Дасягненні добрыя, але патэнцыял для пашырэння супрацоўніцтва не вычарпаны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць добрыя перспектывы для развіцця гандлю з Турцыяй. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі Біналі Йылдырымам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што патэнцыял беларуска-турэцкіх адносін выкарыстоўваецца не да канца. “Але той мільярд тавараабароту, які мы будзем мець у гэтым годзе, а можа, перасягнём яго, — гэта добрае дасягненне нашых краін”, — сказаў беларускі лідар.

“Мы ведаем, у чым мае патрэбу Турцыя, вы ведаеце, у чым мае патрэбу Беларусь. І гэты тавараабмен быў бы добрай падтрымкай для росту агульнага тавараабароту”, — дадаў прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць вырашэння шэрага пытанняў, перш за ўсё гандлёва-эканамічнага характару.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што выбранне Біналі Йылдырыма на пасаду старшыні турэцкага парламента сведчыць аб высокім узроўні даверу народа і кіраўніцтва Турцыі. “Мы вельмі ўважліва назіраем за вашай краінай. Тым больш што Турцыя апошнім часам становіцца цэнтрам прыцяжэння ўсіх сіл, асабліва ў сувязі з неспакойнай сітуацыяй у вашым рэгіёне. Нам вельмі імпануе ваша незалежная палітыка, пазіцыя, якую вы займаеце па глабальных пытаннях развіцця нашай планеты. У гэтым плане вы вельмі шмат чаго дабіліся”, — сказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Біналі Йылдырым перадаў добрыя пажаданні ў адрас Прэзідэнта Беларусі ад яго турэцкага калегі Рэджэпа Таіпа Эрдагана.