Дэкан гістарычнага факультэта БДУ: «Мы павінны ведаць гісторыю, бо яна карае тых, хто яе не вывучае»

- 15:21Актуально, Образование

Беларусь, бадай, адзіная краіна, дзе адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дзякуючы ёй, наш народ стварыў нацыянальную дзяржаву на савецкай аснове са сваім эканамічным і інтэлектуальным патэнцыялам, збярог і ўзбагаціў нацыянальную культуру. Чаму гэтае свята па сённяшні дзень актуальнае для нас, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» абмяркоўвае з дэканам гістарычнага факультэта БДУ Аляксандрам Каханоўскім.

— Аляксандр Генадзьевіч, на жаль, многія не ведаюць, чаму 7 лістапада — святочны дзень. Давайце нагадаем і паразважаем, ці не змяніліся адносіны да падзей 1917 года?

— 7 лістапада адзначаецца гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Гэты дзень быў дзяржаўным святам яшчэ ў СССР. Аднак пасля 1991 года большасць былых савецкіх рэспублік, якія сталі незалежнымі дзяржавамі, адмовіліся ад святкавання гэтай даты.

Сёння ў шэрагу краін гучаць розныя меркаванні пры ацэнцы падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак нельга адмаўляць таго, што яна стала паваротнай, змяніўшы ход многіх палітычных працэсаў, асабліва ў краінах у межах былой Расійскай імперыі. Да ўлады прыйшла партыя бальшавікоў, узяўшы палітычную адказнасць за лёс краіны. Ацэньваць рэвалюцыйныя змяненні можна толькі ў адпаведнасці з тым, што адбывалася крыху раней. Бо на пустым месцы, без адпаведных перадумоў, рэвалюцыю зрабіць немагчыма. Безумоўна, гэтым падзеям папярэднічалі многія трансфармацыйныя змяненні ў грамадстве напярэдадні Першай сусветнай вайны. Яны і прывялі да рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, агаліўшы многія сацыяльныя пытанні.

Увогуле, мала хто ўзгадвае, што і Першую сусветную вайну таксама называлі вялікай. Ступень яе ахопу і тыя ўплывы, якія яна аказала, вельмі значныя. Бо, напрыклад, Беларусь была падзелена на часткі, пачалася чарада ваенна-палітычных канфліктаў. У той жа час адно з наступстваў усіх тых падзей — стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці, што і стала папярэднікам Рэспублікі Беларусь.

Расказаць пра ўсе тыя падзеі ў межах аднаго інтэрв’ю немагчыма. Гэта прадмет для вывучэння многімі гісторыкамі. На жаль, у савецкі час гэтым падзеям больш увагі надавалі, перш за ўсё з пункту гледжання адной парадыгмы, якая дамініравала ў краіне ў той час. Аднак як бы мы ні глядзелі, ёсць падзеі дастаткова знакавыя і паваротныя ў гісторыі краіны. Гэтага адмаўляць нельга. Мы можам толькі вывучаць прычыны, што прывялі да падзей, якія ўвасабляюць нашу святочную дату — 7 лістапада.

— Беларусь, бадай, адзіная краіна, дзе адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Чаму гэтае свята па сённяшні дзень актуальнае для нас?

— У нас вельмі паважаюць гісторыю. Я сказаў бы, што гэта звязана не толькі з дзяржаўнай палітыкай, але і з нашым менталітэтам. Памяць такіх дат дае магчымасць задумацца аб уроках гісторыі і аб тым, што нам разам трэба зрабіць у будучыні для стабільнасці і росквіту ўсёй Беларусі.

— Наколькі важна ўсё ж даносіць да нашай моладзі сэнс і каштоўнасць гэтага гістарычнага перыяду?

