Давер, выпрабаваны часам

Чым жыве, якімі справамі, ініцыятывамі, карыснымі пачынаннямі адметны, якія праблемы вырашае Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі на Віцебшчыне? Пра гэта, а таксама пра перспектывы развіцця галіновага прафсаюза — у гутарцы з лідарам абласной арганізацыі Валерыем Віктаравічам Кунашкам.

— Найважнейшы знак даверу з боку работнікаў — іх удзел у прафсаюзнай арганізацыі. Вам давяраюць?

— Меркаваць лепш па фактах. Віцебская абласная арганізацыя прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца адной з найбуйнейшых у аб’яднанні прафсаюзаў Віцебшчыны і налічвае амаль 62 тысячы педагагічных работнікаў і 894 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. Гэта больш за 99 працэнтаў работнікаў адукацыі, навучэнцаў і студэнтаў рэгіёна — самы высокі паказчык сярод абласных арганізацый галіновага прафсаюза. У шэрагу раёнаў, такіх як Верхнядзвінскі, Віцебскі, Мёрскі, Пастаўскі, Расонскі, Шаркаўшчынскі і Чашніцкі, абсалютна ўсе работнікі сістэмы адукацыі ўваходзяц­ь у галіновы прафсаюз. Такі ж паказчык у пярвічных прафсаюзных арганізацыях работнікаў і навучэнцаў Аршанскага механіка-эканамічнага каледжа, Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага кале­джа, Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава, філіяла БДТУ “Полацкі дзяржаўны лясны каледж”, работнікаў Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, студэнтаў ВДУ імя П.М.Машэрава, навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 прыборабудавання.

— Наколькі дзейсныя гарантыі прадастаўляюць членам прафсаюза абласное пагадненне паміж галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама і абласной арганіза­цыяй галіновага прафсаюза, мясцовыя пагадненні і калектыўныя дагаворы?

— Абласное пагадненне ўяўляе сабой своеасаблівую “мясцовую Канстытуцыю” сістэмы адукацыі Віцебшчыны, якая ўключае ў сябе калектыўна-дагаворныя адносіны, накіраваныя на захаванне працоўных месцаў, павышэнне ўзроўню даходаў і матэрыяльнага дабрабыту работнікаў, устанаўленне сацыяльных гарантый, вышэйшых за ўзровень, вызначаны дзеючым заканадаўствам, генеральным і галіновым пагадненнямі. Мы як сацыяльныя партнёры разумеем, што калектыўны дагавор — не толькі частка сацыяльнага пакета, а ў першую чаргу сацыяльная адказнасць перад працоўным калектывам. Важна, што сацыяльнае партнёрства ў нашай галіне набыло рэальныя абрысы і з кожным годам напаўняецца ўсё больш глыбокім зместам. Так, усім работнікам устаноў і арганізацый адукацыі вобласці, з якімі заключаны кантракты, устаноўлена павышэнне тарыфнай стаўкі, акладу да 50 прыцэнтаў і прадастаўляецца дадатковы заахвочвальны водпуск з захаваннем заработнай платы ад 1 да 5 каляндарных дзён. Абмеркаванне ўмоў кантрактаў, што заключаюцца з работнікамі — членамі галіновага прафсаюза, право­дзіцца пры абавязковым удзеле прадстаўніка прафсаюзнай арганізацыі. За апошнія гады намецілася тэндэнцыя да павелічэння колькасці кантрактаў, заключаных на 4—5 гадоў, адпаведна паступова змяншаецца колькасць кароткатэрміновых гадавых кантрактаў. У плане заключэння кантрактаў на максімальны тэрмін варта адзначыць Гарадоцкі, Верхнядзвінскі, Расонскі, Пастаўскі, Талачынскі, Лепельскі, Глыбоцкі, Шаркаўшчынскі, Дубровенскі, Докшыцкі раёны, Кастрычніцкі раён Віцебска і Наваполацк. Разам з тым я далёкі ад таго, каб ідэалізаваць тое, што напрацавана, здабыта і робіцца ў сферы сацыяльнага партнёрства: многія моманты яшчэ патрабуюць увагі і канкрэтных дзеянняў. Неабходна, каб кожны калектыўны дагавор станавіўся добра прадуманым і збалансаваным планам сацыяльнага развіцця калектыву і дзейсным інструментам абароны правоў работнікаў.

— У сучасным грамадстве прафсаюзны актыў павінен добра арыентавацца ў прававым полі ўсіх пытанняў, якія закранаюць работу як прафсаюзнай арганізацыі, так і сістэмы адукацыі ў цэлым. Якія меры ў сувязі з гэтым прымаюцца?

— У аргструктуры абласной арганізацыі прафсаюза вучобе штатных работнікаў і прафсаюзных актывістаў удзяляецца вялікая ўвага. Намі распрацаваны дзясяткі метадычных рэкамендацый, рэгулярна ў перыядычным друку, галіновым выданні, інтэрнэт-рэсурсах публікуюцца матэрыялы, накіраваныя на павышэнне прававой дасведчанасці работнікаў і папулярызацыю прававых ведаў. У вобласці дзейнічае сістэма навучання прафсаюзных работнікаў і актыву як праз пастаянна дзеючыя, так і праз тэматычныя семінары. Навучанне арганізавана на базе РВМЦ прафсаюзаў, УА ФПБ “Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО”, Віцебскага вучэбна-метадычнага сектара РВМЦ прафсаюзаў. Акрамя таго, абласным камітэтам рэгулярна праводзяцца выязныя навучальныя семінары (семінары-нарады) у рэгіёнах. З асаблівай цеплынёй у сувязі з гэтым выказваю нашу ўдзячнасць самаму вопытнаму прафсаюзнаму актыву — ветэранам, якія шчодра дзеляцца з намі назапашанымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Актыўна супрацоўнічаюць маладзёжны савет, што ўзначальвае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў ПДУ Святлана Віктараўна Валочнік, і савет ветэранаў педагагічнай працы і галіновага прафсаюза пад кіраўніцтвам Надзеі Рыгораўны Іўлевай. Для моладзі работа з тымі, каго без перабольшання можна назваць жывымі легендамі рэгіянальнай сістэмы адукацыі і прафсаюзнага руху, — найлепшая школа. Ніколі не застаюцца ўбаку ад агульных спраў і мае калегі і папярэднікі — удзельніца Вялікай А­йчыннай вайны Марыя Кірылаўна Совіна, якая ўзначальвала абласную арганізацыю амаль 10 гадоў, Іван Антонавіч Шчурок, Аляксандр Іванавіч Сягоднік, Генадзь Данілавіч Ру­дзёнак. Да апошніх дзён жыцця быў поруч з намі Аляксандр Сяргеевіч Суханаў, якога нядаўна мы ўсёй педагагічнай грамадскасцю вобласці правялі ў апошні шлях. У кожнай установе адукацыі старшынямі прафкамаў створаны банкі даных ветэранаў педагагічнай працы. На сайтах райкамаў і Наваполацкага гаркама да 75-годдзя Вялікай Перамогі створана спецыяльная рубрыка “Нашы ветэраны”.

— Варта заўважыць актыўнасць абласной арганізацыі галіновага прафсаюза ў сацыяльных сетках. Чым яна абумоўлена?

— Прызнаюся, пэўны час назад я даволі скептычна ставіўся да эфектыўнасці і мэтазгоднасці гэтага напрамку дзейнасці. На шчасце, моладзь пераканала ў адваротным: трэба адпавядаць запытам часу. З красавіка 2019 года ў мэтах пазіцыянавання працы ФПБ, галіновага прафсаюза ў сацыяльных сетках у абласной арганізацыі створана група з ліку прафсаюзных актывістаў для работы ў сацыяльных сетках Facebook, “УКантакце”, “Аднакласнікі”, Instagram, Twitter, якая сёння налічвае амаль 4,5 тысячы падпісчыкаў, што дазволіла актывізаваць інфармацыйную працу нашай арганізацыі. Члены прафсаюза рэгулярна інфармуюцца аб дзеяннях вышэйстаячых прафсаюзных органаў па забеспячэнні правоў і інтарэсаў работнікаў, нарматыўных прававых актах, якія рэгламентуюць дзейнасць прафсаюзаў і галіны ў цэлым.

— Галоўны прыярытэт абласной арганізацыі галіновага прафсаюза — гэта…

— “Будучыня чалавецтва будзе такой, якой яе сфарміруе настаўнік”, — сказаў Рэ­дзьярд Кіплінг. Амаль стагоддзе прайшло з той пары, але яго словы па-ранейшаму застаюцца актуальнымі. На педагога сучаснае беларускае грамадства ўскладае не толькі задачы па навучанні падрастаючага пакалення, але і сур’ёзныя пытанні маральнага выхавання мола­дзі, працы з сям’ёй, соцыумам. А гэта велізарная адказнасць за будучыню нашай краіны.

Вось чаму цэнтральным звяном у дзейнасці галіновага прафсаюза заўсёды быў, ёсць і будзе педагог. Павышаць прэстыж і значнасць гэтай прафесіі, прыцягваць увагу да многіх важных пытанняў і праблем, якія з’яўляюцца вызначальнымі ў сферы працы, — гэтыя напрамкі і надалей павінны застацца прыя­рытэтнымі ў нашай дзейнасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з архіва Валерыя Кунашкі.

Падрабязней на партале ng-press.by