Для папулярызацыі навукі ў вачах моладзі

- 15:16Навіны рэгіёнаў

Сапраўдным цэнтрам навуковай думкі стаў нядаўна Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. На працягу трох дзён тут праходзіў чарговы фестываль навукі.

У БРУ даўно плённа займаюцца навуковай дзейнасцю, удзяляюць вялікую ўвагу яе папулярызацыі. Менавіта на стымуляванне цікавасці, прыцягненне да навукі і даследаванняў моладзі і накіраваны фестываль, які кіраўніцтва УВА пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама арганізоўвае ўжо трэці раз.

Сёлетні форум навукі сабраў разам каля дзвюх тысяч маладых навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Чэхіі, Таджыкістана, Узбекістана і Ірана. Адметна, што ўдзельнікам традыцыйнага фэсту мог стаць любы жадаючы. Свае здольнасці ў шматлікіх мерапрыемствах дэманстравалі дашкольнікі, вучні школ, ліцэяў, каледжаў, студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Праявіць сябе на фестывалі навукі мог кожны. Так, яшчэ да афіцыйнага адкрыцця маладыя навукоўцы і пачынаючыя даследчыкі мелі магчымасць прэзентаваць свае напрацоўкі на маштабнай выставе “Навука ўчора і сёння”. І трэба адзначыць, што ініцыятыўная моладзь прадставіла мноства цікавых ідэй.

Напрыклад, студэнт БРУ Аляксандр Юшкевіч распрацаваў спецыяльны дыскавы тармазны механізм. Перавага механізма перад аналагамі ў яго адноснай закрытасці, якая не дазваляе трапіць на канструкцыю знешнім забруджвальнікам. Да таго ж распрацоўка цалкам механічная, што робіць яе простай у вытворчасці і эксплуатацыі. Плюсы такога тармазнога механізма ўжо ацанілі на машынабудаўнічых заводах Карэі і беларускім БелАЗе.

Наогул, прадстаўнікі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта дэманстравалі шмат перспектыўных распрацовак. Нават для арганізацыі вучэбнага працэсу выкладчыкі і студэнты ствараюць абсталяванне сваімі рукамі. Па словах загадчыка кафедры “Тэхналогія машынабудавання” Уладзіміра Шамянкова, яны аднаўляюць і даюць новае жыццё некалі спісаным робатам, збіраюць з разрозненых деталей мехатронныя прылады і станкі. Праца ў такім напрамку вельмі цікавіць сучасную моладзь, таму ўжо сёлета ва ўніверсітэце плануюць адкрыць набор на новую спецыяльнасць “Мехатроніка і робататэхніка”, бо цяпер у БРУ ёсць усё неабходнае абсталяванне для навучання па такой прафесіі.

Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выставы выклікалі праекты навучэнцаў ліцэя БРУ Станіслава Фёдарава і Яўгена Амельчанкі. Юнакі прапаноўвалі вельмі слушныя ідэі па выкарыстанні энергіі, якія могуць прымяняцца ў розных сферах. Прыцягвалі ўвагу і стэнды Магілёўскага ўніверсітэта харчавання. Прадстаўнікі гэтай УВА пастаянна працуюць над распрацоўкай новых рэцэптур для харчовай прамысловасці. Адметнасць усіх распрацовак — у вытворчасці на натуральнай аснове з выкарыстаннем у асноўным айчыннай сыравіны. Многія надоўга затрымліваліся таксама каля стэнда аддзела тэхнічнай творчасці абласнога цэнтра творчасці. У экспазіцыі былі прадстаўлены работы навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка”, якія сталі самымі юнымі ўдзельнікамі выставы.

Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю навукі неаднаразова гаварылася пра тое, наколькі важна ствараць для моладзі ўмовы для самарэалізацыі.

— Поспеху ў навуцы дасягае той, хто пастаянна вучыцца, умее карыстацца сваімі ведамі, нестандартна думаць у новым рэчышчы. На фестывалі навукі мы пастараліся прадаставіць моладзі рознабаковыя магчымасці для самавыяўлення. Праграма арганізавана максімальна насычана, цікава і карысна, — адзначыў рэктар універсітэта Ігар Сазонаў.

У рамках фестывалю сапраўды было прадугледжана шмат мерапрыемстваў. Удзельнікі запрашаліся да ўдзелу ў адкрытай міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы, рэгіянальнай алімпіядзе па праграмаванні, канферэнцыі навуковых работ “Гульні розуму”, конкурсе малюнкаў, вучэбных і навуковых фільмаў “Фізіканскія львы”, прэзентацый “Навука і яе творцы”, інтэлектуальным чэмпіянаце “Свая гульня”. Усе жадаючыя маглі прадставіць свае работы на выставе навукова-тэхнічнай творчасці “Тэхнахіт”. Акрамя таго, былі арганізаваны круглыя сталы для моладзі, лекцыі ад перадавых беларускіх і замежных навукоўцаў.
Шырокія магчымасці для самапрэзентацыі ўдзельнікі мерапрыемства выкарысталі ў поўнай меры. У дзень закрыцця фестывалю каля 100 ганаровых прызавых дыпломаў знайшлі сваіх уладальнікаў. Але і іншыя ўдзельнікі не засталіся без увагі. Педагогі і іх вучні атрымалі падзячныя лісты, спецыяльныя сертыфікаты. Ніхто не пакінуў форум з пустымі рукамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.