Мы павінны ведаць і разумець гісторыю, бо яна карае тых, хто яе не вывучае. Зразумела, што і моладзі мы павінны даваць веды на ўзроўні навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, дакументальных фільмаў. Цяпер мы шмат увагі ўдзяляем падзеям Другой сусветнай вайны, і гэта вельмі правільна. Калі чытаю студэнтам курс “Гісторыя Беларусі”, мяне заўсёды не пакідае думка: “Чаму мы не пазіцыянуем перыяд Першай сусветнай вайны, уклад і трагізм беларускага народа ў яе час? Што і чаму тады адбылося, якія гэта мела наступствы, як усё гэта паўплывала на свядо­масць людзей, а пасля і на станаўленне беларускай нацыі?” Мы павіны ў сувязі з гэтым памятаць пра ўсе ваенна-палітычныя падзеі, грамадзянскія і сацыяльныя працэсы, таму што грамадс­тва — гэта цэлая сістэма.

Дарэчы, падзеі Першай сусветнай вайны звязаны з бежанцамі, якія сталі трыгерам многіх працэсаў, у тым ліку і тых, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх было шмат маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў, і менавіта яны ў многім вызначалі лёс краіны. Зноў паўстае пытанне: што мы ведаем пра маладзёжную субкультуру таго часу?.. Нічога. Над гэтым яшчэ трэба працаваць вучоным-гісторыкам. Таму ёсць дзень, ёсць свята, ёсць падзеі, якія сапраўды нельга адмаўляць, ёсць агульнае ўяўленне, але варта глыбей ацаніць усё тое, што папярэднічала рэвалюцыі і да чаго гэта нас пры­вяло.

— А вы не прапаноўвалі студэнтам, універсітэцкім вучоным заняцца гэтай тэмай?

— Займаюцца і абараняюцца дысертацыі, кандыдацкія і доктарскія, публікуюцца артыкулы і манаграфіі, у тым ліку і аб ваенных падзеях тых часоў. У цэлым уяўленне ёсць, але далейшае вывучэнне патрабуе карпатлівай працы ў архівах, у тым ліку ў Расіі, дзе яшчэ ёсць шмат матэрыялаў. У Беларусі архіўныя матэрыялы, думаю, шмат у чым ужо даследаваны. Вельмі многае ро­біць і наш Нацыянальны архіў у плане публікацыі дакументаў па розных тэмах. Яны дзейнічаюць у супрацоўніцтве і з нашым універсітэтам, і з НАН Беларусі, і з расійскімі калегамі.

— Наша краіна ў цэлым вельмі шмат увагі ўдзяляе захаванню гістарычнай праўды. Першы ўпор робіцца на па­дзеі ВАВ, другі — на аб’яднанне Беларусі, у нас нават з’явілася новае свята — Дзень народнага адзінства. Гэта сведчанне таго, што беларусы накіраваны на перадачу гістарычнай праўды з пакалення ў пакаленне. На вашу думку, як лепш даносіць яе да нашай навучэнскай моладзі?

— Я ўважліва праглядаў школьныя падручнікі, там амаль усё выкладаецца правільна. Проста ў рамках школьнай праграмы цяжка поўна адлюстраваць усе этапы нашай гісторыі. Аднак можна ў час пазаўрочнай работы больш глыбока закрануць гэтыя пытанні, далучыць школьнікаў да пошукавай дзейнасці. Зразумела, тут адзі­ны працэс: навуковыя даследаванні трэба ўкараняць у вучэбны працэс у вышэйшай школе, і паралельна варта ствараць матэрыялы, дапаможнікі для агульнаадукацыйнай школы. Сёння больш канкрэтызаваны і ўдасканалены новыя гістарычныя веды, да таго ж ідзе ўдакладненне некаторых аспектаў з пункту гледжання нашай нацыянальнай дзяржаўнай парадыгмы бачання. Таму і ўзнікае неабходнасць у абнаўленні падручнікаў, але не трэба блы­таць з перапісваннем.

