Развіваць дзіцячае маўленне праз далучэнне да мастацкага слова

- 17:33Магілёў

ДРАЗДОВА Таццяна Валянцінаўна,
выхавальніца дашкольнай адукацыі Лабанаўскага ясляў-сада — базавай школы Чэрыкаўскага раёна.

Скончыла МДУ імя А.А.Куляшова. Педагагічны стаж — 18 гадоў. Яе педагагічнае крэда: “Знайсці ў дзіцяці зерне творцы, якое трэба ўзгадаваць, аберагаць і пастаянна развіваць”.

Намінацыя “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”

У 2015 годзе Таццяне Валянцінаўне прысвоена званне “Лепшы па прафесіі”. Свой педагагічны вопыт Т.В.Драздова прысвяціла вывучэнню мастацкай літаратуры як сродку фарміравання звязнага маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту. Развіццё дзіцячага маўлення немагчыма без далучэння да мастацкага слова, лічыць Таццяна Валянцінаўна.

З мэтай развіцця творчых здольнасцей дашкольнікаў педагог шырока выкарыстоўвае такія формы работы, як тэатр лялек, настольны тэатр, гульні-драматызацыі, самастойнае складанне кніг. Пры гэтым Таццяна Валянцінаўна ўлічвае ўзрост дзяцей, іх веды. На занятках па развіцці маўлення выхавальнік прымяняе наступныя метады: уводную гутарку, стварэнне гульнявых сітуацый, назіранне за прадметамі і з’явамі рэчаіснасці, выкарыстанне наглядных сродкаў. Для больш выразнага чытання Таццяна Валянцінаўна выкарыстоўвае міміку і жэсты, а таксама магчымасці свайго голасу. Для развіцця навыкаў разумення зместу і паслядоўнасці эпізодаў твораў Т.В.Драздова практыкуе пераказ, драматызацыю, імітацыю.

Выхаванцы Таццяны Валянцінаўны валодаюць навыкамі дыялогу, умеюць уважліва слухаць, уступаць у дыялог, могуць абгрунтаваць свой адказ. Дзяцей варта пастаянна заахвочваць да зносін адно з адным. На занятках яны вучацца выбіраць змест, які перадаецца ў маўленні, падбіраць дакладныя словы для выказвання думкі, правільна выкарыстоўваць неабходныя для звязнага маўлення сродкі: інтанацыю, лагічны націск, розныя віды сувязі сказаў і частак тэксту. Вырашаць гэтыя задачы дапамагае работа з творамі мастацкай літаратуры. Для гэтага выхавальнікам быў распрацаваны перспектыўны план па азнаямленні з мастацкай літаратурай.

Так, асноўная форма работы — заняткі. Таццяна Валянцінаўна аддае перавагу мастацка-маўленчай дзейнасці. У навучанні яна імкнецца выкарыстоўваць такія метады і прыёмы, якія падабаюцца дзецям і з’яўляюцца эфектыўнымі: чытанне твораў, гутаркі на тэму мастацкіх твораў, разглядванне ілюстрацый і рэпрадукцый, пераказ мастацкіх твораў, праслухоўванне лепшых узораў слоўнага мастацтва ў грамзапісе, прагляд дыяфільмаў, драматызацыя і інсцэніраванне, прыдумванне казак, апавяданняў, загадак, рыфмаваных радкоў, гульні-драматызацыі, рухальныя імправізацыі.

Пры знаёмстве дзяцей з казкай педагог выкарыстоўвае не чытанне, а аповед. Гэта ўзмацняе эмацыянальнае ўздзеянне, што, у сваю чаргу, спрыяе лепшаму разуменню асноўнага сэнсу казкі. Калі выхавальнік глядзіць не ў кнігу, а на дзяцей, то нібы размаўляе з кожным з іх і такім чынам развівае ў выхаванцаў вельмі важнае ўменне слухаць і разумець маналагічную мову. Калі казка невялікая па змесце, то Таццяна Валянцінаўна расказвае яе два ці нават тры разы, часам паўтарае толькі самыя яркія часткі. Пасля расказвання яна прапаноўвае дзецям успомніць найбольш цікавыя моманты і паўтарыць іх словамі казкі.

Падчас расказвання казкі педагог выкарыстоўвае прыём інсцэніравання. Гэта выклікае ў дзяцей цікавасць да слухання твора, заахвочвае да паўтарэння асобных слоў, дапамагае развіццю дыялагічнага маўлення. Знаёмячы дзяцей з мастацкай літаратурай, Таццяна Валянцінаўна імкнецца да таго, каб словы, пачутыя на занятках, уваходзілі ў актыўны слоўнік выхаванцаў. Для гэтага выкарыстоўвае паўтарэнне слоў у разнастайных спалучэннях, што спрыяе фарміраванню ўмення дзяцей разумець словы, якія яны вымаўляюць, паказвае, як іх можна ўжываць у спалучэнні з іншымі словамі. Выхавальнік сочыць, каб, адказваючы на пытанні па змесце літаратурных твораў, дашкольнікі карысталіся словамі ў правільнай граматычнай форме. У канцы года пасля сістэматычных заняткаў дзеці малодшага ўзросту пераказваюць невялікія ўрыўкі з казак. Некаторыя выхаванцы добра запамінаюць казачныя выразы (“жылі-былі”, “вось і казцы канец” і інш.), стараюцца інтанацыйна падкрэсліць словы персанажаў, адказваюць на пытанні па змесце твора, спрабуюць разам з дарослым складаць кароткае апавяданне.

Развіваць звязнае маўленне сродкамі мастацкай літаратуры немагчыма без прывіцця любові да кнігі. Каб матываваць выхаванцаў на беражлівыя адносіны да кнігі, Т.В.Драздовай былі распрацаваны і праведзены заняткі “Шлях стварэння кнігі”, на якіх дзеці даведаліся, што для выдання адной кнігі неабходна праца многіх людзей. Адна справа — прачытаць кнігу, і зусім іншая — зрабіць яе самому. Створаныя дзецьмі старшага ўзросту кніжкі-малышкі складзены па творах дзіцячых пісьменнікаў, але ёсць і такія, якія дзеці прыдумвалі разам з бацькамі. Выхаванцы Таццяны Валянцінаўны вельмі любяць гульні-драматызацыі, інсцэніроўкі па сюжэтах народных казак, літаратурных твораў. Такая форма мастацка-маўленчай дзейнасці спрыяе развіццю маўлення дзяцей: яны чытаюць маналогі, дыялогі, стараюцца выразна перадаць вобраз (рухі, інтанацыю, міміку).

Таццяна Валянцінаўна разумее, што вельмі важна сёння навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, а таксама добра на ёй размаўляць. Узаемадзеянне выхавальніка з бацькамі па далучэнні дзяцей да роднай мовы падчас азнаямлення з мастацкай літаратурай садзейнічае развіццю звязнага маўлення дашкольнікаў. Так, у большасці выхавальнікаў Т.В.Драздовай узрасла цікавасць да роднай мовы, маўленчая актыўнасць, выпрацавалася ўменне слухаць педагога і аднагодак, сфарміраваліся ўяўленні аб разнастайнасці і жанравых асаблівасцях фальклорных і літаратурных твораў (казка, апавяданне, верш). У дзяцей назіраецца развітое дыялагічнае і маналагічнае маўленне на роднай мове, значна ўзбагаціўся слоўнікавы запас. Яны ўмеюць пераказваць казкі, апавяданні, чытаць на памяць вершы, інсцэніраваць творы і інш.

У верасні і маі 2016/2017 навучальнага года даследавалася развіццё звязнага маўлення дзяцей сярэдняга і старшага дашкольнага ўзросту (правяраліся навыкі пераказу, складання апавядання па сюжэтным малюнку, па серыі сюжэтных малюнкаў). Вынікі паказалі ўстойлівую дынаміку развіцця звязнага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту.