць любы лірычны твор на ўроках рускай літаратуры, паколькі ўключае ў сябе такія абавязковыя элементы, як ключавыя і спадарожныя вобразы, лексічныя ланцужкі і асацыятыўныя рады, сродкі мастацкага афармлення вобраза. У сваёй педагагічнай дзейнасці педагог выкарыстоўвае гэтую схему, арганізоўваючы парную і групавую работу. Водгук прадугледжвае больш глыбокі аналіз верша ў розных кантэкстах і супастаўляльны аналіз; у маёй схеме-алгарытме пададзены неабходныя рэкамендацыі па правядзенні гэтых аналітычных даследаванняў. У метадычным дапаможніку “Комплексны аналіз тэксту: тэорыя і практыка” змяшчаецца план аналізу тэксту, неабходныя тэарэтычныя звесткі аб тэкстаўтваральных сродках, а таксама практычныя заданні, нацэленыя на выпрацоўку навыку лінгвістычнага аналізу мастацкіх тэкстаў, умення адрозніваць тропы і стылістычныя фігуры, навыку гістарычнага і стылістычнага каментарыяў.

Схему-алгарытм і метадычны дапаможнік настаўніца выкарыстоўвае як на ўроках па вывучэнні лірыкі, так і на індывідуальных і групавых занятках школьнага і раённага цэнтраў па падрыхтоўцы да алімпіяд па рускай мове і літаратуры. Адным з напрамкаў работы педагога па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў з’яўляецца навучанне напісанню самастойных літаратурных твораў і тэкстаў публіцыстычнага стылю. Работа праводзіцца як на ўроках, так і ў пазаўрочны час (у рамках работы прэс-клуба “Дубль-3”). Вынік такой работы — выданне зборніка творчых работ навучэнцаў “Першыя крокі”, размяшчэнне творчых работ у школьнай газеце “Дубль-3”, а таксама выданне тэматычных выпускаў газеты.

Выкарыстанне метадаў і прыёмаў актывізацыі пазнавальных і творчых здольнасцей садзейнічае стварэнню сітуацыі поспеху на ўроку; у навучэнцаў фарміруецца станоўчая матывацыя да вучобы; актывізуецца самастойная дзейнасць па атрыманні новых ведаў; фарміруецца ўменне знаходзіць дадатковую інфармацыю ў розных крыніцах, абагульняць, аналізаваць і сістэматызаваць яе.

Навучэнцы Таццяны Барысаўны вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядах і інтэрнэт-алімпіядах па рускай мове і літаратуры; адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені на раённым і абласным этапах конкурсу навукова-даследчых работ і дыпломамі ІІ ступені на раённых этапах конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру; 4 гады запар атрымлівалі дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені за сачыненні-водгукі на раённых этапах і дыплом ІІІ ступені на абласным этапе алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія — Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.