Ведаеце, калі я чытаю студэнтам курс гісторыі Беларусі ХІХ стагоддзя, то, расказваючы пра вядомых навукоўцаў Гуга Калантая і Фадзея Чацкага, з якімі звязва­юць пачатак дзейнасці Віленскай вучэбнай акругі ў Расійскай імперыі, гавару, што пры ўсім тым яны не дапускалі думкі аб асобным існаванні беларусаў, бо былі польс­кімі патрыётамі. Неяк мы з калегамі абмяркоўвалі, што тая ж эдукацыйная камісія ў Рэчы Паспалітай — перадавыя рэформы сістэмы адукацыі — была накіравана на яе ўніфікацыю, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, выключна ў мэтах паланізацыі. Вось гэтыя моманты мы, напэўна, павінны паказ­ваць і акцэнт рабіць свой, дзяржаўны, перадаваць нацыянальнае бачанне гісторыі. Аднак школьнікам гэта ўсё няпрос­та паказаць, бо гэта дастаткова складаныя працэсы нават для даследчыкаў, якія спрачаюцца паміж сабой і часам не прыходзяць да адзі­най думкі. А ў школу, я перакананы, павінны прыходзіць дакладныя і несупярэчлівыя веды, якія нас бу­дуць аб’ядноўваць. Нездарма з’явіўся і Дзень народнага адзінства. Падрастаючаму пакаленню мы павінны паказваць карціну свету, якая будзе нас збліжаць, паважаючы пры гэтым суседзяў.

Каля 70% нашых выпускнікоў, якія размярковаюцца, ідуць у сістэму адукацыі. Кожны год павялічваецца колькасць студэнтаў, першапачаткова арыентаваных на школу.

— Студэнты гістарычнага факультэта заўсёды імкнуцца да праўды і новых фактаў. У БДУ актыўна вядуцца археа­лагічныя раскопкі. Якія гістарычныя напрамкі самыя запатрабаваныя ў вашых навучэнцаў?

— Нашы студэнты розныя па характары і інтарэсах. Камусьці больш падабаецца археалогія, нехта аддае перавагу архіўнай пошукавай рабоце, іншыя — турызму і музейнай справе. Нават троечнік крыўдуе, калі яму не даюць магчымасці займацца навуковай работай, кожны хоча мець магчы­масць рэалізаваць сябе, і гэтае імкненне трэба паважаць і падтрымліваць. Студэнтам неабходна адчуваць сябе запатрабаванымі. Канечне, іх трэба накіроўваць, і колькі сустракаюся з імі, то ўсё больш пераконваюся, што самая эфектыўная форма работы — сумесная навуковая канферэнцыя выкладчыкаў і студэнтаў. Бо падчас работы з моладдзю можа нарадзіцца новая думка, напрамак, праект — гэта заўсёды цікава і карысна.

Зразумела, што мы павінны ўлічваць запыты нашых патэнцыяльных заказчыкаў кадраў, але тым не менш мы імкнёмся ўліч­ваць і інтарэсы студэнтаў. Я, напрыклад, сваіх аспірантаў апошнім часам пачаў больш нацэльваць на даследаванне пасляваеннага перыяду гісторыі Беларусі. Ёсць і тыя, хто па-ранейшаму цікавіцца старажытнасцю, Сярэднявеччам, новым часам. Нашы рэгіёназнаўцы ў цэлым накіраваны на вывучэнне замежных рэгіёнаў, краін Новага шаўковага шляху або Блізкага Усходу, Афрыкі. Гістарычны факультэт вельмі шматгранны, мы ахопліваем увесь спектр гістарычных ведаў.

— Аляксандр Генадзьевіч, калі падагульніць, наколькі важна захаванне гістарычнай памяці?

— Захаванне гістарычнай памяці ро­біць нас адзіным народам, нацыяй. Мы можам гаварыць пра фарміраванне ідэалогіі краіны, яе інфармацыйную бяспеку, але без экскурсу ў гісторыю нам не абысціся. Гісторыя важная не толькі з нацыянальнай дзяржаўнай пазіцыі, яна важная і з пазіцыі агульнай культуры кожнага чалавека. Па сваім вопыце магу сказаць, калі ты не шануеш сваю гісторыю, недастаткова ведаеш і не можаш расказаць пра сваю краіну і яе культуру, то да цябе і свае, і замежныя калегі будуць ставіцца даволі скептычна. Гісторыя — гэта частка нашага жыцця, частка кожнага чалавека, якая дапамагае яму рухацца наперад.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА