Для старшакласнікаў пашырыцца спіс факультатыўных заняткаў

- 11:04Актуально, Образование

У навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з’явіцца магчымасць асвойваць новыя факультатывы. Вучэбныя праграмы па іх для 8—10 класаў зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі № 309, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты»

Праграмы распрацаваны для факультатываў: «У свеце архітэктуры і дызайну: выбіраем прафесію», «Асновы інжынерна-тэхнічнай творчасці», «Займальная робататэхніка», «Асновы рацыянальнага прыродакарыстання і аховы прыродных рэсурсаў», «Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі: ад гульні да прафесіі».

Факультатыўныя заняткі «У свеце архітэктуры і дызайну: выбіраем прафесію» накіраваны на развіццё тэхналагічнага мыслення, авалоданне базавымі тэхналагічнымі кампетэнцыямі, асновамі тэхнаэтыкі і эстэтыкі, азнаямленне з сучасным узроўнем тэхналогій і са зместам прафесійнай дзейнасці ў сферы архітэктуры і дызайну. Навучэнцы будуць ведаць асноўныя тэрміны і паняцці ў галіне архітэктуры і дызайну, віды дзейнасці ў іх, асноўныя помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі, метады і тэхнічныя прыёмы архітэктурнага макетавання, камп’ютарныя метады візуалізацыі архітэктурных і архітэктурна-дызайнерскіх аб’ектаў, ключавыя канцэпцыі 2D- і 3D-праектавання. Яны навучацца мадэляваць і макетаваць архітэктурна-дызайнерскія аб’екты, выкарыстоўваць колер у праектаванні і дызайне архітэктурнага асяроддзя, абгрунтоўваць каларыстычнае рашэнне, выкарыстоўваць графічныя рэдактары і камп’ютарныя праграмы для распрацоўкі дызайн-праектаў і інш.

На факультатыве «Асновы інжынерна-тэхнічнай творчасці» школьнікаў навучаць апісваць і характарызаваць канструктыўныя асаблівасці аўтамабіляў, вызначаць асаблівасці функцыянавання бензінавага, дызельнага рухавікоў унутранага згарання, электрарухавіка, адрозніваць віды лазера, праводзіць гравіроўку на розных матэрыялах, канструяваць розныя мадэлі ўстановак для атрымання энергіі з узнаўляльных крыніц, атрымліваць нанаструктуры хімічнымі метадамі і аналізаваць атрыманыя вынікі, працаваць з макетнай платай, мікракантролерам, блокам харчавання.

Вызначаць па знешніх прыметах мінералы і горныя пароды, рэшткі выкапняў, карыстацца геалагічнымі картамі, будаваць геалагічныя разрэзы, вызначаць фізічныя ўласцівасці мінералаў і горных парод, вырошчваць крышталі, вызначаць іх будову і ўласцівасці, працаваць з прыборамі і абсталяваннем, прызначанымі для маніторынгу стану навакольнага асяроддзя і ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, навучаць прыхільнікаў геаграфіі на факультатыве «Асновы рацыянальнага прыродакарыстання і аховы прыродных рэсурсаў». Старшакласнікі даведаюцца, як падрыхтоўваць асяроддзе для пасеву, праводзіць мікраскапіраванне мікраарганізмаў і раслінных аб’ектаў, выкарыстоўваць кантрольна-вымяральныя прыборы для кантролю якасці вады.

 Прыйдзецца даспадобы школьнікам і факультатыў «Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі: ад гульні да прафесіі». Навучэнцы азнаёмяцца з магчымасцямі і элементам мовы разметкі HTML, асноўнымі CSS-уласцівасцямі, што выкарыстоўваюцца пры стылізацыі вэб-старонак, відамі інфармацыі і метадамі яе абароны, тапалогіяй інфармацыйных сетак пры выкарыстанні розных відаў сеткавага абсталявання і інш. Яны будуць умець, напрыклад: ствараць вэб-старонкі, вырашаць лагічныя задачы, звязаныя з распрацоўкай архітэктуры вэб-старонкі, планаваць і ажыццяўляць праектаванне, праграмнае мадэляванне аб’ектаў віртуальнай і дапоўненай рэальнасці з улікам асноўных патрабаванняў па іх прадстаўленні, аналізаваць перадачу даных у лакальных сетках, вызначаць мэты і задачы, якія вырашаюцца ў межах процідзеяння сеткавым кібератакам.

Яшчэ адзін факультатыў аматарам інфармацыйных тэхналогій —  «Займальная робататэхніка». На ім навучэнцы даведаюцца аб асноўных метадах і спосабах канструявання механізмаў аўтаматычных прылад, прынцыпах кіравання перыферыйнымі прыладамі камп’ютара, мікракантролера, фізічных асновах электронікі, механікі, схематэхнікі, структуры мікракантролераў і крытэрыях настройкі апаратных блокаў мікракантролера і г. д. Школьнікі змогуць, у прыватнасці, вырашаць тыпавыя задачы па электроніцы і схематэхніцы, распрацоўваць алгарытмы кіруючых праграм, ствараць 3D-мадэлі робататэхнічных прылад і дэталей элементаў канструкцыі, чарцяжы на іх аснове, праграмаваць мікракантролеры ў праграмным асяроддзі Arduino IDE.

Як пракаменціравалі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, праграмы факультатыўных заняткаў распрацаваны для стварэння ўмоў для сучаснага практыка-арыентаванага навучання, актывізацыі інтэлектуальнай і творчай дзейнасці вучняў, накіраванай на засваенне і прымяненне інавацыйных ведаў і тэхналогій, і прызначаны для правядзення заняткаў з высокаматываванымі, адоранымі і таленавітымі навучэнцамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара