Стварыць сітуацыю поспеху на ўроках геаграфіі

- 17:49Магілёў

ТРЭЙ Андрэй Айвавіч,
настаўнік геаграфіі Межысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.

Закончыў факультэт прыродазнаўства Магілёўскага педагагічнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова з адзнакай. Педагагічны стаж — 3 гады. Педагагічнае крэда Андрэя Айвавіча: “Творчасць ва ўсім”.

Намінацыя “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”

Маладосць, ініцыятыўнасць і прафесіяналізм — тры важныя якасці, якімі валодае малады педагог Магілёўшчыны. Яго ўрокі заўсёды цікавыя і прадукцыйныя. Яны вызначаюцца сістэмнасцю і прадуманасцю зместу вучэбнага матэрыялу. У сваёй педагагічнай дзейнасці Андрэй Айвавіч актыўна выкарыстоўвае інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі, кампетэнтнасны падыход, а таксама стараецца, каб на кожным уроку дзеці даведаліся штосьці зусім новае і цікавае, тое, чаго яны не знойдуць у падручніку. Малады педагог не баіцца эксперыментаваць, прымяняць розныя методыкі выкладання, улічваючы індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці вучняў. Разам з тым ён перакананы: “Калі настаўнік цудоўна валодае прадметам, ведае, пра што гаворыць, — любая методыка прыкладзецца”. “Упэўнены, трэба вучыць на ўроках не ўсіх дзяцей разам, а кожнага паасобку. Аднаго зацікавіць, другога падштурхнуць, трэцяга прымусіць, — гаворыць ён. — Я заўсёды прыходжу да дзяцей, грунтоўна падрыхтаваўшыся, знайшоўшы для кожнага класа свае іскрынкі”.

Самым важным Андрэй Айвавіч лічыць любоў да дзяцей і сваёй прафесіі, без якіх настаўніцкая праца ніколі не прынясе вынікаў. Асаблівае месца сярод усіх відаў і форм работы, якія садзейнічаюць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, займае, на думку А.А.Трэя, удзел дзяцей у прадметных алімпіядах і конкурсах даследчых работ. Творчасць робіць з геаграфіі не проста цікавы прадмет, а любімы. Творчасць дазваляе дзецям акунуцца ў захапляльны свет даследаванняў і тым самым дапамагае дасягнуць высокіх вынікаў у даследчай і алімпіяднай дзейнасці. Творчасць стварае нябачную сувязь павагі, сяброўства, узаемаразумення паміж навучэнцам і настаўнікам. І, вядома, творчасць здзяйсняе мары.

Трэба адзначыць, што Андрэй Айвавіч імкнецца не толькі дзяліцца новымі ведамі, але і выхоўвае ў навучэнцах такія маральныя якасці, як гонар, сумленне, дабрыня, справядлівасць, патрыятызм. У гэтай справе вельмі важны асабісты прыклад. Малады педагог не толькі патрабавальны, але і справядлівы. Ён ініцыятыўны, эрудзіраваны, поўны энтузіязму і натхнення, актыўны, творчы чалавек з мноствам новых ідэй, якія ператварае ў жыццё. Па прафесіі А.А.Трэй — географ, а ў душы — лірык, мяккі і сентыментальны. “Чулы і спагадлівы, непрадказальны і дзіўны, добры і любімы”, — так гавораць пра яго навучэнцы і калегі. Яго запал, аптымізм і любоў да геаграфіі нікога не пакідаюць абыякавымі.

Андрэй Айвавіч не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі. Любімая работа надае сілы і заўсёды прымушае ўдасканальвацца, таму пасля ўрокаў у школе ён зноў спяшаецца на заняткі. У Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі А.А.Трэй дзеліцца вопытам з іншымі настаўнікамі. Таксама прысвячае час рабоце ў Магілёўскім абласным аддзеле геаграфічнага таварыства, з’яўляецца аўтарам артыкулаў у часопісе “Магілёўскі мерыдыян”.

З першых дзён работы ў школе Андрэй Айвавіч узяўся за вывучэнне актыўных метадаў навучання як элемента падрыхтоўкі школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах даследчых работ па геаграфіі. Знаёміўся з існуючай тэарэтычнай базай па гэтым пытанні, вывучаў вопыт калег. Засвойваў магчымасці розных відэарэсурсаў, флэш-праграм і іншых інтэрнэт-крыніц, якія можна выкарыстоўваць на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці. Сам распрацаваў электронныя дапаможнікі для падрыхтоўкі школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах даследчых работ па геаграфіі. На думку А.А.Трэя, выкарыстоўваючы актыўныя метады навучання, можна забяспечыць інтэнсіфікацыю падрыхтоўкі і самастойнай дзейнасці навучэнцаў, узмацніць іх матывацыю і цікавасць да прадмета, палепшыць якасць засвойвання матэрыялу, павысіць пазнавальную і творчую актыўнасць падчас падрыхтоўкі да алімпіяд і конкурсаў даследчых работ па геаграфіі. Менавіта прымяненне актыўных метадаў навучання дазволіла, на яго погляд, стварыць сітуацыю поспеху як на ўроках, так і на факультатыўных занятках. “Выкарыстанне актыўных метадаў навучання дапамагае вырашыць тры задачы: перанесці частку нагрузкі падчас вучэбных заняткаў з педагога на навучэнца, размеркаваць адказнасць за канчатковы вынік паміж навучэнцамі і педагогам у роўнай ступені і павысіць выніковасць вучняў у алімпіядах і конкурсах даследчых работ па геаграфіі”, — лічыць А.А.Трэй.

Вопыт яго работы паказвае, што пры сістэматычным і мэтанакіраваным выкарыстанні актыўных метадаў навучання павышаецца якасць ведаў навучэнцаў. Пры такім падыходзе да навучання геаграфіі выхаванцы Андрэя Айвавіча дасягаюць высокіх вынікаў у прадметнай алімпіядзе і конкурсах рознага ўзроўню.

“Поспех даўся нялёгка: выніку можна дабіцца, калі дзецям удзяляеш шмат часу, іншы раз забываючы пра свае інтарэсы. Але затое потым, гледзячы на сваіх навучэнцаў, можаш з упэўненасцю сказаць: гэта таго варта. Час ідзе, мяняецца свет, уцягваючы ў сваё цячэнне ўсё, што ў ім існуе. Штосьці знікае назаўсёды як незапатрабаванае, штосьці новае з’яўляецца. Што б мы ні планавалі, пра якую будучыню ні марылі б, чым бы яе ні напаўнялі, галоўнае ў ёй — дзеці”, — лічыць таленавіты педагог.

З упэўненасцю можна сказаць, што Андрэй Айвавіч Трэй — сапраўдны Настаўнік, творчы, ініцыятыўны, які любіць не толькі свой прадмет, але і прафесію, а самае галоўнае, дзяцей.