Для развіцця краіны

- 9:40Насустрач рэферэндуму

Дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з удзелам прадстаўнікоў працоўных калектываў, навучэнскай і студэнцкай моладзі праходзяць ва ўстановах адукацыі Віцебскай вобласці ўсіх узроўняў.

У ВДУ імя П.М.Машэрава галоўным экспертам сустрэчы выступіла старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч. Як адзначыла прафсаюзны лідар, практыка правядзення дыялогавых пляцовак пераканаўча сведчыць: моладзь таксама гатова ісці на рэферэндум.

— Відавочна, што ў пераважнай большасці яны ўжо гэты праект прапрацавалі або самі, або, магчыма, з педагогамі і юрыстамі, — падзялілася ўражаннямі Таццяна Якубовіч. — Несумненна, кожны грамадзянін павінен уносіць пасільны ўклад у развіццё нашай дзяржавы, а ў назначаны дзень рэферэндуму прыняць актыўны ўдзел ва ўсенародным галасаванні. Маладое пакаленне выразна ўсведамляе: паспяховае развіццё краіны магчыма толькі на моцным падмурку — Канстытуцыі, якая адпавядае патрабаванням сучаснага грамадства. Такое неабыякавае стаўленне, актыўная жыццёвая пазіцыя юнакоў і дзяўчат вельмі радуюць, бо насамрэч па абноўленым Асноўным законе ім давя­дзецца жыць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена медыяцэнтрам ВДУ імя П.М.Машэрава https://vsu.by/.

Таццяна ШЭСТАК,
начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама:

— На дыялогавых пляцоўках ва ўстановах адукацыі Баранавіч педагогі не толькі актыўна абмяркоўваюць праект дапаўненняў і змяненняў у Асноўны закон краіны, але і выказваюць неабыякавасць і адказнасць за будучыню грамадства, найперш нашых дзяцей.

Перспектывы далейшага развіцця — не пафасны набор слоў. За імі — упэўненасць у заўтрашнім дні, стабільнасць, гарантаваная ўзважаным падыходам і стратэгічнымі прынцыпамі, якія ляжаць у аснове новаўвядзенняў.

Права на дастойную адукацыю, замацаванае ў праекце Канстытуцыі, адкрывае перад моладдзю шырокія магчымасці для паўнацэннай самарэалізацыі пры безумоўнай падтрымцы дзяржавы. А сацыяльная адказнасць, звязаная з захаваннем гістарычнай праўды і памяці, традыцыйных каштоўнасцей, несумненна, будзе садзейнічаць развіццю ў школьнікаў і студэнтаў грамадзянскага доўгу, выхоўваць патрыётаў Айчыны, дастойных пераемнікаў папярэдніх пакаленняў.

Людміла СТОНЬКА,
начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама:

— Педагагічная гра­мадскасць Стаўбцоўшчыны прымае актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Беларусі.

У сярэдняй школе № 3 Стоўбцаў прайшла дыялогавая пляцоўка, у якой прынялі ўдзел больш за 80 педагогаў, а таксама начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Башко. У сярэдняй школе № 4 спікерамі выступілі палітолаг, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыя­логіі НАН Беларусі Мікалай Шчокін, палітык, дырэктар інфармацыйна-ана­літычнай установы “Круглы стол дэмакратычных сіл”, член Канстытуцыйнай камісіі Юрый Васкрасенскі, старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніс Калясень.

Удзельнікі дыялогавых пляцовак змаглі абмяняцца думкамі па значных пытаннях: тэрміне прэзідэнцтва, змяненні статусу Усебеларускага народнага сходу, грамадзянска-патрыятычным выхаванні, захаванні гістарычнай памяці і інш. Як кіраўнік я хачу адзна­чыць, што магчы­масць кожнаму прыняць удзел у абмеркаванні праекта Канстытуцыі і галасаванні за яго — важны паказчык дэмакратычнага ладу нашай краіны.

У артыкуле 32 адзначана, што шлюб як саюз жанчыны і мужчыны, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Як педагог адназначна хачу пагадзіцца: шлюб — гэта выключна саюз жанчыны і мужчыны, па-іншаму быць не можа. Толькі захаваўшы традыцыйную сям’ю, выхоўваючы маладое пакаленне на каштоўнасцях і традыцыях беларускага народа, мы можам выра­шыць дэмаграфічную праблему, не страціць сваіх традыцый, сваёй культуры.

У артыкуле 45 гаворыцца, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Думаю, гэта вельмі правільная пазіцыя. Мы, педагогі, ведаем, якая велізарная прафілактычная работа, накіраваная на фарміраванне ў падрастаючага пакалення навыкаў здаровага ладу жыцця, вядзецца штодня з дзецьмі. Прыйшоў час кожнаму грамадзяніну, нават самаму маленькаму, усвядоміць адказнасць за сваё здароўе. І для гэтага створаны ўсе ўмовы: працуюць спартыўныя цэнтры, басейны, розныя клубы і секцыі, добраўпарадкаваны паркі і скверы.

Асобна хочацца спыніцца на новым пункце з артыкула 15, дзе ідзе гаворка аб захаванні гістарычнай памяці. Чым даўжэй мы будзем памятаць пра подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, тым мацнейшым будзе дух патрыятызму ў падрастаючага пакалення.

З прыняццем абноўленай Канстытуцыі педагогі яшчэ больш актыўна будуць весці работу па захаванні гістарычнай памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Важна не дапускаць скажэнняў у гісторыі аб Другой сусветнай вайне, прыніжэння ролі савецкага салдата і партызана ў разгроме гітлераўскіх захопнікаў. Неабходна пазбегнуць разрыву пакаленняў. Гэтаму, на маю думку, паспрыяе актывізацыя края­знаўчай і пошукава-даследчай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, што вельмі актуальна ў Год гістарычнай памяці.